Logo Polskiego Radia
Print

Польшча вяртаецца на Паўднёвы Каўказ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.06.2017 15:30
  • Польшча-Каўказ.mp3
У польскую сталіцу з афіцыйным візытам прыбыў азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў.
Foto: PAP/Marcin Obara

У часы прэзыдэнта Леха Качыньскага Польшча вяла актыўную палітыку супрацоўніцтва з краінамі Паўднёвага Каўказу. Так, былы прэзыдэнт падтрымаў Грузію падчас кароткай вайны з Расеяй. Аднк потым у Варшаве забылі пра рэгіён. Цяпер зноў польскія палітыкі кіруюць позіркі ў бок Паўднёвага Каўказу.

Нядаўна адбыўся візыт прэзыдэнта Польшчы ў Грузію. Бакі дамовіліся пра актывізацыю супрацы. Цяпер Варшава інтэнсыфікуе кантакты з суседнім Азэрбайджанам. У польскую сталіцу з афіцыйным візытам прыбыў азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў. Афіцыйная частка візыту пачалася цырымоніяй прывітаньня ў дворыку прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве.

Гэта першы візыт азэрбайджанскага кіраўніка ў Польшчу за апошнія амаль 10 гадоў. Апошні раз Ільхам Аліеў гасьціў у польскай сталіцы ў 2008-м годзе. Гэты прыезд Варшава хоча выкарыстаць для рэалізацыі свайго пляну – дыпляматычнага вяртаньня на Каўказ. Пра гэта распавёў Польскаму радыё кіраўнік палітычнага кабінэта прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі.

Кшыштаф Шчэрскі: Мы ставімся да гэтага візыту, як да нагоды вярнуцца да актыўнай палітыкі Польшчы ў паўднёва-каўкаскім рэгіёне. Нядаўна польскі прэзыдэнт быў з візытам у Грузіі. Цяпер другая каўкаская дзяржава, дзе мы вядзем дыялёг на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, каб Польшча вярнулася на Паўднёвы Каўказ – гэта даўні рэгіён нашай дыпляматычнай актыўнасьці. Для нас Азэрбайджан найбольш прыцягальны сваёй нафтай, таму эканамічны бок, энэргетыка – гэта галоўнае. Нам ідзецца пра тое, каб знайсьці раўнавагу паміж бясьпекай і рынкам.

Польскі й азэрбайджанскі прэзыдэнт падпісалі дэклярацыю, якая прадстаўляе крокі ў бок дасягненьня стратэгічнага партнэрства паміж дзьвюмя краінамі. Таксама падпісаныя двухбаковыя дамовы пра супрацоўніцтва ў галіне абароны, энэргетыкі, транспарту. Прэзыдэнты выказалі спадзяваньне, што пачнецца разьвіцьцё двухбаковых адносін. Падрабязнасьці з прэзыдэнцкага палацу перадае карэспандэнтка Польскага радыё Сыльвія Бялэк.

Сыльвія Бялэк: Польскі прэзыдэнт заявіў, што патэнцыял супрацоўніцтва паміж дзьвюмя краінамі вялікі, а гандлёвы абмен не адпавядае гэтым магчымасьцям. Таксама выказаў спадзяваньне, што падпісаныя сёньня дамовы ажывяць эканамічныя стасункі паміж краінамі. Азэрбайджанскі прэзыдэнт казаў пра супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі, паўднёвы транспартны калідор, які спалучыць Азэрбайджан з эўрапейскімі краінамі. Ён выказаў спадзяваньне, што ўжо праз год будуць рэалізаваныя першыя праекты. У 2020 г. супраца выйдзе на поўную магутнасьць. Азэрбайджанскі бок запрасіў польскага прэзыдэнта наведаць Баку. У сваю чаргу Варшава падзякавала за падтрымку польскай кандыдатуры на часовага чальца Рады бясьпекі ААН.

Варшава лічыць, што Польшча й Азэрбайджан маюць вялізарны эканамічны патэнцыял, які зусім ня выкарыстаны. Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда бачыць у гэтым шанец на рэалізацыю сумесных ініцыятыў ды праектаў.

Анджэй Дуда: Эканамічны патэнцыял нашых дзьвюх краін вельмі істотны. Цяперашні гандлёвы абарот, які застаецца на ўзроўні 100 мільёнаў даляраў у год, далёка не адпавядае патэнцыйным магчымасьцям. Я рады, што мы падпісалі дакумэнт ды разам адкрываем польска-азэрбайджанскі эканамічны форум, то бок сустрэчу бізнэс-колаў нашых краін. Ёсьць шанец на рэалізацыю дзейнага чыгуначнага спалучэньня паміж Польшчай і Азэрбайджанам праз Грузію ды Ўкраіну.

У сваю чаргу азэрбайджанскі прэзыдэнт зазначыў, што Баку зацікаўлены пастаўкамі энэргасыравіны ў Польшчу, у першую чаргу нафты й газа ў рамках паўднёвага транспартнага калідора. Ідзецца пра ўзаемную карысьць на мільярды даляраў.

Ільхам Аліеў: Дадзены калідор дазволіць нам пастаўляць азэрбайджанскі газ у Эўропу. Агульная вартасьць праекту па пастаўках азэрбайджанскага газу ў Эўропу сягае 40 мільярдаў даляраў. Рэалізацыя праекту праходзіць пасьпяхова. Спадзяюся, што першая частка будзе завершаная ў 2020 годзе.

Важным элемэнтам візыту Ільхама Аліева ў Варшаву стаў удзел абодвух прэзыдэнтаў у адкрыцьці польска-азэрбайджанскага эканамічнага форума, на які прыляцела больш за 50 бізнэсоўцаў з Азэрбайджану. Чакаюцца новыя праекты ў сфэры эканамічнага супрацоўніцтва. Разам з тым за эканомікай бакі не забылі й пра пытаньні бясьпекі. Польскі бок заявіў, што выкарыстае сваю пазыцыю часовага чальца Рады бясьпекі ААН, каб спрыяць стабілізацыі сытуацыі на Каўказе, у першую чаргу вырашэньню замарожаных канфліктаў, як Нагорны Карабах.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт