Logo Polskiego Radia
Print

У Будславе адбыўся штогадовы фэст

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.07.2017 15:43
  • У Будславе адбыўся штогадовы фэст.mp3
Зьмешчаны ў драўляным касьцёле абраз з самага пачатку быў шанаваны простым людам, праславіўся цудамі і ласкамі.

У Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе адбыўся штогадовы фэст. Гэты храм займае цэнтральнае месца ў жыцьці Касьцёла ў Беларусі. Абраз Маці Божай Будслаўскай – апякункі Беларусі – як цудадзейны ўпершыню згадваецца ў 1617 годзе. Галоўная ўрачыстасьць там праходзіць 2 ліпеня, а фэст – у першую суботу ліпеня.

З гісторыі абраза

Паводле хронікі будслаўскага бэрнардынскага кляштара, абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будзе (сучасным Будславе) з 1613 г. У 1598 г. абраз быў падараваны менскаму ваяводу Яну Пацу, які вельмі шанаваў яго і заўсёды вазіў з сабою. Пасьля сьмерці Паца ў 1610 г. абраз застаўся ў яго капелана Ісака Салакая, пазьней у даўгінаўскага вікарыя. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацьвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама па просьбе айцоў, ахвяраваў абраз касьцёлу.

Зьмешчаны ў драўляным касьцёле абраз з самага пачатку быў шанаваны простым людам, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаныя прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі». Першы цуд зафіксаваны ў 1617 г. – вяртаньне зроку пяцігадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазьней стаў вядомым айцом кармэлітам.

У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай сьвятыняй, што выразна пацьвердзілася каранацыяй абраза, якая адбылася 2 ліпеня 1998 г. і была зьдзейсьнена кардыналам Казімірам Сьвёнткам. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.

Сам Бэрнардынскі касьцёл у Будславе – адзін з унікальных культавых комплексаў краіны. У капліцы св. Варвары, узьведзенай пры будаўніцтве храма ў 1643 годзе, захаваўся ўнікальны драўляны алтар. Улічваючы гісторыю і ролю храма ў жыцьці беларускіх каталікоў, Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касьцёлу ў Будславе тытул «базыліка малая».

Маецца на ўвазе ня тып архітэктурнай пабудовы, а асаблівая роля храма, што падкрэсьлівае яго вялікае значэньне для хрысьціянства. Пасьля катэдральных сабораў яны зьяўляюцца найважнейшымі храмамі ў сваіх эпархіях.

Сёньня будслаўскі касьцёл аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэньня. Плябанія, пабудаваная побач з ім у ХІХ ст., таксама прызнана помнікам дойлідзтва з рысамі эклектыкі.

Штогод да Будслаўскай Божай Маці прыяжджаюць і прыходзяць тысячы пілігрымаў.

ав/Вікіпэдыя/старонка санктуарыя ў Будславе

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт