Logo Polskiego Radia
Print

ЮНЭСКА ў Кракаве разважае пра Алепа

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.07.2017 15:29
  • 03-07-krakau-unesco-eter.mp3
Арганізацыя заяўляе, што міжнародная супольнасьць павінна ўратаваць сырыйскі горад Алепа.
Foto: PAP/Stanisław Rozpędzik

Польскі бок выказвае гатоўнасьць падзяліцца сваім досьведам адбудовы гістарычных помнікаў.

Кракаў на бліжэйшыя дні стаў сталіцай сусьветнай спадчыны. У горад прыехалі дэлегацыі са 150 краін на сэсію ЮНЭСКА, падчас якой будуць прынятыя каля 250 рашэньняў. Яны будуць тычыцца аховы сусьветнай спадчыны й унясеньня новых архітэктурных помнікаў у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Цяперашняя 41-ая сэсія камітэту Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА ўпершыню праходзіць у Польшчы. Афіцыйнае адкрыцьцё прэстыжнай міжнароднай сустрэчы прайшло на тэрыторыі каралеўскага замка на кракаўскім Вэвэлі. Больш падрабязна з Кракава перадае карэспандэнт Польскага радыё Павал Паўліца.

Павал Паўліца: У двары каралеўскага замку дэлегатаў прывітаў польскі прэзыдэнт. Лідар Польшчы падзякаваў за ўнясеньне Кракава ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, казаў пра тое, што цяпер міжнародную грамадзкасьць чакае адбудова Алепа ды распавёў пра польскі досьвед пры адбудове Варшавы пасьля Другой сусьветнай вайны. Перад міжнароднай грамадзкасьцю стаіць вялізарны выклік аховы, захаваньня ды адбудовы месцаў надзвычай важных для сусьветнай спадчыны. Сэсія праходзіць у Цэнтры кангрэсаў і будзе доўжыцца 10 дзён.

Дэлегатаў прывітаў асабіста прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён зазначыў, што камітэт ЮНЭСКА адыграў важную ролю ў захаваньні помнікаў Кракава ды ўсёй Польшчы.

Анджэй Дуда: Дзякуй за тое, што ЮНЭСКА занялася справай Кракава, дзякуючы высілкам гэтай арганізацыі горад сёньня захаваў сваю прыгажосьць. Таксама я хачу падзякаваць за тое, што ў Польшчы праходзіць 41-сэсія, яна ладзіцца на Вавэлі ў сымбалічным месцы, дзе выразна бачна дасягненьні польскай культуры. Наша гісторыя запісаная ў каменю архітэктуры была жорстка вырваная з кнігі нашай спадчыны, каб зьнішчыць польскую культуру і нашу спадчыну. Гэта той элемэнт, які дазваляе нацыі захавацца. Гэта была ўсеагульная нацыянальная акцыя, я бы сказаў, што адбудова Варшавы закранула ўвесь народ. Гэтая акцыя завяршылася посьпехам, яна была рэалізаваная.

Да дэлегатаў ЮНЭСКА зьвярнуўся таксама віцэ-прэм’ер і міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы прафэсар Пётр Гліньскі. Ён прывёў факт адбудовы варшаўскага Старога гораду, які быў цалкам зьнішчаны падчас вайны, як прыклад захаваньня, і падкрэсьліў, што Польшча імкнецца дзяліцца сваім досьведам дакумэнтаваньня зьнішчэньня, адбудовы й кансэрвацыі архітэктурных помнікаў.

Пётр Гліньскі: Сымбалем польскага шанаваньня спадчыны была і застаецца сталіца – Варшава. Адбудаваная з руін з захаваньнем вернасьці арыгінальных элемэнтаў архітэктуры ды краявідаў. Сымбалічнае вымярэньне адбудовы можа быць доказам на тое, што калектыўную памяць ня зьнішчыш. Гэтае дасягненьне было адзначана ўнясеньнем варшаўскага Старога горада ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА ў 1980-м годзе. На нашу думку, сёньня вельмі патрэбнае асэнсаваньне пад эгідай ЮНЭСКА таго, як можна прадухіляць наступствы вайны ды вярнуць былую веліч зьнішчаным помнікам, гарадам. Гэта будзе выраз салідарнасьці з краінамі, якія сталі ахвярамі вайны, тэрарыстычных нападаў і прыродных катастроф.

Справа ў тым, што адно з пытаньняў, якое будзе абмяркоўвацца ў Польшчы, тычыцца сырыйскага Алепа, зьнішчанага падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне. Міжнародная грамадзкасьць шукае інструмэнты па аднаўленьні гэтага горада. Польскі прыклад бярэцца пад увагу, казала ў Кракаве генэральны дырэктар ЮНЭСКА Ірына Бокава.

Ірына Бокава: Ахова спадчыны мае міжнародную падтрымку. Гэта важная справа для бясьпекі, якая ня можа быць аддзеленая ад абароны правоў чалавека ў часы канфлікту. Гэта было падкрэсьлена ў двух апошніх рашэньнях Рады бясьпекі ААН. Польшча ведае, што ўсюды, дзе з попелу адраджаецца культура, разам зь ёй адраджаецца й нацыя. Мы павінны падзеляць дадзенае перакананьне. Замест бессэнсоўных дэбатаў пра спадчыну, каму што належыць, якая спадчына больш важная, трэба яднацца. Сусьветная спадчына ня дзеліць, гэта адзіная прастора, ня конкурс прыгажосьці ці палітычная арэна, а перш за ўсё месца дыялёгу ды ўзаемнага разуменьня.

Падчас адкрыцьця 41-ай сэсіі камітэта Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА ў Кракаве была арганізаваная дабрачынная акцыя ў падтрымку жыхароў сырыйскага Алепа пад лёзунгам «Салідарныя з Алепа». Сабраныя сродкі будуць перададзеныя арганізацыі Caritas Polska, якая займаецца дапамогай жыхарам зьнішчанага горада.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт