Logo Polskiego Radia
Print

Акцыямі апазыцыі адзначаліся мінулыя выходныя ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.07.2017 18:56
У суботу апанэнты ўлады пікетавалі каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве, а ў нядзелю некалькі тысячаў чалавек прыйшлі да будынку парлямэнту.
PAP/Stach Leszczyński

У суботу апанэнты ўлады пікетавалі каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве, а ў нядзелю некалькі тысячаў чалавек прыйшлі да будынку парлямэнту, паведамляе сёньня газэта Rzeczpospolita. Падобныя дэманстрацыі адбыліся і ў іншых гарадах краіны. А нагодай для масавых пікетаў стаў праект зьменаў у судовай сыстэме Польшчы, распрацаваны прадстаўнікамі кіруючай партыі «Права і справядлівасьць».

Дакумэнт, між іншым, прадугледжвае рэарганізацыю судоў рознага ўзроўню ды рост уплыву міністра юстыцыі на іх дзейнасьць. Паводле аўтараў, ініцыятыва дазволіць палепшыць якасьць працы ўстановаў.

У сваю чаргу, апазыцыя ды многія назіральнікі заяўляюць пра парушэньне грунтоўнага прынцыпу падзелу ўлады і асьцерагаюцца пэрсанальных чыстак у судах. Сярод прадстаўнікоў палітычных сілаў, нязгодных са зьменамі, гучаць заклікі да аб’ядняньня. Палітыкі ад кіруючай партыі, тым часам, не выключаюць, што праект будзе адкарэктаваны.

Як адзначае галоўны рэдактар выданьня Багуслаў Хработа, сытуацыя пагражае ўзмацненьнем хвалі пратэстаў па ўсёй Польшчы. Публіцыст спадзяецца, што «Права і справядлівасьць» адмовіцца ад сваіх плянаў. І гэта будзе азначаць жэст палітычнай адвагі, а ня слабасьці.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт