Logo Polskiego Radia
Print

«Шарамета забілі не з-за журналісцкай дзейнасьці»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.07.2017 22:19
  • «Шарамета забілі не з-за журналісцкай дзейнасьці».mp3
Ён працаваў не толькі ў лібэральных СМІ, але і ў структурах, зьвязаных з палітыкамі Януковіча, якія цяпер знаходзяцца ў Расіі – кажа палітоляг.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Аляксандар Лукашэнка ў другі раз за апошнія тры месяцы сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, МВФ вырашыў не даваць грошы Менску, а жыхары беларускай сталіцы адстаялі адзін з найбольш калярытных раёнаў гораду – Асмалоўку. Такія галоўныя палітычныя падзеі мінулых 7 дзён ў сёньняшнім «палітычным люстэрку» абмяркоўваюць нашыя экспэрты. Што новага й важнага адбываецца ў беларуска-ўкраінскіх стасунках? Чаму забойства Паўла Шарамета да гэтай пары не раскрытае? Да якіх вынікаў прывядзе адмова Менска ад рэформаў паводле рэкамэндацыяў МВФ? На пытаньні Аляксандра Папко адказвае палітоляг Максім Руст.

Прычыны забойства Шарамета трэба шукаць па-за журналістыкай

На мінулым тыдні споўніўся год з моманту забойства Паўла Шарамета. Знакаміты журналіст, які працаваў на тэлебачаньні й радыё Беларусі, Расеі ды Ўкраіны, загінуў у Кіеве 20 ліпеня мінулага году. Ён быў забіты ў выніку выбуху бомбы, падкладзенай у аўтамабіль. Нягледзячы на шматлікія відыёзапісы, на якіх адлюстраваны як момант закладкі бомбы, так і самога выбуху, украінскія сьледчыя так і не змаглі знайсьці ані выканаўцаў, ані замоўшчыкаў забойства. Чаму расьсьледаваньне не дало вынікаў?

Максім Руст: Маё меркаваньне такое – асноўнай прычынай забойства Паўла не была яго журналісцкая дзейнасьць. Калі б гэта было так, то замах на яго жыцьцё адбыўся б значна раней. Канешне, Украіна шмат у якіх напрамках прасунулася наперад за апошнія тры гады, але асноўная яе праблема – карупцыя на ўсіх узроўнях бізнэсу й палітыкі – засталася. Украіна як дзяржава працягвае існаваць як даволі закрыты алігархічны мэханізм са сваёй нефармальнай герархіяй.

Шарамет працаваў не толькі ў лібэральных мэдыя, але і ў структурах, зьвязаных з «дамайданнымі» палітыкамі, якія цяпер знаходзяцца ў Расеі. Ён мог быць патэнцыйным пасярэднікам паміж цяперашнімі ўладамі й такімі палітыкамі, мог вельмі шмат ведаць. Зашмат. Магчыма, расьсьледаваньне не прынесла вынікаў, бо сьледчыя ворганы Ўкраіны сапраўды нічога не знайшлі. Але больш верагодна, што вынікі сьледзтва па забойстве Паўла Шарамета могуць выклікаць сапраўдны землятрус на ўкраінскай палітычнай сцэне, а ў сытуацыі, калі можа дайсьці да датэрміновых выбараў, гэта нікому непатрэбна. Таму, на жаль, гэтае сьледзтва можа цягнуцца яшчэ вельмі доўга.

МВФ за прыгожыя вочы крэдытаў не дае

20 ліпеня Міжнародны валютны фонд спыніў перамовы па выдачы Беларусі 3-мільярднага крэдыту. Як заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне афіцыйны прадстаўнік арганізацыі Уільям Мюрэй, МВФ чакае «яснай дэманстрацыі падтрымкі» ўладамі рэформаў у сэктары дзяржаўных прадпрыемстваў і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Пра якія рэформы ідзе гаворка? Як разрыў перамоваў з МВФ адаб’ецца на эканоміцы Беларусі?

Максім Руст: Асноўных праблемных кропак, якія робяць немагчымым дыялёг паміж Менскам і МВФ, тры. Па першае – гэта рэформа сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня й фінансаваньня дзяржпрадпрыемстваў. Па-другое – частковая прыватызацыя дзяржаўнага сэктара эканомікі. І па-трэцяе – павышэньне тарыфаў ЖКГ да рэальных паказчыкаў. Некаторыя рэформы праводзяцца, але гэтага недастаткова.

Варта адзначыць, што па пытаньнях дэрэгуляцыі сыстэмы кіраваньня дзяржпрадпрыемствамі афіцыйны Мінск выказваецца так, што, маўляў, гэтая рэформы добрыя і патрэбныя, але Беларусь у дадзены момант да іх не гатовая. Таму Беларусь ня хоча адыходзіць ад архаічнай мадэлі мэнэджмэнту. Пытаньне прыватызацыі – гэта для беларускіх уладаў справа гонару, а павышэньне тарыфаў ЖКГ, асабліва ў дадзены момант – можа выклікаць сацыяльныя пратэсты. Таму перамовы й памарозіліся.

МВФ паказаў, што ён танных крэдытаў за прыгожыя вочы й словы не дае. І гэта зразумела – было б парадоксам, каб частка крэдыту МВФ пайшла, напрыклад, на падтрымку нізкіх тарыфаў ЖКГ. Менск прыпыніў перамовы таксама і таму, што Беларусь пасьля дамоўленасьцяў з Расеяй атрымала фінансавую дапамогу ў выглядзе энэргетычных субсыдыяў і дадатковых эўразійскіх крэдытаў. Але эканамічная сытуацыя ў Беларусі ўсё роўна будзе стабільна пагаршацца. Небясьпека заключаецца і ў тым, што ўзамен за крэдыты Масква ставіць і палітычныя ўмовы. Мне падаецца, пакуль яшчэ атрымаецца працягнуць без крэдыту МВФ, але пад канец гэтага-на пачатку наступнага году тэма пазыкі зноў усплыве. І ўсплыве яна з ініцыятывы беларускіх уладаў.

«Беларуска-ўкраінскія адносіны не сапсуе нават гандаль Менска з ЛНР і ДНР»

«Гэта ня проста візыт надзейнага партнэра, а і майго сябра, які гатовы нас падтрымліваць», – заявіў 21 ліпеня прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка, сустракаючы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Пра што двое палітыкаў размаўлялі ў Кіеве? Ці дзякуючы гэтай сустрэчы, напрыклад, МАЗ атрымае новыя кантракты, а ў Беларускіх кабэльных сетках зьявіцца даўно абяцаны ўкраінскі тэлеканал?

Максім Руст: Для Лукашэнкі падтрымка добрых адносінаў важна з трох прычын. Па-першае, яна дазваляе прасоўваць Беларусь у якасьці міратворчай перамоўнай пляцоўкі і паляпшаць імідж Менска на Захадзе. Па-другое, адносіны з Кіевам даюць дадатковы козыр у адносінах з Расеяй. І, па-трэцяе, існуе істотны эканамічны інтарэс. Гандлёвыя адносіны паміж Беларусьсю і Украінай вельмі інтэнсіўныя, за першае паўгодзьдзе гэта амаль 2 мільярды даляраў, і, што важна, з пазытыўным сальда для Беларусі. Прыкладам пазытыўнага эканамічнага супрацоўніцтва могуць быць авіяспалучэньні паміж Кіевам і Масквой празь Менск ці тое, што доля беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіне стабільна трымаецца на ўзроўні 45-55 адсоткаў.

Для Кіева самае важнае ў дадзены момант – гэта захаваньне адноснага нейтралітэту Беларусі. Істотныя таксама эканамічныя пытаньні, таму што Менск застаецца надзейным пастаўшчыком тавараў, няхай і ў абыход некаторых легальных мэханізмаў. Добрыя адносіны паміж краінамі важныя ў кантэксьце правядзеньня вучэньняў «Захад-2017» і пагрозы стварэньня расейскай авіябазы ў Беларусі. У дадзеным кантэксьце пытаньне ўкраінскага каналу ў беларускіх сетках неістотнае. Будаваньню добрых адносінаў не перашкодзіць нават нядаўняе раскрыцьцё гандлёвых адносінаў Беларусі з гэтак званымі ДНР і ЛНР.

Асмалоўка павінна стаць прыкладам для беларускай апазыцыі

«Гэта вялікая перамога жыхароў гораду» – так грамадзкія актывісты акрэсьлілі рашэньне ўладаў Менска ня зносіць квартал 50-х гадоў Асмалоўку. 21 ліпеня Менгарвыканкам адхіліў і адправіў на дапрацоўку праект дэтальнага пляну забудовы, які прадугледжваў зьнішчэньне старога раёну. За Асмалоўку змагаліся 3 гады, у абарону кварталу было сабрана 9 тысячаў подпісаў. У Менску зьявілася моцная грамадзянская супольнасьць, якую слухаюць улады? Ці ёсьць такая супольнасьць у іншых гарадах?

Максім Руст: Так, відавочна што такая супольнасьць зьявілася. І вельмі істотнае тое, што людзі аб’ядналіся ў справе, не зьвязанай з палітыкай. Але сіла абаронцаў Асмолаўкі была не толькі ў іх жаданьні адстойваць сваю пазыцыю, але і ў тым, што ва ўладаў не было канкрэтнага пляну перабудовы. Таксама мне падаецца, што на перабудову Асмалоўкі ў горада проста не было сродкаў. Таму вырашылі і зэканоміць, і не злаваць жыхароў. Трэба памятаць, што актыўныя гараджане ёсьць шмат дзе – напрыклад, у Горадні ці Сьветлагорску. Там таксама ўдалося вырашыць некаторыя справы на карысьць жыхароў, але гэтыя прыклады асьвятляліся толькі ў лякальнай прэсе, таму не былі такімі рэзананснымі. Асмалоўка - гэта яшчэ адзін добры прыклад, як можна мірна бараніць свае правы, калі сапраўды аб’яднацца вакол канкрэтнай справы. І гэта прыклад перадусім для беларускай апазыцыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт