Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь – небясьпечнае месца для тых, хто шукае палітычнага прытулку

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.08.2017 16:52
  • Беларусь – небясьпечнае месца для тых, хто шукае палітычнага прытулку.mp3
«Расейскага дысыдэнта затрымалі беларускія спэцслужбы на запыт расейскіх калегаў» – экспэрт.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Аляксандар Лукашэнка скасаваў буфэрную зону вакол Палескага радыяцыйнага запаведніка, у Беларусі зьнік расейскі дысыдэнт, а грамадзяне Беларусі пачалі часьцей выяжджаць на працу ў Польшчу. Такія навіны прынесьлі нам апошнія 7 дзён. Ці ёсьць небясьпека распаўсюджаньня радыяцыі? Якую працу могуць знайсьці беларусы ў Польшчы? Ці варта Беларусі разьвіваць касьмічную праграму? І ці зьяўляецца Беларусь бясьпечным месцам для тых, хто шукае палітычнага прытулку? На гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко і аналітык East Center Андрэй Елісееў.

«Непакоіцца за распаўсюджваньне радыёнуклідаў трэба»

27 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які скасоўвае ахоўную зону Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка. Кілямэтровая тэрыторыя, якая раней служыла буфэрам, цяпер зьнікае, і вырошчваньнем сельскагаспадарчай прадукцыі можна займацца непасрэдна пад агароджай са знакамі «Радыяцыя». Эколягі папярэджваюць пра рызыку распаўсюджваньня радыёнуклідаў. Мясцовыя ўлады кажуць, што ахоўная зона зьявілася толькі тры гады таму, і на ёй раней вялася сельская гаспадарка. Ці варта трывожыцца? Ці радыяцыйны кантроль у Беларусі дазваляе пазьбегнуць забруджваньня ежы радыёнуклідамі?

Андрэй Елісееў: Улічваючы вялікую шкоду радыяцыі для здароўя чалавека, непакоіцца за належны радыяцыйны кантроль трэба. Былы рэктар Гомельскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту прафэсар Юрый Бандажэўскі, які даўно трапіў у няміласьць беларускіх уладаў за крытыку экалягічнай палітыкі, сьцьвярджае, што сытуацыя са здароўем у рэгіёне катастрафічная, а рабіць прадукты харчаваньня на забруджанай тэрыторыі – шаленства. Маўляў, нават калі на зямлі прыстасаваньне не рэгіструе цэзій, ён цалкам можа быць глыбей, у раёне каранёў расьлінаў. У любым выпадку, такія важныя рашэньні, зьвязаныя з радыяцыяй і экалягічнай палітыкай, павінны праходзіць праз сурʼёзныя экспэртныя дыскусіі, а грамадзтву мусяць даваць дэталёвыя тлумачэньні на агульнанацыянальных каналах, каб не было ніякіх крыватолкаў.

Расея ў глыбокай дэпрэсіі, а ў Польшчы – працяглы эканамічны рост

За апошнія тры гады значна вырасла колькасьць беларусаў, якія жадаюць выехаць на працу ў Польшчы. Пра гэта заяўляюць фірмы, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх грамадзянаў за мяжой. Па заявах прадстаўнікоў міжнароднай асацыяцыі недзяржаўных арганізацыяў «Ла Страда», у апошні год Польшча карыстаецца большай цікавасьцю сярод новых беларускіх працоўных мігрантаў, чым Расея. Чаму беларусы пачынаюць шукаць працу менавіта ў Польшчы? На якую працу яны могуць разьлічваць?

Андрэй Елісееў: Калі тры гады таму пачынаўся эканамічны крызыс у Беларусі і Расеі, стала відавочна, што ўсё болей беларусаў будуць спрабаваць сябе на польскім рынку працы. Больш за тое, Польшча мэтанакіравана праводзіла й праводзіць палітыку прыцягненьня беларусаў – гэтаксама як украінцаў – як на часовую працу, так і на сталае пражываньне. Усё большую цікавасьць беларусаў да працы ў Польшчы паказваюць і польская статыстыка, і лічбы беларускіх кампаній, што займаюцца працаўладкаваньнем за мяжой, і нават дынаміка пошуку працы ў Польшчы беларусамі ў інтэрнэце.

Нічога дзіўнага тут няма: заробкі ў Расеі паваліліся, а ў Польшчы 15-ы год запар назіраецца эканамічны рост і мэтавая палітыка прыцягненьня рабочай сілы: і праз схему так званага спрошчанага сэзоннага працаўладкаваньня, і, у рэшце рэшт, праз карту паляка. З польскай статыстыкі вынікае, што беларусы шукаюць працу ў самых розных сфэрах, але часьцей тых, што не патрабуюць адмысловай кваліфікацыі – кшталту побытавых паслугаў.

Адпраўка касманаўту на арбіту каштуе ў разы больш за спадарожнік

28 ліпеня старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што Беларусь можа адправіць у космас свайго касманаўта, а ў будучым – нават сваю ракету. Ці сурʼёзна беларускія ўлады намераныя пакараць космас? Ці не засталіся яны ў палоне мысьленьня 70-х гадоў, калі прыкметай высокага тэхналягічнага разьвіцьця была атамная энэргетыка й касьмічная прамысловасьць?

Андрэй Елісееў: Адназначна, палёт астранаўта на беларускім касьмічным караблі – пустыя летуценьні, прынамсі на бліжэйшыя 50-100 гадоў. З той простай прычыны, што гэта надзвычай дорага. Адна справа запусьціць спадарожнік, які можна выкарыстоўваць для здымкаў зямлі ў камэрцыйных мэтах і такім чынам адбіць укладзеныя выдаткі. Гэта тое, што ўласна зрабіла Беларусь 5 гадоў таму і, па словах дзяржаўных спэцыялістаў, змагла адбіць грошы. А палёт астранаўта на ўласным караблі – зусім іншы парадак лічбаў.

Нават такая заможная краіна, як Брытанія, толькі некалькі гадоў таму вырашыла аднавіць фінансаваньне палётаў чалавека ў космас з дзяржаўных грошай, якое замарозілі яшчэ ў 1980-ых. І звычайна гаворка пра тое, што краіны плацяць Эўрапейскаму касьмічнаму агенцтву грошы на падрыхтоўку й палёт чалавека на борце Міжнароднай касьмічнай станцыі. Такі варыянт для грамадзяніна Беларусі, можа, стане магчымым гадоў праз 10-20. А ўвогуле трое беларусаў і так ужо былі ў космасе – пасьля савецкіх астранаўтаў Клімука і Кавалёнка, Алег Навіцкі, маючы расейскі пашпарт, рэгулярна працуе ў космасе.

«Ягорава затрымалі беларускія спэцслужбы на запыт расейскіх калегаў»

У Беларусі асудзілі актывіста расейскай партыі «Яблоко» Ўладзімера Ягорава, які няўдала паспрабаваў атрымаць палітычны прытулак ва Ўкраіне, і апынуўся на тэрыторыі Беларусі. Ягорава абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Праваабаронцы асьцерагаюцца, што пакуль расейскі актывіст знаходзіцца за кратамі, на яго можа прыйсьці запыт аб экстрадыцыі ад расейскіх уладаў. Наколькі Беларусь бясьпечнае месца для тых, хто стараецца хаця б часова схавацца ад палітычнага перасьледу ў постсавецкіх дзяржавах?

Андрэй Елісееў: Паводле праваабаронцаў, у гісторыі Ягорава яўнае прававое бязлад дзе, бо суд прайшоў без уласна Ягорава, і дзяржаўныя органы не даюць ніякай інфармацыі пра сапраўднае месцазнаходжаньне расейскага актывіста. Па ўсім відаць, яго затрымалі беларускія спэцслужбы на запыт расейскіх калегаў, і выглядае, што неўзабаве сапраўды перададуць Расеі.

Беларусь ніколі не была і не ёсьць бясьпечнай дзяржавай шукаць прытулку ад палітычнага перасьледу ў іншай постсавецкай краіне. Часта сытуацыю вызначаюць не нацыянальныя й міжнародныя прававыя нормы, а палітычныя дамоўленасьці ды адносіны паміж спэцслужбамі краінаў. Беларусь таксама не падпісала Эўрапейскую канвэнцыю па абароне правоў чалавека, якая, уласна, і абараняе права асобы ня быць перададзенай іншай краіне, дзе ёй можа пагражаць бесчалавечнае стаўленьне і катаваньні.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт