Logo Polskiego Radia
Print

Польская моладзь становіцца залежнай ад тэхналёгіяў

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.08.2017 20:11
Пра гэта гавораць рэзультаты апытаньня, якое правяла кампанія Bosch сярод 25-гадовых палякаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Аўтамабілі падзеляць лёс тэлефонаў. Газэта Puls Biznesu сёньня знаёміць чытачоў з вынікамі апытаньня, якое сярод 25-гадовых палякаў правяла кампанія Bosch. Такім чынам нямецкі канцэрн вырашыў адзначыць чвэрць стагодзьдзя працы на рынку краіны. Аўтары атрымалі вобраз чалавека, залежнага ад тэхналёгіяў, атачонага экранамі смартфонаў, кампутэраў ды іншых электронных прыладаў.

Больш за дзьве траціны ўдзельнікаў паведамілі, што кожны дзень праводзяць у інтэрнэце прынамсі 4 гадзіны. А некаторыя з карыстальнікаў правяраюць пошту ды сацыяльныя сеткі, прачынаючыся пасярод ночы. З дасьледаваньня таксама вынікае, што ўсё больш папулярнай у маладых людзей становіцца ідэя так званага «інтэрнэту рэчаў», што аб’ядноўвае прадметы, якія з дапамогай розных датчыкаў камунікуюць паміж сабой у сеціве. Гэта можа быць аўтамабіль ці нават цэлы дом. На практыцы карыстальнік з дапамогай мабільнага тэлефону, можа дыстанцыйна зачыніць дзьверы ці, скажам, даведацца, якіх прадуктаў бракуе ў лядоўні.

Амаль 75 адсоткаў маладых палякаў ведаюць, што такое штучны інтэлект. Ад такіх тэхналёгіяў яны чакаюць, што з часам разумныя машыны будуць самастойна прыстасоўвацца пад патрэбы людзей. У сваю чаргу, прадстаўнікі канцэрну заяўляюць, што праз 10 гадоў кожны новы прадукт кампаніі будзе праектавацца ды выпускацца з выкарыстаньнем штучнага інтэлекту.

25-гадовыя рэспандэнты чакаюць, што паступова будзе ўзрастаць колькасьць працаўнікоў кібэр-прасторы. Што тычыцца аўтамабіляў, то яны, як некалі мабільныя тэлефоны, перастануць выконваць адну функцыю і ператворацца ў пэрсанальных асыстэнтаў, адзначае газэта.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт