Logo Polskiego Radia
Print

Тысячы палякаў па-ранейшаму застаюцца без электрычнасьці

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 18.08.2017 18:29
Барацьба з наступствамі навальніцы, што абрынулася на поўнач краіны амаль тыдзень таму, працягваецца амаль без перапынкаў.
PAP/Adam Warżawa

Тысячы палякаў па-ранейшаму застаюцца без электрычнасьці. Барацьбе з наступствамі навальніцы, што абрынулася на поўнач краіны амаль тыдзень таму, прысьвечаны адзін з артыкулаў сьвежага нумару выданьня Gazeta Wyborcza. Зь мінулай суботы без перапынку ў пацярпелых раёнах працуюць брыгады аварыйных службаў.

Некаторыя спэцыялісты добраахвотна прыпынілі свой летні адпачынак. За мінулыя суткі колькасьць хатніх гаспадарак, якія апынуліся без энэргіі, удалося зьменшыць зь 9 да 5 тысячаў. Як падлічылі профільныя арганізацыі, стыхія зьнішчыла 8 тысячаў трансфарматарных станцыяў ды каля ста кілямэтраў электрасетак. Прычына большасьці аварыяў – паваленыя дрэвы. Месцамі моцны вецер ламаў нават мэталічныя слупы. Калі менавіта будуць ліквідаваныя наступствы навальніцаў, энэргетыкі нават не бяруцца прагназаваць.

У чатырох паветах, якія пацярпелі больш за іншыя, працуюць жаўнеры, скаўты, мясцовыя жыхары ды валянтэры. Разам з ратаўнікамі яны вызваляюць рэчышча Брды ад паваленых дрэваў. Тым часам, галава адміністрацыі вёскі Рытэль Лукаш Асоўскі скардзіцца на запозьненую рэакцыю ўладаў. За дапамогай вайскоўцаў мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў суботу, але жаўнераў накіравалі ў раён толькі ў панядзелак.

Паводле выданьня, у дадзеным выпадку адказны паморскі ваявода Дарыюш Дрэліх, які далёка не адразу адрэагаваў на просьбу. Раней у размове з журналістамі TVN кіраўнік паўночнага рэгіёну казаў, што вайскоўцы ня будуць падмятаць лісьце ды займацца зборам галінаў. Гэтыя словы выклікалі абурэньне грамадзкасьці ды крытыку з боку ўраду. Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Марыюш Блашчак, у прыватнасьці, заявіў, што праца чыноўніка будзе ацэненая пасьля заканчэньня ўсёй апэрацыі.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт