Logo Polskiego Radia
Print

Тэрарысты зьбіраліся зьнішчыць адну зь візытовак Барсэлёны

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.08.2017 17:38
Мэтай магла стаць знакамітая на ўвесь сьвет царква Саграда Фамілія архітэктара Антоніа Гаўдзі.
PAP/EPA/SUSANNA SAEZ

Тэрарысты зьбіраліся зьнішчыць адну зь візытовак Барсэлёны. Мэтай магла стаць знакамітая на ўвесь сьвет царква Саграда Фамілія архітэктара Антоніа Гаўдзі. Дэталі сьледзтва прыводзіць сёньня сьвежы нумар выданьня Gazeta Wyborcza. У доме, дзе зламысьнікі рыхтаваліся да тэрактаў, знойдзеныя 120 бутляў з бутанам.

Усё гаворыць аб тым, што джыхадысты хацелі зрабіць бомбу з перакісу ацэтону. Ён адметны тым, што яго немагчыма распазнаць стандартнымі дэтэктарамі, якія звычайна ўжываюць службы бясьпекі. Такое рэчыва выкарыстоўвалася, у прыватнасьці, падчас тэрактаў у Парыжы, Брусэлі ды Лёндане. У мінулую сераду ў логаве бандытаў адбыўся выбух. Загінулі тры асобы.

Пасьля гэтага іншыя прадстаўнікі злачыннай групы вырашылі не ўзрываць бомбы, а выкарыстаць для забойства людзей у Барсэлёне ды Камбрыльс аўтамабілі, што і зрабілі на наступны дзень. Нагадаем, у выніку інцыдэнтаў загінулі 14 чалавек. Больш за сто атрымалі траўмы. Паводле ўладаў, першапачаткова тэрарыстаў было 12. Пяцёра зь іх зьнішчаныя паліцыяй. Чацьвёра затрыманыя. Пошукі яшчэ аднаго, 22-гадовага мараканца, які, хутчэй за ўсё, кіраваў аўтамабілем тэрарыстаў у Барсэлёне, працягваюцца.

Паведамляецца, што сярод зламысьнікаў быў і 40-гадовы імам. У муніцыпалітэце Рыполь ён служыў у мячэці, якую наведвалі каля пяцісот вернікаў. У размове з журналістамі газэты El Pais суседзі паведамілі, што мужчына не інтэграваўся зь мясцовым насельніцтвам. Але пра ягоныя сувязі з радыкальным ісламам ніхто нават не падазраваў.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт