Logo Polskiego Radia
Print

Белавеская пушча стала эўрапейскім пытаньнем

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.09.2017 16:17
  • Белавеская пушча.mp3
Лёс пушчы стаў тэмай паседжаньня Суду Эўрапейскага Зьвязу ў Люксэмбургу.
Белавеская пушча. Ілюстрацыйны здымакБелавеская пушча. Ілюстрацыйны здымакNemo5576/Wikipedia/CC BY-SA 3.0

Суд разглядаў скаргу Эўракамісіі на невыкананьне Польшчай ліпенскага рашэньня суда пра спыненьне вырубак у гэтым запаведным лесе.

Эўрапейская Камісія заявіла, што польскі ўрад працягвае вырубкі ды запатрабавала накласьці штраф за кожны дзень невыкананьня судовага вэрдыкту. У сваю чаргу, польскія ўлады, у тым ліку міністар навакольнага асяродзьдзя Ян Шышка, аспрэчваюць дадзены вэрдыкт, заяўляючы, што яны дзейнічаюць паводле закону. Насамрэч яны бароняць Белавескую пушчу, якой пагражае вынішчэньне праз жука караеда-тыпографа. Міністэрства загадала правесьці санітарныя вырубкі, каб уратаваць лес. Такую пазыцыю агучыў у Люксэмбурзе польскі міністар.

Ян Шышка: Польша прадстаўляе выключна прававы падыход, Польшча выконвае дзьве дырэктывы: птушыную ды месца пражываньня, мы дзейнічаем ідэальна паводле закона.

Пазыцыю міністра падзяляе ўвесь урад. Пра гэта заявіла кіраўніца канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Бэата Кэмпа.

Бэата Кэмпа: Напрамак, што мы абралі – гэта адзіны слушны. Адсутнасьць зразуменьня ў дадзеным выпадку з боку ЭЗ, гэта дзеяньні, мэта якіх зьнішчэньне Белавескай пушчы. Толькі ліквідацыя караеды-тыпографа прывядзе да таго, што ня будзе далейшай дэградацыі гэтага прыгожага месца на зямлі. Відаць ЭЗ хацеў бы, каб гэтае месца зьнікла.

Некалі з падобнай праблемай – атакай караедаў – сутыкнуліся ў Беларусі, у беларускай частцы Белавескай пушчы. Гэта было на 15 год раней за Польшчу. Тады беларускія ўлады абралі «брутальны» спосаб змаганьня з жуком, гаворыць эколяг Валеры Дранчук.

Валер Данчук: Беларускі досьвед расцэньваўся сусьветнай супольнасьцю як вельмі брутальны, які не адпавядаў сытуацыі. Старажылы ў Белавескай пушчы лічылі, што пушча сама справіцца з караедам. Распаўсюджаньне жука стала вынікам дзейнасьці чалавека, які давёў яе да такога стану.

Чалавечае ўмяшальніцтва прывяло да таго, што ў пушчы не ўзнаўляліся дрэвы ўласьцівыя для гэтага лесу: сасна, дуб, ясень. Замест іх расьлі яліны, але неадпаведная для іх глеба ды ўмовы прыводзяць да таго, што дрэвы аслабленыя. Гэтым карыстаецца караед, які ў прысутнічае прыродзе. Тлумачыць лесавод ды былы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Яўген Смактуновіч.

Яўген Смактуновіч: У беларускай частцы Белавескай пушчы парушана структура лесу. Апошнія гады дамінавалі ялінавая насаджэньні. Аднак умовы там для сасны. Гістарычна склалася так, што на месцы сасны вырасла яліна. Сасну моцна зьядалася рысьлінажэрнымі жывёлам: аленямі, ласямі. Яліна заняла не ўласьцівыя ёй тэрыторыі. Яна не была дапасаваная да глебавых умоваў, да гідралягічнага рэжыму. Калі дадаць да гэтага ваганьні тэмпэратуры апошніх год і шырокую мэліярацыю, гэта ўдарыла па ялінавых насаджэньнях. Яны былі слабымі, чым скарыстаўся караед-тыпограф. Гэты жук увесь час прысутнічае ў прыродзе, у спрыяльных умовах ён інтэнсіўна размнажаецца. Прырода сама скарыгавала, яліны павыпадалі. Такія атакі жука рэгулярныя. Яны былі 15 год таму, 30 год, я памятаю атакі караедаў у 1960-ыя гады. Таму тут патрэбны комплексны падыход.

Сёньня беларускія спэцыялісты кажуць, што той «брутальны» падыход з масавымі вырубкамі быў памылковым. Час выдатна гэта паказаў. Распавядае былы намесьнік па навуцы ды адукацыі Нацыянальнага парку «Белавеская пушча», каардынатар сайта «Белавеская пушча ХХІ стагодзьдзе» (bp21.org.by ) кандыдат біялягічных навук Георгі Казулька.

Георгі Казулька: З падобнай праблемай у Беларусі сутыкнуліся на пачатку 2000-ых гадоў. Тады быў моцны ўсплёск караеда-тыпографа. У адказ на гэта былі зробленыя памылковыя крокі. Масавыя вырубкі. Справа ў тым, што атакі караедаў маюць цыклічны характар. На іх моц уплывае гаспадарчая дзейнасьць. Чалавек парушае балянс, а з тым усплёскам справілася прырода не чалавека. Дасьледаваньні паказваюць, што ў натуральным лесе ўсплёск караеда затухае за 3-4 гады, вырубкі прыводзяць да таго, што атака жукоў зацягнецца на 5-6 гадоў.

Беларускія дасьледчыкі зазначаюць, што там, дзе не было вырубак, натуральны прырост расьліны нашмат большы ды хутчэйшы, чым там, дзе было ўмяшальніцтва чалавека.

Георгі Казулька: Я ведаю толькі адзін выпадак, калі пры дапамозе вырубак уратавалі ялінавы лес. Гэта нацыянальны парк Шумава ў Чэхіі. Там ратавалі 3000 горных ялін. Пры гэтым там не вырубілі ніводнага дрэва. Наадварот дрэвы рубілі ў звычайным лесе ды прывозілі туды ў якасьці прынады. Так яны выратавалі. У нас жа рубкі азначаюць спрыяньне разьвіцьцю караеда. Пасьля тых падзей, той «псэўда барацьбы « з караедам, у Беларусі адбыліся грандыёзныя зьмены.Запаведную зону пушчы павялічылі на 70%, яна атрымала статус Сусьветнай спадчыны. Цяпер тут забаронена гаспадарчая дзейнасьць. Ведаеце, пушча не загінула ад гэтага, наадварот мы бачым сёньня, што там, дзе нічога не рабілі 15 год таму, дзікая прырода квітнее. Там, дзе вялася гаспадарчая дзейнасьць, там горшая экалягічная сытуацыя.

15 год таму ў Беларусі змагаліся з караедам-тыпографам, як цяпер змагаецца Польшча. Беларусы першыя апрабавалі мэтад санітарных вырубак. Цяпер у Беларусі прыйшлі да высновы, што тое рашэньне было памылковым. Час гэта паказаў. Пушча хутчэй аднаўляецца там, дзе не было вырубак.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт