Logo Polskiego Radia
Print

Грамадзянін Польшчы затрыманы за хабарніцтва ва Ўкраіне

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 14.09.2017 14:49
Паводле генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі, гаворка вядзецца пра высокапастаўленага прадстаўніка дзяржаўнай чыгункі «Укрзалізниця».
pixabay.com/Public Domain CC0

Грамадзянін Польшчы затрыманы за хабарніцтва ва Ўкраіне. Паводле генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі, гаворка вядзецца пра высокапастаўленага прадстаўніка дзяржаўнай чыгункі «Укрзалізниця». Пра гэта паведамляе сёньня інтэрнэт-партал onet.pl. З матэрыялу вынікае, што чыноўнік трапіў у рукі праваахоўных органаў, калі прымаў 70 тысячаў даляраў.

Спэцапэрацыя прайшла ў адным з рэстаранаў Кіева. Па словах Луцэнкі, затрыманы – гэта першы намесьнік начальніка дэпартамэнту аўдыту ды кантролю кампаніі Вахтангі Джакелі. Ён нарадзіўся ў Грузіі й нейкі час жыў у Польшчы. Як напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Юры Лаўранюк, 70 тысячаў – гэта толькі першая частка хабару. Агульная ж сума – 300 тысячаў даляраў.

Папярэдні кіраўнік дзяржаўнага перавозчыка Войцех Бальчун заявіў журналістам, што ня ведаў нічога на гэты конт, але цягам апошніх месяцаў багата чуў пра падрыхтоўку правакацыяў. У выніку мэнэджэр прыняў рашэньне аб адстаўцы. У жніўні ўкраінскі прэм’ер Уладзімер Гройсман казаў, што паляк пакінуў пасаду па ўласным жаданьні і з асабістых прычынаў. Партал нагадвае – Бальчун кіраваў кампаніяй з красавіка 2016, калі выйграў конкурс, у якім бралі ўдзел каля 30 кандыдатаў.

Пасьля году працы мэдыі хвалілі яго за рацыянальнае распараджэньне фінансамі і арганізацыю новых маршрутаў. Разам з тым, Бальчуна крытыкаваў міністар інфраструктуры Ўладзімер Амелян. Да яго далучыўся таксама пракурор Луцэнка, які папракаў мэнэджэра ў неэфэктыўнай барацьбе з карупцыяй унутры кампаніі, паведамляе Onet.pl.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт