Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве сабраліся дасьледчыкі Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.09.2017 15:08
  • У Варшаве сабраліся.mp3
Польская сталіца на два бліжэйшыя дні стала цэнтрам беларускіх дасьледаваньняў.
Foto: PAP/Jakub Kamiński

У Варшаве пачаўся VII Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі.

15 верасьня ў Варшаве ў будынку Палаца культуры й навукі прайшло ўрачыстае адкрыцьцё VII Міжнароднага кангрэса дасьледчыкаў Беларусі. Гэта аўтарытэтная сустрэча, у якой бяруць удзел прадстаўнікі навуковых устаноў ды цэнтраў з усяго сьвету, якія займаюцца вывучэньнем і дасьледаваньнямі беларускай палітыкі, грамадзтва ды культуры.

Гэтым разам на Кангрэс прыехала каля 500 удзельнікаў, спэцыялістаў зь Беларусі, Польшчы, Летувы, Украіны, Расеі, ЗША, Вялікабрытаніі ды іншых краін сьвету. Сярод тэмаў сёлетняга Кангрэса ўздымаюцца такія пытаньні, як беларуская тоеснасьць, сацыяльныя практыкі й штодзённае жыцьцё, эканамічная сытуацыя Беларусі, дэмаграфічныя працэсы ды рэгіянальная бясьпека. Кангрэс – гэта надзвычайная атмасфэра інтэлектуальных дыскусій ды абмену думкамі, заявіла старшыня Ўсходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтра з Варшавы Агнешка Камароўска. Гэта польскі суарганізатар Кангрэса разам зь беларускай Палітычнай сфэрай зь Менска.

Агнешка Камароўска: Вітаем у Варшаве надзвычайнае мерапрыемства зь велізарнай колькасьцю ўдзельнікаў ды тэмаў. Вось ужо сёмы раз над гэтым пануе Палітычная сфэра. Спадзяюся, што пры нашай дапамозе ім удасца пасяліцца на даўжэй у Варшаве, што яны захочуць вярнуцца да надзвычайнай атмасфэры Палаца навукі й культуры, які мае шмат асацыяцый.

Кангрэс адбываецца ў супрацоўніцтве з польскім унівэрсытэтам Калегіюм Цывітас. Рэктар ВНУ прафэсар Станіслаў Моцэк зазначыў, што для іх Кангрэс – гэта велізарны гонар быць прымаючым бокам.

Станіслаў Моцэк: Для нас гэта велізарны гонар ды выклік. Кангрэс упершыню ладзіцца ў Польшчы. Гэта новы досьвед для нас і для вас. Наш унівэрсытэт зьяўляецца прыхільнікам навукі праз свабодны дыялёг ды абмен досьведам. Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі нас уразіў сваім размахам ды прастатой ідэі – давайце сустрэнемся ды паразмаўляем.

З пажаданьнем посьпехаў Кангрэсу ў Варшаве зьвярнуўся прадстаўнік Ковенскага ўнівэрсытэта імя Вітаўта, папярэдні гаспадар Кангрэса. Гаворыць кіраўнік Інстытута ВКЛ Русьціс Камунтавічюс.

Русьціс Камунтавічюс: Ад пачатку гэты Кангрэс быў заплянаваны як праект трох дзяржаў: Беларусі, Летувы ды Польшчы. Гэта вельмі важна. Пачаткі Кангрэса былі ў Коўне. Цяпер мы вырашыліся паехаць у Варшаву. Ня ведаю, на колькі мы тут затрымаемся. Летувіскі бок марыць пра вяртаньне Кангрэса ў Летуву, аднак мы рады, што Кангрэс стаў самым важным акадэмічным мерапрыемствам для Беларусі, беларускай навукі. Гэта база для размоваў, камунікацыі ды новых кантактаў.

Сваю зацікаўленасьць Кангрэсам ды падтрымку ідэям навуковага дыялёгу выказалі таксама польскія дасьледчыкі. Гаворыць Ніна Баршчэўская, кіраўнік Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта.

Ніна Баршчэўская: Гэта гонар для нас, што мы змаглі далучыцца ды паспрыяць правядзеньню Кангрэса ў Варшаве. Гэта вялікі гонар спаткаць усіх тут. Зычу плённых навуковых дыскусій, сардэчных сустрэчаў ды шмат новых уражаньняў.

Сваю зацікаўленасьць Кангрэсам дэманстравалі прадстаўнікі заходнеэўрапейскіх краін. Сваю падтрымку ідэі Кангрэса выказалі прадстаўнікі Нідэрляндаў. Гаворыць амбасадар Галяндыі ў Польшчы Рональд ван Дартэль.

Рональд ван Дартэль: Падчас Кангрэса шматлікія навукоўцы абмяркоўваюць свае дасьледаваньні ды дасягненьні ў навуцы. Гэта важна ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну Цэнтральнай Эўропы. У сёньняшнім кантэксьце Кангрэс мае надзвычай важнае значэньне, дазваляе абмяняцца думкамі для лепшага ўзаемаразуменьня.

VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі працягнецца да 17 верасьня. У праграме 17 дыскусійных панэляў, круглыя сталы, а таксама прызнаньне ўзнагароды Кангрэса.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт