Logo Polskiego Radia
Print

Польскія газавікі адзначаюць 10 год прысутнасьці ў Нарвэгіі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.09.2017 16:04
  • Польскія газавікі.mp3
1,5 мільярды даляраў прыходу, 18 канцэсій ды здабыцьцё 2,5 мільярдаў мз газу ў год.
Foto: pixabay.com/CC0

Канцэрн PGNiG (Польская газа і нафтаздабыча) падводзіць вынікі сваёй прысутнасьці на нарвэскім кантынэнтальным шэльфе.

За апошнія 10 год польскі канцэрн за інвэставаў у Нарвэгіі каля 5,з мільярдаў злотых, гэта больш за мільярд даляраў. За гэтыя сродкі газавы канцэрн набыў 18 канцэсій на распрацоўку радовішчаў газа ды здабыцьцё блакітнага паліва. За гэтыя гады канцэрн змог здабыць 2 мільярды 100 мільёнаў кубамэтраў газу і больш за 2,2 мільёны тон нафты. Гэта склала, каля 15% усёй энэргасыравіны вырабленай канцэрнам. Нарвэскія запасы польскага канцэрну ацэньваюцца ў 78 мільёнаў тон нафтавага эквіваленту. За мінулы год сыравіна здабытая ў Нарвэгіі прынесла фірме даход блізу 250 мільёнаў даляраў

Старшыня канцэрна Пётр Возьняк заявіў, што польская прысутнасьць у Нарвэгіі мае адзіную мэту – гарантаваць Польшчы доступ да ўласных радовішчаў.

Пётр Возьняк: Так, каб забясьпечыць як мага лепшы пастаўкі на польскі рынак уласнага газу. Ня ўсе ведаюць, але той газ, дарэчы й нафта таксама, які мы маем з нарвэскіх канцэсій, – – гэта наш газ. Наш уласны, мы маем на яго ўсе правы і можам распараджацца як заўгодна. Таму пакуль мы прадаём яго на трэціх рынках.

Гэта тлумачыцца тым, што пакуль Польшча ня мае прамога газаправоднага спалучэньня з Нарвэгіяй. У плянах польскага ўрада будаўніцтва такога канэктара. Гаворыць Пётр Возьняк.

Пётр Возьняк: Наш поўны плян складаецца з двух частак. Адна – гэта газ з нарвэскага шэльфа, а другая – газапровад, каб спалучыць нашу сыстэму з нарвэскім газам праз мора.

Ці Польшча зможа рэалізаваць гэтую інвэстыцыю ды павінна пашыраць сваю прысутнасьць у Нарвэгіі? Гэтыя пытаньні мы папрасілі пракамэнтаваць незалежнага экспэрта ў галіне энэргетыкі Анджэя Шчэсьняка.

Анджэй Шчэсьняк: Шырэйшы кантэкст польскіх замежных інвэстыцый даволі пэсымістычны. Дагэтуль не было значных посьпехаў, хутчэй, наадварот, можна казаць пра паразу ў выпадку такіх інвэстыцый як Мажэйкі ці радовішча Імэ (Yme). Страчаныя вялізарныя сродкі. Нарвэская інвэстыцыя PGNiG уражвае памерамі фінансавых уліваньняў (1,5 мільярды даляраў). Аднак, калі прааналізаваць кошты, зьвязаныя зь рэалізацыяй, атрымаецца, што ў Польшчы гэта была б танейшая інвэстыцыя, якая б хутчэй вярнулася. У Польшчы падаткі на здабыцьцё нафты й газу мінімальныя ў параўнаньні з Нарвэгіяй. Таму на маю думку мы маем страчаную магчымасьць. PGNiG занядбала інвэстыцыі ў пошук ды здабычы сыравіны ў Польшчы. Замест гэтага фірма выправілася ў далёкае падарожжа ў Нарвэгію. Зьвярніце ўвагу, фірма хваліцца памерамі інвэстыцыі, прыходамі, але не інфармуе, які мае прыбытак. Баюся, што прыбытку можа й ня быць. Фірма прадстаўляе агульную інфармацыю пра прыходы ўсяго сэгмэнты. Там ёсьць пазытыўная тэндэнцыя, але ў Польшчы кошты былі б нашмат меншыя.

Ці Польшча мае дастатковыя рэзэрвы энэргасыравіны, каб інвэставаць у здабыцьцё? Пра якія лічбы ідзе размова?

Анджэй Шчэсьняк: У Польшчы ёсьць што здабываць. Ня лічачы запасаў сланцавага газа, якія пакуль кепска палічаны, адных толькі клясычных запасаў разьведаных геолягамі каля 1600 мільярдаў м3. Гэтага хапіла б Польшчы на 100 год. Зразумела, што гэта патэнцыйныя запасы, але яны разьведаныя. Польшча нават сёньня ў маштабе ЭЗ зьяўляецца краінай, якая даволі шмат здабывае сама. Галоўны клопат з нашымі, што яны не распрацоўваюцца. Штогод PGNiG скарачае колькасьць радовішчаў прыгатаваных да здабычы. 10 год таму было іх 100, сёньня менш за 80. Фірма больш здабывае сыравіны, чым рыхтуе новыя радовішчы пад здабыцьцё. Польскія радовішчы разьведаныя і чакаюць толькі на здабычу. Да таго ж кошты тут значна ніжэйшыя, чым у моры, плюс ніжэйшыя падаткі. Але канцэрн не інвэстуе ўнутры краіне.

Канцэрн PGNiG паведаміў, што сёлета фірма здабыла 571 тысячу тон нафты ды паўмільярда м3 газу з нарвэскіх радовішчаў. У плянах да 2022 года выйсьці на ўзровень здабыцьця: 2,5 мільярдаў м3 газа ў год.

Гадавое запатрабаваньне Польшчы на газ складае 16 мільярдаў м3 у год.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт