Logo Polskiego Radia
Print

79 гадоў таму ў Нямеччыне прайшла «Крыштальная ноч»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.11.2017 18:48
«Крыштальная ноч» засьведчыла, што пэрыяду толькі заканадаўчых антыгабрэйскіх актаў прыйшоў канец і насталі чорныя часы для габрэяў.
Члены СА разьвешваюць плякаты з заклікам байкоту габрэйскіх крамаў, 1930-я гады, БэрлінЧлены СА разьвешваюць плякаты з заклікам байкоту габрэйскіх крамаў, 1930-я гады, Бэрлінcommons.wikimedia.org/Bundesarchiv/CC BY-SA 3.0 CC

У ноч з 9 на 10 лістапада ў Трэцім Рэйху мела месца «Крыштальная ноч» – першая масавая акцыя прамога фізычнага насільля ў адносінах да габрэяў, іх маёмасьці й месцаў юдэйскага рэлігійнага культу. «Крыштальная ноч» стала паваротным пунктам у лёсе нямецкага й аўстрыйскага габрэйства й вешчуном «канчатковага вырашэньня» габрэйскага пытаньня наогул.

«Крыштальная ноч» таксама засьведчыла, што пэрыяду толькі заканадаўчых антыгабрэйскіх актаў прыйшоў канец і насталі чорныя часы для габрэяў. Пасьля «Крыштальнай ночы» паток габрэйскіх эмігрантаў зь Нямеччыны й Аўстрыі рэзка павялічыўся, аднак нават у кастрычніку 1941 году ў гэтых краінах усё яшчэ заставалася прыкладна 164 тыс. габрэяў.

«Толькі той, у венах каго цячэ нямецкая кроў, можа належыць да народу, таму ані адзін габрэй членам народу быць ня можа», – гэта словы Адольфа Гітлера, якія фюрэр напісаў у кнізе «Майн Кампф». Можна сказаць, што пачатку «Крыштальнай ночы» трэба шукаць у згаданай злавеснай кнізе.
Распавядае гісторык Цэзары Круль.

Цэзары Круль: Не да канца дакладна вядома, але хутчэй за ўсё тэрмін «Крыштальная ноч» быў прыдуманы ў Міністэрстве прапаганды Рэйху. Антыгабрэйскія пагромы здарыліся ўначы з 9 на 10 лістапада 1938 году ў буйнейшых гарадах Нямеччыны й Аўстрыі, хаця на правінцыі таксама мелі месца антыгабрэйскія эксцэсы. Ахвярамі пагромаў былі людзі, сынагогі й крамы, уладальнікамі якіх былі габрэі. І адсюль назва ночы – «Крыштальная», ад бітага шкла вітрын крамаў.

А прэтэкстам стаў замах з 7 лістапада 1938 году на Эрнста Вата, нямецкага дыплямата з амбасады Германіі ў Францыі. Замах зьдзейсьніў польскі габрэй, 17-гадовы Хэршэль Грыншпан, сям’я якога пакінула Польшчу ў 1911 годзе й пасялілася ў Нямеччыне. Хэршэль выехаў у Парыж у 1936 годзе. У кастрычніку 1938 года ён даведаўся, што нямецкія ўлады дэпартавалі ў Польшчу каля 13 тыс. габрэяў, грамадзян Польшчы, у тым ліку яго бацькоў. Ён вырашыў адпомсьціць за дэпартацыю й зьвярнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці на перасьлед габрэяў у Трэцім Рэйху, пастанавіўшы застрэліць нямецкага пасла ў Парыжы. Аднак адбылася памылка й быў забіты дыплямат.

Міністар прапаганды Гёбэльс, атрымаўшы вусную інструкцыю ад Гітлера, запусьціў сваю махіну. Пачалося ўзгадненьне пагромаў зь мясцовымі структурамі СА, СС, НСДАП і маладзёвай арганізацыяй Гітлерюгенд. Паліцыя атрымала загад ня ўмешвацца ў інцыдэнты й нават тайна дапамагаць пагромшчыкам. Пагромы праходзілі арганізавана паводле акрэсьленага пляну.

10 лістапада гітлераўская прапаганда паведамляла пра пагромы як пра спантанныя дзеяньні нямецкага грамадзтва, абуранага замахам на нямецкага дыплямата. Насамрэч «Крыштальная ноч» была цынічна заплянаванай акцыяй, у якой звычайныя грамадзяне ўдзелу амаль ня бралі.

Габрэйскія дамы, бальніцы й школы былі разрабаваныя, нападаючыя разбуралі будынкі кувалдамі. Больш за 1000 сынагог былі спаленыя, а больш за 7 тыс. будынкаў і крам, якія належалі габрэям, былі разбураныя ці пашкоджаныя.

Агульны ўрон склаў 25 млн рэйхсмарак, зь якіх каля 5 млн прыйшлося на пабітыя вітрыны. Выдаткі на аднаўленьне шкоды й разбор рэшткаў разбураных сынагог былі ўскладзеныя нацысцкімі ўладамі на габрэйскія абшчыны.
вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт