Logo Polskiego Radia
Print

Апэляцыйны суд падоўжыў тэрмін пакараньня расейскага шпіёна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.12.2017 14:23
Станіслаў Ш. прайшоў падрыхтоўку і абавязаўся перадаваць інфармацыю пра польскую энэргетыку.
pixabay.com/CC0

Варшаўскі апэляцыйны суд павысіў меру пакараньня для Станіслава Ш., юрыста з грамадзянствам Польшчы і Расеі, з чатырох да сямі гадоў. Суд абвастрыў прысуд, узяўшы пад увагу заяву Мазавецкага аддзяленьня польскай пракуратуры па пытаньнях арганізаванай злачыннасьці і карупцыі – піша сайт “Niezalezna.pl”.

Станіслаў Ш. у сакавіку гэтага году быў прызнаны вінаватым за «удзел у дзейнасьці расейскай выведкі (ГРУ), накіраванай супраць Польшчы». Гэта была дзейнасьць у шкоду эканамічным інтарэсам Польшчы, у тым ліку гаворка ішла пра энэргетычную бясьпеку.

Станіслаў Ш. прайшоў апэрацыйную падрыхтоўку і абавязаўся перадаваць інфармацыю пра польскую энэргетыку, у першую чаргу газапорт у Сьвінауйсьці. Гаворка ішла пра доступ да дакладу Вышэйшай кантрольнай палаты па справе газавых кантрактаў і капіраваньне дакумэнтаў. Дзеля гэтага Станіслаў Ш. рабіў выгляд, што ён піша доктарскую дысэртацыю пра рынак газу ў Польшчы і ў Расеі, ён таксама знайшоў працу ў юрыдычнай кансультацыі, прымаў удзел у канфэрэнцыях, хадайнічаў за стажыроўку ў Міністэрстве эканомікі.

Акружны варшаўскі суд пацьвердзіў, што праўнік вёў актыўную разьведдзейнасьць, удалося яму атрымаць зьвесткі ад двух інфарматараў, узамен за матэрыяльную выгаду. Станіслаў Ш. быў актыўны ў журналісцкім асяродзьдзі, шукаў крыніц інфармацыі сярод журналістаў ды экспэртаў, якія займаюцца энэргетычнай галіной, сам пісаў артыкулы ў газэты, між іншым пра «неабходнасьць эўрапеізацыі Расеі», бараніў Расею пасьля анэксіі Крыму.

Станіслаў Ш. быў арыштаваны ў 2014 годзе разам з падпалкоўнікам Войска Польскага, які таксама вёў шпіёнскую дзейнасьць на карысьць расейскай выведкі. У сувязі з гэтай справай некалькі расейскіх дыпляматаў былі выдаленыя з Польшчы.

Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт