Logo Polskiego Radia
Print

Лічбавай эканомікі без прававой дзяржавы ня створыш

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.12.2017 19:18
  • Лічбавай эканомікі без прававой дзяржавы ня створыш.mp3
Ідэя разьвіваць у Беларусі эканоміку будучыні – добрая, але мары могуць сутыкнуцца з суровай рэчаіснасьцю – кажа экспэрт.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Ці пасьля падпісаньня новага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі Беларусь ператворыцца ў рэгіянальны цэнтар лічбавай эканомікі? Ці Беларусь спыніць транзыт нафтапрадуктаў праз парты ў краінах Балтыі? Якія гарады выйграюць ад таго, што МЗС Беларусі дазволіць знаходзіцца ў краіне бязь візаў 10 дзён? Галоўныя падзеі мінулых 7 дзён у «палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко і дасьледчык EAST Center Андрэй Елісееў.

Праграмы адраджэньня вёскі не працуюць

За два гады колькасьць бедных у Беларусі павялічылася ў два разы. Праблемы з забесьпячэньнем базавых патрэбаў адчуваюць 29% насельніцтва. Такія лічбы апублікаваў у сваёй працы экспэрт цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC Алег Мазоль. Што трэба рабіць, каб колькасьць бедных пачала скарачацца?

Андрэй Елісееў: З высноваў гэтага ж дасьледаваньня BEROC вынікае, што беднасьць дамінуе ў сельскай мясцовасьці – у асноўным з прычыны вельмі абмежаванага выбару месцаў працы. Таму дасьледчыкі ставяць пад сумнеў дзяржаўную палітыку па адраджэньні сельскай мясцовасьці. Яны раюць зьмяншаць няроўнасьць у разьвіцьці сяла й горада. Да таго ж выявілася, што ў Беларусі ёсьць вялікія рэгіянальныя адрозьненьні. Беднасьць у Берасьцейскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласьцях значна больш пашыраная, чым у Гарадзенскай Аналіз таксама сьведчыць, што колькасьць дзяцей ды наяўнасьць эканамічна неактыўных асобаў у сям'і зьяўляюцца важнымі фактарамі павялічэньня рызыка беднасьці. У групе рызыкі знаходзяцца і самотныя маці.

Такім чынам, навукоўцы робяць выснову, што каб паменшыць беднасьць у Беларусі, патрэбна ствараць у сельскай мясцовасьці дадатковыя месцы працы, прычым ня толькі ў сельскай гаспадарцы. Неабходныя лепей прадуманыя захады ў сфэры адукацыі і плянаваньня сямʼі. Асаблівую ўвагу трэба надаць Берасьцейскаму, Гомельскаму і Магілёўскаму рэгіёнам.

Паліўныя патокі праз краіны Балтыі не перасохнуць

Беларусь паставіць першую партыю нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Пра гэта канцэрн «Белнафтахім» заявіў 8 сьнежня. Расея даўно дабівалася, каб Менск транспартаваў дызпаліва і бэнзін праз парты пад Пецярбургам. Крамлю не падабалася, што грошы за транспарт вырабленых з расейскай нафты прадуктаў трапляюць у кішэні «варожых» яму дзяржаваў. Ці пастаўкі праз Летуву й Латвію спыняцца? Ці выйграе на гэтым Беларусь?

Андрэй Елісееў: Відавочнае жаданьне Менска не павялічваць сваю залежнасьць ад Расеі ў гэтым пытаньні. Насамрэч перавозка праз балтыйскія краіны эканамічна выгаднейшая, таму «Беларуськалій» у 2013 годзе нават выкупіў траціну аднаго з тэрміналаў у літоўскім порце Клайпеды. Таму выглядае, што зараз гаворка вядзецца выключна пра пробную пастаўку. Суцэльна пераходзіць на расейскія парты бяз пэўных выгодных узаемнасьцяў ад Расеі Менск ня будзе. Ды й надта прэсаваць Беларусь напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі Крэмль наўрад ці будзе. Але ж Масква мае яўны інтарэс перанакіраваць транзыт беларускіх нафтапрадуктаў ды іншых тавараў у свае парты, і пытаньне гэтае будзе адназначна падымацца і надалей, а двухбаковыя перамовы па гэтым пытаньні працягнуцца.

Усходняя Беларусь рызыкуе застацца за бортам турыстычнага буму

Міністэрства замежных справаў Беларусі плянуе павялічыць тэрмін знаходжаньня замежнікаў на сваёй тэрыторыі бязь візаў да 10 дзён. Пра гэта 8 сьнежня заявіў намесьнік начальніка галоўнага консульскага ўпраўленьня МЗС Аляксандр Ганевіч. Якія гарады выйграюць ад прытоку турыстаў, і што трэба рабіць іншым, каб прыцягнуць замежных гасьцей?

Андрэй Елісееў: Відавочна, што ад гэтай схемы выйграе перадусім Менск, а іншыя гарады наведвае невялікая доля замежных турыстаў. На дадзены момант Горадня таксама выйграе ад асобнай бязьвізавай схемы праз Польшчу й Летуву. Такая сытуацыя, пры якой усходняя Беларусь збольшага выпадае з арэалу замежных турыстаў, ужо яскрава заўважная нават на прыкладзе нядаўна выдадзеных турыстычных дапаможнікаў па Беларусі. Там Меншчыне адведзена куды болей месца за ўсе ўсходнія рэгіёны разам узятыя.

Вядома, гэты перакос ставіць беларускія рэгіёны ў зусім няроўныя ўмовы. А Полацку, Тураву, Браславу, шмат якім іншым малым гарадам, ня кажучы ўжо пра абласныя, ёсьць чым парадаваць замежных гасьцей. Беларусь – вельмі кампактная краіна, і міжнародны аэрапорт знаходзіцца ў самай яе сярэдзіне. А да Магілёва ці Віцебска даехаць ад сталіцы – тры гадзіны, што зусім няшмат. Трэба ствараць адмысловую рэкляму турыстычных паслугаў у беларускіх рэгіёнах, каб яна была лёгка даступная па прыбыцьці ў аэрапорт і ў інтэрнэце.

Нават крыптавлюце патрэбная прававая дзяржава

11 сьнежня кіраўнік Беларусі правёў нараду па праекце дэкрэту аб разьвіцьці лічбавай эканомікі. Лукашэнка паабяцаў стварыць «надзейную гавань» для ўсіх, хто займаецца тэхналёгіяй блокчэйн, вялікімі дадзенымі й штучным інтэлектам. У Беларусі ўзьнікне новы цэнтар па разьвіцьці тэхналёгіяў будучыні альбо зьявіцца новы афшор? Наколькі вялікія шанцы таго, што ў Беларусь прыйдуць распрацоўшчыкі крыптавалюты й штучнага інтэлекту?

Андрэй Елісееў: Задума сапраўды амбітная і на добры лад чаканая, бо сэктар інфармацыйных тэхналёгіяў у Беларусі – адна з самых пасьпяховых сфэраў эканомікі, і гэты посьпех трэба разьвіваць. Гэтыя дзяржаўныя захады павінны даць, пэўны імпульс інфарматычнай галіне, але такія акалічнасьці, як адсутнасьць вяршэнства права і незалежнай судовай сыстэмы будуць непазьбежна стрымліваць разьвіцьцё. І пэрспэктыва таго, што ў Беларусь прыйдзе магутны прыватны капітал, які можа падтрымліваць альтэрнатыўныя палітычныя сілы, несумненна непакоіць Лукашэнку. Дарэчы, нядаўна ён сам ускосна спасылаўся на гэта, кажучы, што «зарабляючы сабе, не забывайцеся, калі ласка, што жывяце ў канкрэтнай краіне», і што «я буду гарантаваць вам стабільнасьць і неўмяшальніцтва, але парадак ніхто не адмяняў».

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт