Logo Polskiego Radia
Print

NATO-Беларусь: для лепшага кантакту ды стабільнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.02.2018 16:05
  • НАТО-Беларусь.mp3
У польскай сталіцы адбылася дыскусія пра адносіны паміж Паўночнаатлянтычным альянсам і Беларусьсю.
Foto: Y.Likhtarovich

Размова ішла пра магчымасьці ды абмежаваньні ў двухбаковым узаемадзеяньні.

NATO ды Беларусь маюць даволі зьменлівую гісторыю адносін. На пачатку 1990-ых гадоў Беларусь пачала наладжваць стасункі з Паўночнаатлянтычным альянсам. Менск далучыўся да праграмы «Партнэрства дзеля міру», праводзіліся сустрэчы на вышэйшым узроўні ды навучальныя паездкі беларускіх вайскоўцаў у NATO і візыты натаўскіх спэцыялістаў у Беларусь. Аднак пасьля 1996-га года, гэтыя кантакты спыніліся, Менск вярнуўся да савецкай рыторыкі й пачаў успрымаць NATO, як ворага. У апошнія гады градус варожасьці зьнізіўся, узнавіліся кантакты паміж Менска ды штаб-кватэрай Альянсу. Пэрспэктывы далейшых адносін сталі тэмай абмеркаваньня ў Варшаве. У польскай сталіцы адбылася міжнародная экспэртная канфэрэнцыя «NATO-Беларусь: лепшае ўзаемаразуменьне для даверу й стабільнасьці». У сустрэчы ўзялі ўдзел экспэрты з Польшчы, Беларусі, Славаччыны, Украіны ды ЗША.

Погляды на адносіны NATO-Беларусь сярод экспэртаў падзяліліся. Так Павал Усаў з Цэнтру палітычнага аналізу ды прагнозу зазначыў, што Менск надалей бачыць у NATO ворага.

Павал Усаў: Два дні таму адбылася сустрэча беларускай Рады бясьпекі, падчас якой Лукашэнка зазначыў, што Беларусь зьяўляецца расейскім фарпостам на Захадзе. Запатрабаваў ад Расеі грошай на мадэрнізацыю беларускай арміі.

Гэта вынікае з таго, што Беларусь успрымае сябе надалей як частку расейскай прасторы, перакананы Аляксей Лявончык з Беларускага дому.

Аляксей Лявончык: У беларускіх дзяржаўных СМІ Расея фігуруе як частка ўнутранай палітыкі. Менавіта так беларуская тэлевізія падае інфармацыю пра Расею. Беларусь успрымаецца як частка аднаго сьвету з Расеяй. Дзяржаўны наратыў гаворыць пра расейскія справы, як пра ўнутраныя для Беларусі. NATO прысьвячаецца малая ўвага.

Беларусы глядзяць расейскія СМІ ды ў большасьці вераць ім. Для сёньняшняй Расеі NATO – гэта вораг дадаў аналітык ЕАST цэнтру Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісеў: Расейскія СМІ вельмі папулярныя ў такіх краінах як Беларусь ці Малдова. У Беларусі дзейнічаюць так званыя расейскія гібрыдныя каналы. То бок фармальна яны беларускія, але беларускі зьмест там замяняе толькі меншую частку агульнага кантэнту. Для больш чым 40% беларусаў расейскія СМІ зьяўляюцца асноўнай крыніцай інфармацыі, а 2/3 насельніцтва часткова верыць расейскім СМІ.

З моманту вайну ва Ўкраіне расейскія СМІ паказала неаднаразова, як яны маніпулююць інфармацыяй. У Беларусі таксама NATO ня раз прадстаўлялі ў кепскім сьвятле. Аднак адносіны NATO-Беларусь – гэта ня толькі варожасьць, перакананы міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: Беларусь зьяўляецца партнэрам NATO з 1992-га года. Удзельнічала ў праграме «Партнэрства дзеля міру», мае індывідуальную праграму супрацы, была нават асацыяваным чальцом Парлямэнцкай асамблеі NATO. Яшчэ адзін пазытыўны момант супрацы з NATO, гэта навучаньне беларускіх афіцэраў у Цэнтры па бясьпецы NATO. Розныя курсы там прайшло больш за 60 беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку й генэрал Мальцаў, які двойчы быў міністрам абароны Беларусі.

Прысутны сярод экспэртаў аналітык ЕАST цэнтру Аляксандар Папко падкрэсьліў, што «слоўныя атакі на NATO», гэта больш рытуал для беларускіх чыноўнікаў. Насамрэч, Менск ня хоча цяпер псаваць адносіны з NATO.

Аляксандар Папко: За апошнія месяцы NATO не было важнай тэмай у беларускай мэдыясфэры. Аднак, калі параўнаць з расейскімі СМІ, там NATO прадстаўляецца як варожы блёк, які хоча зьнішчыць Расею. NATO ў Беларусі не надаецца столькі ўвагі. Беларускія ўлады паўтараюць свой непакой у зьвязку з ростам актыўнасьці NATO, але гэта традыцыйная рыторыка. Яна не зьмянялася за апошнія 20 год.

Тым больш, што большасьць беларусаў не хацелі бы станавіцца часткай Расеі, распавёў вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў праф. Андрэй Вардамацкі з Беларускай аналітычнай майстэрні.

Андрэй Вардамацкі: За добрасуседзкія адносіны з Расеяй, эканамічнае збліжэньне выступаюць 60% беларусаў. Калі ж запыталіся пра далучэньне да Расеі на правах суб’екта Фэдэрацыі, як Калмыкія ці Татарстан, то такое юрыдычнае далучэньне падтрымліваюць толькі 4-5% беларусаў.

Расея – гэта сапраўды абмежаваньнем для для наладжваньня супрацы паміж NATOі Беларусьсю, але ёсьць магчымасьці для паляпшэньня дыялёгу, лічыць аналітык Варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі.

Каміль Клысінскі: Магчымасьці супрацы стварае зьмена сытуацыі ды больш агрэсіўная палітыка Расеі, асабліва канфлікт ва Ўкраіне. Гэта стварыла новы кантэкст. Беларусь заняла тут нэўтральную пазыцыю, не падтрымала расейскую агрэсію, не прызнала анэксію Крыма. Гэта ўсё стварае новы кантэкст вакол Беларусі, як краіны, што імкнецца да нэўтральнасьці. Хаця Беларусь застаецца блізкім хаўрусьнікам Расеі. Пра гэта заўсёды трэба памятаць, калі мы кажам пра збліжэньне Беларусі ды NATO.

У польскай сталіцы адбылася міжнароднай экспэртная канфэрэнцыя на тэму «NATO-Беларусь: лепшае ўзаемаразуменьне для даверу й стабільнасьці». Сустрэчу зладзіў Беларускі дом у Варшаве ў супрацы з Нямецкім фондам Маршала ЗША.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт