Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы звольненыя 17 віцэ-міністраў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.03.2018 15:56
  • У Польшчы звольненыя.mp3
Урад працягвае палітыку рэформаў, скіраваную на большую эфэктыўнасьць кіраваньня.
Foto: PAP/Jacek Turczyk

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што прыняў рашэньне пра скарачэньні ва ўрадзе. З пасадамі разьвіталіся 17 віцэ-міністраў.

Сярод звольненых віцэ-міністры марской гаспадаркі, энэргетыкі, эканамічнага разьвіцьця, навакольнага асяродзьдзя, навукі, юстыцыі, аховы здароўя, авіяцыі да інфраструктуры. Таксама звольненыя чыноўнікі з Канцылярыі рады міністраў у рангу віцэ-міністраў.

Кіраўнік польскага ўраду зазначыў, што дадзенае рашэньне прадыктаванае патрэбай зрабіць больш эфэктыўнай працу кабінэту міністраў, зрабіць яго менш палітычным, а больш тэхнакратычным.

Матэвуш Маравецкі: Гэтыя зьмены ня маюць асабістага характару, у першую чаргу мы хочам спрасьціць ды зрабіць больш эфэктыўнай працу ўраду, зьменшыць палітычны слой, і павялічыць слой чыноўнікаў-тэхнакратаў, як гэта мае месца ў больш разьвітых дэмакратыях Заходняй Эўропы.

Кіраўнік палітычнага кабінэта прэм’ера Марэк Сускі паведаміў, што пасьля скарачэньня віцэ-міністраў пачнецца другі этап рэструктурызацыі ўраду. Ён будзе палягаць на скарачэньні колькасьці палітычных кабінэтаў міністраў. Гэтая рэформа патрабуе часу, дадаў саноўнік.

Марэк Сускі: Прэм’ер зазначыў, што прынятыя рашэньні – гэта вынік аўдыту міністэрстваў, а таксама максымалізацыя эфэктыўнасьці працы розных людзей у дачыненьні да іх абавязкаў. У некаторых міністэрствах зьменшыўся абшар абавязкаў, там прасьцей было правесьці скарачэньні. Там, дзе не адбылося зьмяншэньне заданьняў, цяжэй правесьці скарачэньні. Цяпер трэба прадумаць, каму перадаць выкананьне задач, якія былі сярод абавязкаў звольненых віцэ-міністраў. Працэс ідзе, за адзін дзень яго ня зробіш.

У сваю чаргу кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык паведаміў, што ўрад рыхтуе папраўкі ў закон аб Дзяржаўнай службе. Гэтыя папраўкі прывядуць да таго, што польскі ўрад перастане быць палітычным, а стане палітычна-тэхнакратычным.

Міхал Дворчык: Палітыкамі ў чыстым значэньні гэтага слова ва ўрадзе будуць міністры да дзяржаўныя сакратары. Гэта абмяжуе колькасьць палітыкаў ва ўрадзе да прыкладна 50-60 чалавек. Рэшта віцэ-міністраў будуць мець статут намесьніка дзяржсакратара, але дзяржаўнай службы з усімі наступствамі. Гэта значыць, што ім нельга будзе ўдзельнічаць у жыцьці палітычных партый, ня змогуць быць дэпутатамі, ім нельга будзе ўдзельнічаць у публічных палітычных дыскусіях.

Адно з міністэрстваў, якое пазьбегла скарачэньняў у рамках цяперашняй рэформы – гэта міністэрства замежных спраў Польшчы. Галоўная прычына – недахоп кадраў ды перахіл унутранай структуры. У зьвязку з гэтым міністэрства рыхтуе рэструктурызацыю. Пра гэта распавёў журналістам кіраўнік польскай дыпляматыі Яцэк Чапутовіч.

Яцэк Чапутовіч: Галоўная праблема МЗС – занадта малая колькасьць дыпляматаў, асобаў, якія гатовыя паехаць працаваць у амбасадах, затое занадта вялікая колькасьць дапаможнага пэрсаналу, недыпляматаў. Тут назіраецца дыспрапорцыя ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Мы пастараемся рацыяналізаваць структуру кадраў у міністэрстве. Я прыняў рашэньне пра дадатковы набор у Дыпляматычную акадэмію моладзі, якая зможа заняць дыпляматычныя пасады.

Польскі ўрад пачаў рэалізацыю рэформы, скіраваную на дэбюракратызацыю. Ідзецца пра скарачэньне колькасьці палітыкаў ва ўрадзе. Цяперашні кабінэт павінен стаць палітычна-тэхнакратычным.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт