Logo Polskiego Radia
Print

Будынак 1960-х гадоў у Варшаве ўратавалі ад зносу

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 17.07.2018 12:59
На месцы старога ліцэя ў сталіцы Польшчы зьбіраліся пабудаваць небаскробы.
Небаскробы ў цэнтры ВаршавыНебаскробы ў цэнтры ВаршавыФота: pixabay.com/Pokhara1/Public Domain CC0

Будынкі ліцэя імя Клемэнтыны Гафмановай у Варшаве, на вул. Эміліі Плятэр, упісаны ў сьпіс помнікаў архітэктуры. Хаця Варшаўская ратуша імкнулася да таго, каб разбурыць старыя будынкі і замест іх паставіць два небаскробы.

Два будынкі — ліцэя і гімназіі — упісаў у сьпіс помнікаў гісторыі і культуры Мазавецкага ваяводзтва мазавецкі кансэрватар помнікаў Якуб Лявіцкі. Аўтаматычна гэты аб’ект быў упісаны і ў сталічны рэестар. Такім чынам, цяпер толькі ад ваяводзкага кансэрватара залежыць, ці магчыма будзе разабраць або перабудаваць гэты комплекс.

З 2014 года будынак пустуе. Навучальныя ўстановы перанесьлі на вул. Гожу, 88. Варшаўская ратуша дапускала магчымасьць будаўніцтва на гэтым месцы 160- і 180-мэтровага небаскробаў. Але ніхто не купіў гэты ўчастак на таргах. За пляц патрабавалася вельмі высокая цана — 200 млн злотых (амаль 46,5 млн эўра). Да таго ж, мазавецкі ваявода Зьдзіслаў Сіпера адхіліў 95% інвэстыцыйнага пляна для гэтага ўчастка. Магчыма, гэта і ўратавала гістарычныя будынкі ад зьнішчэньня.

Мадэрнісцкія трохпавярховыя будынкі зь вялікімі вокнамі былі ўзьведзены ў 1961-1962 гадах. Яны кантрастуюць з пабудаванымі на тры дзесяцігодзьдзі пазьней небаскробамі Mariott і Oxford Tower. Былы ліцэй узводзілі архітэктары Ежы Баўмілер і Ян Здановіч. Здановіч, дарэчы, праектаваў і Oxford Tower.

На ўваходзе ў гімназію захавалася арыгінальная мазаіка з выявай салдат Войска Польскага, якое было патронам навучальнай установы.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт