Logo Polskiego Radia
Print

Як адрэагуе Канстытуцыйны суд на скаргу Г.Канапацкай?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.08.2018 15:56
  • 22.08.18_палітычнае люстэрка.mp3
Падзеі ў Беларусі пракамэнтуе палітоляг Павал Усаў.
Павал УсаўПавал УсаўФота: Aliaksandr Papko/radyjo.net

Сёньня ў гэтай перадачы закранем настпуныя тэмы:

- Мэта візыту і сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным у Сочы.

- Як адрэагуе Канстытуцыйны суд на скаргу апазыцыйнай дэпутаткі Ганны Канапацкай па пытаньні прызначэньня новага прэм'ера Беларусі?

- І трэцяя справа: міністэрства аховы здароўя пачынае маніторынг збору сродкаў на лячэньне беларусаў за мяжой. Які сэнс гэтага рашэньня?

Падзеі ў Беларусі пракамэнтуе палітоляг Павал Усаў.

*

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з візытам у Сочы, паведаміла БЕЛТА. Праграмай візыту заплянаваны перамовы з Прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмяркуюць шырокі спэктар пытаньняў у разьвіцці беларуска-расейскага супрацоўніцтва, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных аб'яднаньнях і на міжнародных пляцоўках. Магчымасць сустрэчы ў Сочы лідэраў дзьвюх краін абмяркоўвалася 23 ліпеня падчас тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Якая сапраўдная мэта візыту?

Паводле П. Усава, гэта расейская ваенная база ў Беларусі, далейшая інтэграцыя абедзьвюх краін а таксама удзел расейскага бізнэсу ў прыватызацыі сельскай гаспадаркі ў Беларусі.

*

Дэпутат Канапацкая рыхтуе зварот у Канстытуцыйны суд па пытаньні прызначэньня новага прэм'ера Беларусі, паведаміў сайт TUT.BY

У суботу Лукашэнка прызначыў новага прэм'ер-міністра, ім стаў Сяргей Румас. Акрамя таго, зьмяніліся чатыры з пяці намесьнікаў прэм'ера. Кадравыя рашэньні былі прынятыя літаральна за пару дзён, без пазачарговага скліканьня Палаты прадстаўнікоў, у чым дэпутат Ганна Канапацкая ўбачыла парушэньне двух артыкулаў Канстытуцыі, а менавіта артыкулаў 84 і 106, якія вызначаюць парадак прызначэньня прэм'ер-міністра.

Артыкулы Канстытуцыі, на якія спасылаецца Канапацкая, абвяшчаюць, што «прэм'ер-міністр прызначаецца прэзыдэнтам Беларусі са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэньне па гэтым пытаньні прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазьней чым у двухтыднёвы тэрмiн з дня ўнясеньня прапановы па кандыдатуры прэм'ер-міністра».

Як адрэагуе Канстытуцыйны суд на скаргу Канапацкай і ці Указ прэзыдэнта № 327 ад 18 жнiўня 2018 года, на аснове якога адбыліся зьмены ва ўрадзе, страціць сілу?

«Савет Рэспубліканскай Грамадзянскай кампаніі "Наперад, Беларусь!" (якую ўзначальвае Канапацкая- рэд.) патрабуе неадкладна прызнаць страціўшым сілу Указ прэзыдэнта № 327 ад 18 жнiўня 2018 года, аднавіць канстытуцыйную законнасьць у Рэспубліцы Беларусь і правесьці прызначэнне прэм'ер-міністра ў строгай адпаведнасьці з Канстытуцыяй », - сказана ў заяве Савета кампаніі.

Ганна Канапацкая разьмясціла гэтую заяву на старонцы ў Фэйсбуку.

Цяпер Палата прадстаўнікоў на летніх вакацыях, пазачарговае пасяджэньне для прыняцьця рашэньня па новым прэм'еру ня склікалася, але на нарадзе прэзыдэнта па разглядзе кадравых прапаноў прысутнічаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. Ва ўказе кіраўніка дзяржавы ад 18 жнiўня 2018 № 327 аб прызначэнні Румаса прэм'ер-міністрам ёсьць фармулёўка «з наступным узгадненьнем яго назначэньня з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

- На сёння ніякай інфармацыі для каментароў у нас няма. Калі паступіць нейкая афіцыйная дакумэнтацыя, то, магчыма, будзе прызначаная пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў, дзе будзе разгледжана пытаньне прызначэння новага прэм'ер-міністра. Але, магчыма, гэтае пытаньне адкладзецца і да адкрыцьця сэсіі парлямэнта - да пачатку кастрычніка. Пакуль ніякай дакладнай інфармацыі ў нас няма, - распавёў TUT.BY начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Палаты прадстаўнікоў Віталь Ермаловіч.

Праграму дзейнасьці новы ўрад, згодна з Канстытуцыяй, павінен прадставіць парлямэнту ў двухмесячны тэрмін пасьля свайго прызначэньня, а ў выпадку яе адхіленьня прадстаўляе паўторную праграму дзейнасці ўрада на працягу двух месяцаў.

*

Міністэрства аховы здароўя адсочвае паведамленьні аб зборы сродкаў на лячэньне і рэабілітацыю беларусаў за мяжой, у тым ліку для ацэнкі паўнаты аказанай дапамогі ў межах рэспублікі. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела мэдыцынскай дапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая, перадае БЕЛТА.

Як ацаніць гэты маніторынг Міністэрства аховы здароўя?

Калі гаворка ідзе аб неабходнасьці апэратыўнага ўмяшаньня ў кардыялёгіі, неўралёгіі, анкалагічных захворваньняў, то, як адзначыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя, уся дапамога можа быць аказана ў Беларусі. Разам з тым заканадаўствам не забаронена шукаць варыянты і за межамі краіны.

"У міністэрстве і упраўленьнях па ахове здароўя аблвыканкамаў мы займаемся маніторынгам такіх паведамленьняў, каб даць ацэнку, ці ўвесь аб'ём медыцынскай дапамогі і рэабілітацыі гэтае дзіцё або сям'я атрымалі ў нас. Маніторым, для чаго менавіта ажыцьцяўляецца збор грошай", - сказала Людміла Лёгкая.

"Але ёсьць сапраўды цяжкія захворваньні, пры якіх у Беларусі медыцынская дапамога не аказваецца. Існуе камісія ў Міністэрстве аховы здароўя па напраўленьні грамадзян за межы рэспублікі для атрыманьня лячэння за мяжой. Але абавязкова павінна быць зварот бацькоў. Магчыма, некаторыя з іх не ведаюць пра гэта. І у гэтым яшчэ адна з мэтаў нашага маніторынгу - наладзіць кантакт і данесьці інфармацыю, якая дапамога аказваецца ў Беларусі, з якой нагоды бацькі могуць зьвярнуцца дадаткова ", - дадала Людміла Лёгкая.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт