Logo Polskiego Radia
Print

Варшава хоча, каб Кітай адчыніў свае дзьверы польскім кампаніям

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.11.2018 14:13
  • 6.11_пульс эканомікі.mp3
Польшча падрыхтавала найбуйнейшы стэнд на Міжнародны Кірмаш Імпарту Кітая.
Польскі стэнд на кірмашы экспарту ў Шанхаі адчыняюць старшыня Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю Т.Пісуля (L), віцэміністар прадпрымальніцтва і тэхналёгій Т. Касьціньскі (C) і міністар М.Сускі (P)Польскі стэнд на кірмашы экспарту ў Шанхаі адчыняюць старшыня Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю Т.Пісуля (L), віцэміністар прадпрымальніцтва і тэхналёгій Т. Касьціньскі (C) і міністар М.Сускі (P)https://www.paih.gov.pl/20181105/Polska_na_china_international_import_expo#

Польшча падрыхтавала найбуйнейшы стэнд сярод усіх краін Эўрапейскага Зьвязу на Міжнародны Кірмаш Імпарту Кітая. Мерапрыемства ладзіцца ўпершыню й праходзіць у Шанхаі.

У польскім павільёне выставілі свае тавары 82 прадпрыемствы, – паведамляе карэспандэнт Польскага радыё ў Пэкіне Тамаш Саевіч.

Т.Саевіч: На кірмаш у Шанхай прыехалі кампаніі, якія хочуць прадаваць у Кітай польскія прадукты харчаваньня, папулярныя ў Паднябеснай вырабы з янтаром, а таксама фірмы з сэктара новых тэхналёгій.

Тамаш Пісуля, старшыня Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю, якое зьяўляецца галоўным арганізатарам польскай гандлёвай місіі ў Шанхаі, лічыць, што ўдзел у кірмашы зьяўляецца шанцам для польскіх прадпрыемстваў знайсьці партнэраў у Кітаі.

Т.Пісуля: Я думаю, што мы выбралі кампаніі зь вялікім экспартным патэнцыялам, якія вырабляюць тавары вельмі высокай якасьці. Паводле нас, кітайскі рынак лепш заваёўваць якасьцю, чым цаной.

Кітай заяўляе пра намер павялічыць імпарт, у прыватнасьці з дзяржаваў, разьмешчаных на новым шоўкавым шляху.

З двух мільёнаў кампаній, зарэгістраваных у Польшчы, толькі 17 тысяч займаюцца экспартам. Польскія кампаніі экспартуюць пераважна ў эўрапейскія краіны. Найбольш, бо амаль 30 адсоткаў усяго польскага экспарту паступае ў Нямеччыну.

Намесьнік міністра прадпрымальніцтва і тэхналёгій Тадэвуш Касьціньскі (Tadeusz Kościński) заклікае польскіх вытворцаў выйсьці з экспартам за межы ЭЗ.

Т.Касьціньскі: Нам трэба заахвоціць польскіх прадпрымальнікаў пацікавіцца новымі рынкамі звонку Эўразьвязу. Адзін мільярд 400 мільёнаў людзей у Кітаі зьяўляецца аграмадным рынкам. Мы таксама хочам паказаць кітайскім уладам, што Польшча вельмі сур'ёзна ставіцца да супрацоўніцтва з Кітаем. Вядома, у нас ёсьць вялікі імпарт з Кітая – $ 27 млрд, і толькі 2-3 млрд у экспарце. Мы хочам, каб кітайскі бок адчыніў нам свае дзьверы.

Міжнародны кірмаш імпарту ў Шанхаі зьяўляецца першым гэтага віду мерапрыемствам, зладжаным пад патранатам кітайскага ўраду. Прымаюць у ім удзел прадпрымальнікі з больш чым 140 дзяржаваў.

Мерапрыемства працягнецца да суботы.

Эфірны выпуск перадачы Пульс польскай эканомікі ў далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт