Logo Polskiego Radia
Print

«Сто год для Польшчы!» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.11.2018 17:02
  • Сто год.mp3
З усяго сьвету прыходзяць зычэньні на стагодзьдзе аднаўленьня польскай незалежнасьці.
Foto: https://twitter.com/hashtag/DumniZPolski

Палякі гучна адзначаюць 100 гадавіну сваёй незалежнасьці. Гэтая дата атрымала шырокі розгалас і ў сьвеце. З розных краін і ад розных людзей прыйшлі сотні віншаваньняў для палякаў і Польшчы. Для многіх Польшча мае пазытыўныя асацыяцыі.

11 лістапада ў Польшчы адзначалі сотую гадавіну адраджэньня незалежнасьці. Сьвяточныя мерапрыемствы прайшлі з размахам у сталіцы ды па ўсёй краіне. Больш за тое гэтая польская ўрачыстасьць не засталася па-за ўвагай сьвету. З розных куткоў плянэты ў Польшчу працягваюць наплываць віншаваньні ды найлепшыя пажаданьні. Цікава тое, што людзі з розных асародзьдзяў ды розных краін падышлі вельмі крэатыўна, так бы мовіць з душой, да выказваньня палякам шчырых пажаданьняў.

/

Напрыклад, у Летуве найлепшыя пажаданьні палякам з нагоды сотавай гадавіны адраджэньня незалежнасьці выказала Lietuvos gelezinkeliai, то бок летувіская чыгунка, выканаўшы польскі гімн. Выканаўцамі былі сапраўдныя лякаматывы.

«Палякі – вялікія малайцы», Польшча – цудоўная краіна», і «Мы з Вамі» – такія словы падтрымкі для палякаў з нагоды сьвята незалежнасьці прыслалі жаўнеры са шматнацыянальнай дывізіі «Паўночны Ўсход»:

«Палякі дасканала ведаюць цану свабоды, жадаю, каб вы яе ніколі больш не страцілі!»,

«Каб больш ніколі гісторыя не паўтарылася й вы маглі б далей жыць у міры!»

«Зычу вашай краіне і народу далейшага разьвіцьця, няхай Польшча жыве вечна, заможна і дастойна!»

«Сапраўдны гонар служыць разам з польскімі таварышамі й таварышкамі па зброі!»

З такімі словамі да палякаў зьвярнуліся брыгадны генэрал Карэл Рэгка з Чэхіі, паручнік Траміта Густаў з Вугоршчыны, падпалкоўнік Анты Віль’ястэ з Эстоніі, падпалкоўнік Марк Джонсан са ЗША ды іншыя вайскоўцы з розных краін НАТО.

Да найлепшых пажаданьняў для Польшчы і палякаў далучыліся замежнікі, якія жывуць у Польшчы. Яны зазначылі, што Польшча для іх стала новым домам, які яны моцна любяць і жадаюць Польшчы ўсяго найлепшага. Віншаваньні сабраў брытанскі блёгер Патрык Нэй.

Патрык Нэй: Мы прыехалі ў Польшчу з усяго сьвету. Тут мы адчулі сябе ў бясьпецы, заснавалі фірмы, арганізацыі, пазнаёміліся з суседзямі, атрымалі крэдыты, стварылі сем’і ды выгадавалі дзяцей. У нас былі посьпехі ды паразы, мы плакалі, наракалі, сьмяяліся. Бо мы такія як вы, мы сталіся палякамі.

Ня менш цікавую ініцыятыву зладзілі ў Лодзі. Гэта праект песенных віншаваньняў на старонцы »You can sing it« (вы можаце гэта засьпяваць) для Польшчы, які ладзіць лодзінская асацыяцыя «Таварыства Ўсходні дом». Распавядае Зузанна Войдал.

Зузанна Войдал: Запісы прыходзяць з усюль. Між іншым, з Партугаліі, Алепа, Нігерыі, Зімбабвэ, Бераг Слановай Косьці. Я думаю, для гэтых людзей было важна выказаць свае суперажываньні. Яны напэўна параўноўваюць гэта з тым, як у іх адбываецца. У іх таксама ёсьць свае сьвяты. Вядома, палякі будуць гэта інакш перажываць, бо з гэтым зьвязана гісторыя іх сям’і, таму для нас гэта крыху інакш. Усё ж, гэтыя людзі таксама вельмі моцна ўцягнутыя, для іх Польшча мае пазытыўныя асацыяцыі, яны любяць гэтую краіну.

Пажаданьні «Сто год для Польшчы» з нагоды стагодзьдзя польскай незалежнасьці літаральна надыходзілі й працягваюць надыходзіць з усяго сьвету. Мы далучаемся да гэтых віншаваньняў і таксама жадаем Польшчы і палякам – сто год.

З нагоды 100 адраджэньня польскай незалежнасьці многія будынкі ў розных гарадах сьвету асьвяціліся бела-чывонымі колерамі польскага сьцягу.

Парыж
Парыж
Рыа-дэ-Жанэйра
Рыа-дэ-Жанэйра
Хэльсінкі
Хэльсінкі
Нью-Ёрк
Нью-Ёрк
Тэль-Авіў
Тэль-Авіў
Дубай
Дубай

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт