Logo Polskiego Radia
Print

З Новага году ў Польшчы павялічваецца мінімальная зарплата

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.12.2018 22:12
Гэта не адзіная пазытыўная зьмена, якая чакае працуаўладкаваных у 2019 годзе.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Надыход новага году як правіла прыносіць зьмены жыхарам розных краін. Гэта як адмоўныя зьявы, напрыклад, павышэньне цэн і ставак розных паслуг, так і пазытыўныя, скажам, паляпшэньне ўмоваў працы.

Канец старога году і пачатак новага – гэта пераважна падсумаваньне таго, што здарылася на працягу апошніх 12 месяцаў і разважаньне пра тое, што прынясе нам будучыня. У Новым годзе ў Польшчы будзе нямала новаўвядзеньняў. Адны цешаць жыхароў краіны, іншыя крыху палохаюць. Але ў такі сьвяточны дзень, калі людзі вітаюць новы год, лепш казаць пра добрае, а не пра адмоўнае.

Важная зьмена для асобаў у працаздольным узросьце, якія пражываюць і працуюць у Польшчы – з 1 студзеня ў краіне мяняецца стаўка аплаты за гадзіну працы і мінімальная зарплата. «Мінімалка» расьце з 2100 злотых да 2250 злотых – на 150 злотых (прыкладна 40 даляраў ЗША). Стаўка за гадзіну працы павялічваецца на адзін злоты – да 14 злотых 70 грошаў. Міністар працы, сям’і і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска адзначае, што дзякуючы новаўвядзеньням мінімальная зарплата будзе вышэйшая, асабліва калі гэта аплата за першую працу.

Э. Рафальска: Пры мінімальным заробку мы адмовіліся ад гэтак званага субмінімуму, які дазваляў плаціць маладым людзям, якія толькі пачыналі працаваць, толькі 80% мінімальнага заробку. У «мінімалку» цяпер ня будуць уваходзіць розныя дадаткі – напрыклад, за працу ў начны час, за стаж працы. Такім чынам працаўнікі, якія маюць вялікі стаж працы, дадатак за стаж будуць мець асобна, а не ў рамках мінімальнага заробку.

З Новага году пачынаюць таксама працаваць гэтак званыя Працоўныя пляны накапленьня капіталу (Pracownicze Plany Kapitałowe). Гэта сыстэма дабравольнай ашчаднасьці на пэнсію, поўнасьцю прыватная. Грошы ў сыстэму будуць паступаць як з заробкаў супрацоўнікаў, так і зь дзяржаўнага бюджэту. Улады польскай дзяржавы ўводзяць розныя формы дадатковага ашчаджаньня на старасьць, паколькі польскае грамадзтва імкліва старэе, і празь некалькі дзясяткаў гадоў можа аказацца, што салідарная сыстэма выплаты пэнсій ужо ня здольная працаваць, паколькі кожнаму чалавеку ў працаздольным узросьце прыйдзецца ўтрымліваць пэнсіянэра, а гэта немагчыма. Па словах эканаміста Паўла Дабравольскага, дэмаграфічныя працэсы не пакідаюць сумневаў, што дадатковыя ашчаднасьці на пэнсію проста неабходныя.

П. Дабравольскі: Цяпер пэнсія большасьці працуючых – гэта прыкладна 60% іх апошняга заробку. Прадстаўнікі пакаленьня сёньняшніх 20-30-гадовых людзей атрымаюць на пэнсіі толькі каля 30% сваіх апошніх заробкаў. Калі яны хочуць годна жыць на пэнсіі, то яны павінны падумаць пра дадатковае ашчаджаньне на той час, калі выйдуць ужо на заслужаны адпачынак, а не разьлічваць толькі на дзяржаўную пэнсію з Кампаніі сацыяльнага страхаваньня.

Меркаваньнем віцэ-міністра фінансаў Лешэка Скібы, у выніку ўвядзеньня Працоўных плянаў накапленьня капіталу карысьць атрымаюць ня толькі працаўладкаваныя, будучыя пэнсіянэры, але таксама польская эканоміка.

Л. Скіба: Узровень ВУП можа вырасьці на адзін адсотак за некалькі бліжэйшых гадоў. Так станецца дзякуючы павелічэньню інвэстыцый. Новыя інвэстыцыі паявяцца ад росту ўзроўню ашчаднасьці ў эканоміцы. Гэта галоўны станоўчы бок Працоўных плянаў накапленьня капіталу, гэта значыць, доўгатэрміновых праграм ашчаджаньня сродкаў, якія ладзяць наймальнікі.

Закон аб Працоўных плянах накапленьня капіталу пачне дзейнічаць 1 студзеня, але першыя працаўнікі пачнуць адкладваць сродкі ў рамках гэтай праграмы толькі 1 ліпеня. Першымі ў праграму ўвойдуць прадпрыемствы, якія ўладкоўваюць больш за 250 чалавек.

1 студзеня пачне таксама дзейнічаць Фонд салідарнай падтрымкі асоб з абмежаванымі магчымасьцямі. Галоўная мэта фонду – даць магчымасьць асобам з інваліднасьцю ўдзельнічаць ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, – адзначае міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска.

Э. Рафальска: Поўнае фінансаваньне пачнецца толькі ў 2020 годзе, але на працягу цэлага 2019 году будуць паступаць узносы з Фонду працы. Пад канец году ў распараджэньні фонду будзе каля 600 млн. злотых. Гэтыя сродкі можна будзе прызначыць на рэабілітацыю інвалідаў – працоўную, сацыяльную, мэдычную. Гэта павінна палепшыць становішча асоб з абмежаванымі магчымасьцямі і сем’яў з дзецьмі-інвалідамі і з дарослымі асобамі-інвалідамі.

Фонд салідарнай падтрымкі будзе атрымліваць фінансавыя сродкі ня толькі з Фонду працы, але таксама з гэтак званай «даніны салідарнасьці» – 4% ад сродкаў, большых за даход, які складае адзін мільён злотых у год.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт