Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусь неўзабаве стане Расеяй»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 17.01.2019 13:33
Частка экспэртаў заяўляе пра пагрозу рэалізацыі ўкраінскага сцэнару, то бок паглынаньня Масквой Беларусі - польскі партал.
RonnyK/pixabay.com/CC0 Public Domain

«Беларусь неўзабаве стане Расеяй», – паведамляе польскі партал правай арыентацыі Wpolityce.pl. «Дзякуючы валюце», – удакладняе рэсурс. Бяз уласнага грашовага сродку Беларусь страціць магчымасьць праводзіць самастойную эканамічную палітыку, цытуе польскі сайт словы беларускага палітоляга Валеры Карбалевіча. Аглядальнік такім чынам пракамэнтаваў заяву міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які, выказваючыся па тэме беларуска-расейскай інтэграцыі, сказаў, што пакуль што ня мае сэнсу ствараць супольную канстытуцыю й парлямэнт Саюзнай дзяржавы, але агульную грашовую адзінку ўвесьці трэба.

Паводле лёгікі Масквы, галоўны элемэнт інтэграцыі – гэта супольная грашовая палітыка Беларусі й Расеі. У Крамля няма сумневаў наконт таго, што агульнай валютай павінен быць расейскі рубель, не беларускі, зазначае польскі сайт. Пераход на расейскі рубель аўтаматычна азначае супольную крэдытна-грашовую, падатковую й макраэканамічную палітыку. «Без самастойнай валюты Беларусь будзе знаходзіцца ў ролі звычайнай расейскай губэрні», – цытуе словы Карбалевіча польскі партал.

Сайт Wpolityce.pl нагадвае сваім чытачам, што ў апошні час заўважальна ўзмацніўся ціск Масквы на Менск, якая патрабуе больш цеснай інтэграцыі згодна з дакумэнтамі, падпісанымі ў 1999 годзе. Крэмль зазначае, што ад інтэграцыйных працэсаў залежыць далейшая эканамічная дапамога Расеі Беларусі. У Менску падобныя заявы ўспрымаюцца як ультыматум, а частка экспэртаў заяўляе пра пагрозу рэалізацыі ўкраінскага сцэнару, то бок паглынаньня Масквой Беларусі, паведамляе партал.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт