Logo Polskiego Radia
Print

“Беларускі дом” у Варшаве

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.09.2011 15:08
  • Беларускі дом у Варшаве.mp3
У панядзелак у Варшаве адбылося адкрыцьцё "Беларускага дому".

/

Гэта грамадзкая ініцыятыва, якая ставіць перад сабой задачу: дапамагаць і яднаць беларусаў у Варшаве ды Польшчы.

“Беларускі дом” месьціцца ў старой камяніцы ў самым цэнтры варшаўскай сталіцыі на вуліцы Вейскай 13, якая непасрэдна мяжуе з польскім Сэймам і Сэнатам. Гэта месца, дзе віруе палітычнае жыцьцё тутэйшай краіны. Цяпер тут знайшлося месца й для беларускай ініцыятывы. Грамадзкая арганізацыя “Беларускі дом” хоча інтэграваць беларусаў, якія апынуліся ў Варшаве, ладзіць беларускія імпрэзы або дапамагаць тым, хто па палітычных прычынах вымушаны пакінуць краіну. Больш падрабязна распавядае адзін з арганізатараў “Беларускага дому” Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк: Галоўная мэта – аб’яднаць беларусаў Польшчы, Варшавы, так званую новую эміграцыю, людзей, якія прыехалі сюды па розных прычынах: палітычных, эканамічных, студэнтаў, якія прыехалі сюды вучыцца па спэцыяльных стыпэндыяльных праграмах, ці таксама тых, хто вучыцца тут у прыватных унівэрсытэтах за свае грошы. У Варшаве пражывае вельмі вялікая беларуская супольнасьць. Гэта некалькі тысячаў чалавек. Напрыклад, Facebook паказвае, што месца жыхарства Варшаву, а родную краіну Беларусь пазначылі недзе 2 тысячы асобаў.

Зьяўленьне “Беларускага дому” не было б магчымым без удзелу й дапамогі польскага боку: Тэлевізіі “Белсат”, Беларускага радыё “Рацыя”, Цэнтру вывучэньня Усходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэту, Міністэрства замежных справаў ды Фонду “Свабода й дэмакратыя” з Варшавы. Падчас урачыстага адкрыцьця Міхал Дворчык, адзін з заснавальнікаў фонду зазначыў, што “Беларускі дом” – гэта важная справа, якая аб’яднала розныя палітычныя сілы ў Польшчы.

Міхал Дворчык: “Беларускі дом” будзе, з аднаго боку, месцам падтрымкі беларускай апазыцыі ў Варшаве, а, з другога боку, месцам, дзякуючы, якому польская грамадзкая думка будзе атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Пра патрэбу такога месца казалі ўжо даўно. Я вельмі ганаруся тым, што наш фонд змог узяць у гэтым удзел. Гэта сьведчаньне таго, што польскія палітыкі могуць супрацоўнічаць ў імя важных рэчаў.

Былы польскі дыплямат ды сакратар управы фонду Марэк Буцька падкрэсьліў, што “Беларускі дом” – гэта аўтаномная ды поўнасьцю беларуская ініцыятыва.

Марэк Буцька: Стварэньне “Беларускага дому” – гэта сумесная ідэя Міхала Дворчыка, фонду “Свабода і дэмакратыя” ды нашых беларускіх сяброў. Арганізацыі “Эўрапейская Беларусь” і Руху “За Свабоду” ды іншых беларускіх асяродкаў. Фармальна гэта наша памяшканьне, але поўнае права ды аўтаномію на дзейнасьць тут будуць мець нашыя беларускія партнэры. Мы хочам, каб беларускія арганізатары адчувалі сябе тут гаспадарамі й перадаем ім ключы.

Зь беларускага боку падрымку новай ініцыятыве аказвае, між іншым, Рух “За Свабоду”. Распавядае намесьнік старшыні руху Юры Губарэвіч.

Юры Губарэвіч: Гэтую ініцыятыву нельга назваць выключна польскай. Нягледзячы на тое, што яна знаходзіцца ў Варшаве, яна скіраваная перад усім на людзей зь Беларусі, якія прыязджаюць у Варшаву, маюць пэўныя праблемы, альбо вымушаныя пакінуць Беларусь з прычыны перасьледу. Для нас вельмі важна, каб існавалі такія цэнтры. Рух “За Свабоду” падтрымлівае арганізатараў, Алеся Зарэмбюка ды Зьмітра Бародку, у іх дзейнасьці.

На адкрыцьці “Беларускага дома” ў Варшаве было шмат вядомых людзей зь Беларусі. Напрыклад, быў першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, які пажадаў новай ініцыятыве плённай працы на карысьць Бацькаўшчыны.

Станіслаў Шушкевіч: Я прыехаў сюды на адкрыцьцё “Беларускага дому”. Ён вельмі патрэбны. Калі няма такога дома, цэнтра, які аб’ядноўвае дыяспару – гэта вельмі дрэнна. Я хацеў бы пажадаць арганізатарам дзейнічаць на карысьць Беларусі, каб тут не было ніякай крывадушнасьці. Імкніцеся працаваць так, каб ваша праца адбілася добрым чынам у Беларусі.

У сваю чаргу былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч падкрэсьліў, што беларусы павінны й за мяжой арганізоўваць сваё жыцьцё.

Алесь Міхалевіч: Я перш за ўсё хачу пажадаць посьпехаў, каб усё ўдалося й Беларускі дом працаваў. Колькасьць беларусаў, якія жывуць у Варшаве, вельмі вялікая, гэтаксама як і неабходнасьць інфармаваць польскае грамадзтва пра Беларусь. А яшчэ трэба проста арганізоўваць сваё беларускае жыцьцё. Спадзяюся, дом з гэтым справіцца.

Прысутнічаў на адкрыцьці дома й беларускі апазыцыянэр Вячаслаў Сіўчык, які казаў пра тое, што беларускія грамадзкія ініцыятвы ў розных эўрапейскіх краінах павінны супрацоўнічаць.

Вячаслаў Сіўчык: Я падтрымліваю адкрыцьцё беларускага дому ў Варшаве. Я лічу, што гэта вельмі добра, ня толькі як беларускі палітык, які ачольвае Рух “Салідарнасьць-Разам”, што дзейнічае ў Беларусі, але й таму, што мы стварылі Беларускі цэнтар ва Ўкраіне. Мы хацелі б, каб былі скаардынаваныя дзеяньні беларусаў ва Ўкраіне, Летуве й Польшчы, як мінімум. Гэта неабходнасьць.

Паводле словаў прысутных на адкрыцьці Дому беларусаў ды палякаў, студэнтаў, грамадзкіх дзеячоў, “Беларускі дом” у Варшаве - патрэбная ініцыятыва. Кажа Агнешка з Варшавы.

Агнешка: Мне здаецца, што так, бо ён будзе кансалідаваць усіх беларусаў, які жывуць у Варшаве й таксама ў Польшчы, альбо зьбіраць дяцей беларусаў, якія тут народзяцца. Мне здаецца, што гэта добра, калі беларусы будуць зьбірацца й нешта рабіць супольна.

Мікіта зь Беларусі лічыць, што Дом, як цэнтар беларускіх ініцыятываў, патрэбны асабліва пасьля падзеяў сьнежня 2010 году.

Мікіта: Я лічу, што такі дом патрэбен. Ёсьць падобны Беларускі дом у Вільні, ствараецца ў Кіеве. Сёньня “Беларускі дом” адчыняецца ў Варшаве. Пасьля падзеяў 2010 году самае галоўнае тое, што шмат беларусаў зьехалі за мяжу й патрэбныя такія ініцыятывы, якія змаглі б арганізаваць гэтую эміграцыю.

Оля чакае ад новай ініцыятвы, што яна ўзмоцніць беларускую дыяспару ў Польшчы.

Оля: У Варшаве пакуль, на жаль, мала месцаў для беларускай дыяспары. “Беларускі дом” можа стаць адным з такіх месцаў для ўзмацненьня беларускай дыяспары.

У Польшчы даўно вяліся размовы пра тое, што патрэбнае нейкае месца, цэнтар для беларускіх ініцыятываў ці проста сустрэчаў беларусаў. У выніку польска-беларускай супрацы ў Варшаве адчыніў свае дзьверы “Беларускі дом”, грамадзкая арганізацыя, якая хоча дапамагаць ды яднаць беларусаў за мяжой.

Размаўляю Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт