Logo Polskiego Radia
Print

Апазыцыя сустрэлася зь Сікорскім (фота)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.09.2011 14:35
Сікорскі: адносіны Менска з Эўропай будуць такія ж, як стаўленьне беларускіх улад да грамадзтва й апазыцыі.

MSZ

Сустрэча адбылася ў рамках саміту Ўсходняга партнэрства, які сёньня пачаўся ў польскай сталіцы. Зь беларусамі сустрэліся міністар Радаслаў Сікорскі й камісар Рады Эўропы па правах чалавека Томас Хамарбэрг.

Зь беларускага боку ў спатканьні прымалі ўдзел: Уладзімер Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Сяргей Калякін, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Рыгор Кастусёў, Станіслаў Шушкевіч, Марына Адамовіч, Уладзімір Мацкевіч і Ірына Багданава.

Чальцы беларускай дэлегацыі распавялі, як выглядае сытуацыя ў Беларусі й як, на іх думку, павінны выглядаць адносіны паміж Беларусьсю й ЭЗ.

На прэс-канфэрэнцыі Радаслаў Сікорскі адзначыў, што прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці зьяўляюцца паўнавартаснымі прадстаўнікамі Беларусі на саміце Ўсходняга партнэрства.

MSZ

Р. Сікорскі: Мой пасыл прэзыдэнту Лукашэнку наступны: вашыя адносіны з Эўропаю будуць такія ж, як і адносіны з гэтымі людзьмі. Да часу, пакуль у Беларусі будуць адбывацца рэпрэсіі, паглыбленыя стасункі з Эўразьвязам, а тым больш эканамічная дапамога ня будуць магчымымі. Перад прэзыдэнтам Лукашэнкам стаіць выбар: ці пайсьці дэмакратычным шляхам і стаць як генэрал Ярузэльскі, які жыве ў сваёй краіне й зьяўляецца свабодным чалавекам, ці абраць дарогу дыктатараў, якія губляюць уладу і ўцякаюць са сваіх краін.

Камісар па правах чалавека ў Радзе Эўропы Томас Хамарбэрг адзначыў, што РЭ зацікаўленая ў тым, каб дапамагаць беларусам дэмакратызаваць сваю краіну. Рада Эўропы „ня можа дазволіць, каб у цэнтры кантынэнту трывала аўтарытарная дыктатура”, - адзначыў камісар Хамарбэрг.

MSZ

Т. Хамарбэрг: На жаль, мы заўважылі, што пасьля падзей 19 сьнежня сытуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася. Мы ня можам згадзіцца з тым, каб у Эўропе адбываліся такія рэчы. Таму трэба супрацоўнічаць зь беларускай апазыцыяй, з праваабаронцамі, каб дапамагаць вязьням і абараняць правы чалавека. Падчас сёньняшняй сустрэчы я атрымаў важныя парады, як можна гэта рабіць. Мы выказваем салідарнасьць зь вязьнямі, з грамадзянамі, правы якіх парушаюцца.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў адзначыў, што падчас яго знаходжаньня ў Варшаве ў яго кватэру прыйшла міліцыя й пагражала арыштаваць пасьля вяртаньня ў Менск. Някляеў адзначае, што яго гэта не зьдзіўляе.

MSZ

У. Някляеў: Мне падаецца, што гэта робіцца для таго, каб я спалохаўся й тут застаўся. Рэжыму было б на руку, каб уся апазыцыя выехала ў Польшчу й змагалася тут за свабоду польскага народа. Але мы будзем змагацца за свабоду беларускага народа. Я ніколі нікуды ня зьеду. Я вярнуся туды, дзе сядзяць у турмах мае сябры. Я не магу быць тут, ведаючы, што яны там.

Сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава кажа, што падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускай апазыцыі выказалі занепакоенасьць тым, што пазыцыя Эўропы ў дачыненьні да беларускага рэжыму стала больш лібэральнай. Ірына Багданава гаворыць, што ў яе складваецца ўражаньне, што Эўропа няправільна ацэньвае сытуацыю ў Беларусі.

MSZ

І. Багданава: Лукашэнка гуляе. Ён памілаваў і выпусьціў з турмаў вязьняў. Гэта гучыць дзіка! Ён памілаваў невінаватых людзей, якія не павінны былі сядзець. Па-другое, яны не рэабілітаваныя. За імі вядзецца вельмі моцны кантроль. Яны ня могуць гаварыць свабодна, свабодна перамяшчацца. У нас складаецца ўражаньне, што Эўропа дрэнна разумее, што адбываецца ў Беларусі. Наша мэта – патлумачыць Эўропе, што адбываецца. Вызваленьне некалькіх палітвязьняў нічога не азначае. Нават калі будуць вызваленыя ўсе вязьні, то гэта нас і так верне да 19 сьнежня. Нельга забываць, што выбары былі фальсыфікаваныя. У нас нелегітымны прэзыдэнт. Мы хочам патлумачыць: размаўляць са злачынцам нельга. Дыктатары разумеюць толькі сілу. Тут няма месца для перамоваў. Лукашэнку трэба прымусіць вызваліць і рэабілітаваць палітзьняволеных, а зрабіць гэта можна толькі пры дапамозе эканамічных санкцый. Пасьля гэтага трэба настойваць на свабодных і празрыстых выбарах без Лукашэнкі, бо злачынца ня мае права ўдзельнічаць у выбарах.

Саміт УП, на які прыехалі прадстаўнікі беларускай апазыцыі, будзе працягвацца два дні: 29-30 верасьня.

ав
здымкі МЗС Польшчы

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт