Logo Polskiego Radia
Print

Афіцэр міліцыі: Яны ж разумеюць, што зьдзяйсьняюць злачынства

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.02.2012 17:22
Мікалай Казлоў, афіцэр міліцыі, абскарджваў свае 5 сутак арышту. І канешне ж яму адмовілі.

У Менскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова. Афіцэр міліцыі падаваў скаргу на прысуд, вынесены яму ў сьнежні мінулага года. 19 сьнежня ў гадавіну падзей на Плошчы Мікалая Казлова затрымалі каля Кастрычніцкай плошчы, а ў пратаколе напісалі, што ён быў затрыманы каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці, бо брудна мацюкаўся на вернікаў і журналістаў. Быццам бы міліцыянты яму рабілі заўвагі, а афіцэр яшчэ горш сябе паводзіў. У выніку Мікалая Казлова асудзілі да пяці сутак арышту.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў грунтоўна падрыхтаваўся да абскарджваньня гэтага прысуду. Знайшоў сьведкаў, што бачылі дзе і як яго затрымлівалі, зрабіў раздрукоўкі ад кампаніі мабільнай сувязі – на якой “соце” ў пазначаны час затрыманьня быў зафіксаваны ягоны мабільны тэлефон, зьвярнуўся да паслуг адваката.

Аднак судзьдзя Менскага гарадзкога суда Ўладзімір Храбастаў скаргу не задаволіў. Казлоў пасьля паседжаньня суда папрасіў па-чалавечы патлумачыць чым кіраваўся служка Феміды ў сваім рашэньні, але ад камэнтара судзьдзя Храбастаў адмовіўся.

Мікалай Казлоў: Абсалютна ні на чым не грунтуецца гэтае рашэньне, нягледзячы на ўсе довады – мае й адваката. Я ня ведаю, я губляюся, якія тут словы падабраць. Вынікі чаканыя для тых, хто назіраў за гэтай справай. Хаця, калі шчыра, то я разьлічваў, што знойдзецца чалавек, маю на ўвазе судзьдзя, які пабачыць гэтыя аб’ектыўныя зьвесткі й адменіць рашэньне папярэдняга суда. Мне падавалася, што гэта відавочна!

Мікалай Казлоў гаворыць, што ў часе сваёй працы ў міліцыі ён не сутыкаўся з выпадкамі, каб супрацоўнікі міліцыі складалі фальшывыя пратаколы.

Мікалай Казлоў: Я таму й зьдзіўлены, бо такіх сытуацый не было. На мой погляд, у супрацоўнікаў, якія пішуць падобныя пратаколы, мусіць уключацца інстынкт самазахаваньня, бо яны ж разумеюць, што зьдзяйсьняюць злачынства. І тым ня менш гэта робяць, я ўражаны! У адміністрацыйным працэсе іх папярэджваюць аб адміністрацыйнай адказнасьці, але яшчэ 22 студзеня я напісаў заяву з просьбаю прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці гэтых супрацоўнікаў, бо яны напісалі рапарт, выконваючы свае службовыя абавязкі, у выніку чаго я быў незаконна пазбаўлены свабоды на пяць сутак.

Праваабаронца БХК Павал Левінаў з сарказмам гаворыць пра судовую сыстэму краіны.

Павел Левінаў: Суда не было. Вось будынак стаіць з надпісам “Менскі гарадзкі суд”, а правасудзьдзя няма. Ні ў водным з такіх будынкаў Беларусі правасудзьдзя няма. Прадстаўленыя ўсе доказы, што Мікалай не знаходзіўся ля Чырвонага касьцёла. І разам з тым пяць сутак адседзеў і гэта быццам бы справядліва й правільна.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў стаў вядомым у 2010 годзе, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ён у СМІ расказаў пра факт фальсыфікацыі вынікаў датэрміновага галасаваньня ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў верасьні 2008 года, сьведкам чаго ён быў.

Мікалай Казлоў: Гэта мая пазыцыя. Я патрапіў у сытуацыю, калі мусіў прыняць рашэньне. Я прыняў такое, хаця яно можа мне й ня трэба было. Гэта са сфэры прынцыпаў.

Пасьля сваіх скандальных заяў пра фальсыфікацыі выбараў Казлоў мусіў звольніцца. Ён мяркуе, што арышт 19 сьнежня быў помстаю за яго непрыемныя для ўлады словы.

Марыя Кароль, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт