Logo Polskiego Radia
Print

Мігальскі напісаў Лукашэнку

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 08.02.2012 15:06
  • List Migalskiego do Łukaszenki.mp3
Ён патрабуе вызваленьня Зьмітра Бандарэнкі.

Фота:
Фота: gover.pl

Польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі выслаў да Аляксандра Лукашэнкі ліст, у якім патрабуе вызваленьня Зьмітра Бандарэнкі, які на мінулым тыдні напісаў просьбу аб памілаваньні.

„Згодна з Вашым абяцаньнем з 23 сьнежня мінулага году, усе палітычныя вязьні будуць вызваленыя, калі толькі напішуць просьбу аб памілаваньні. Зьміцер Бандарэнка выканаў гэтую фармальнасьць, таму я заклікаю Вас выканаць складзенае абяцаньне й тэрмінова яго вызваліць,” – піша Марэк Мігальскі.

Эўрадэпутат адзначае, што ён сочыць за сытуацыяй Бандарэнкі й будзе ў яго справе зьвяртацца да кіраўніцтва ЭЗ і ў іншыя міжнародныя структуры.

Што кіравала польскім эўрадэпутатам, калі ён вырашыў напісаць ліст беларускаму прэзыдэнту?

М. Мігальскі: Трэба зрабіць усё, каб палітычныя вязьні ў Беларусі выйшлі на свабоду. Між іншым, гэта Зьміцер Бандарэнка, якому я прыходжуся “хросным бацькам”. Гэта такая акцыя арганізацыі LIBEREKO, сэнс якой у тым, каб эўрапейскія палітыкі ахапілі патранатам асобных вязьняў сумленьня. Мы ведаем, што некалькі дзён таму Зьміцер напісаў просьбу аб памілаваньні да Лукашэнкі. Мы спадзяемся, што гэты факт дасьць свае плёны, і Лукашэка публічна пацьвердзіць, што кожны, хто напіша падобнае прашэньне, будзе памілаваны. Трэба нагадаць Лукашэнку, што ён павінен выконваць публічна дадзеныя абяцаньні. Зьміцер Бандарэнка пасьля вельмі цяжкай апэрацыі знаходзіцца цяпер у трагічным стане. Калі ён і далей будзе ў турме, то можа страціць ня проста здароўе, але й жыцьцё. Я мяркую, што гэта ўжо справа не палітычная, а гуманная. Асоба ў такім цяжкім стане не павінна занаходзіцца ні аднаго дня больш у турме. Адсюль і мой ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

У сваім лісьце Марэк Мігальскі ставіць ультыматум Аляксандру Лукашэнку: „Нагадваю Вам, што Эўразьвяз у якасьці ўмовы будучых перамоваў зь Беларусьсю ставіць патрабаваньне вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Якая-колечы супраца з Вашым рэжымам (палітычная, эканамічная) ня будзе магчымай без выкананьня гэтай умовы. Таму я яшчэ раз заклікаю Вас тэрмінова вызваліць Зьмітра Бандарэнку”.

Эўрадэпутат нагадвае, што гэта пазыцыя цэлага ЭЗ.

М. Мігальскі: Якія-колечы эканамічныя й палітычныя стасункі са спадаром Лукашэнкам мы ўзалежніваем ад аднаго факту – вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Нельга размаўляць з асобай, якая ў якасьці закладнікаў трымае сваіх грамадзян.Гэта не мая прыватная пазыцыя, але меркаваньне цэлага ЭЗ, пазыцыя, якую Лукашэнка павінен нарэшце зразумець. Ня будзе размоваў пра эканамічную супрацу ці палітычныя стасункі, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні.

Польскі эўрадэпутат выступае ў абарону ня толькі Зьмітра Бандарэнкі, але й іншых палітычных зьняволеных. Ён выступіў да Эўрапейскай камісіі з афіцыйным зваротам па справе Сяргея Каваленкі.

М. Мігальскі: Я склаў пісьмовы запыт у Эўракамісію па справе Каваленкі. Праўда, камісія мае 6 тыдняў, каб даць мне адказ. Я аднак прасіў, каб пытаньне было разгледжана хутчэй, паколкі пад пагрозай знаходзіцца жыцьцё Каваленкі. Ён галадае, а стан здароўя пагаршаецца з кожным днём, таму часу на роздумы няма. У сувязі з гэтым я спадзяюся, што Эўракамісія хутчэй зоймецца гэтай справай. І гэта стане ня толькі маёй прыватнай ініцыятывай, але справай цэлага Эўразьвязу.

Гэта далёка ня першая ініцыятыва польскага эўрадэпутата ў абарону палітзьняволеных Беларусі. Ён перакананы, што кожны крок мае сэнс.

М. Мігальскі: Я ў гэтым лісьце нікога ні аб чым не прашу. Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца асобай, якую я б хацеў аб нечым прасіць. Аднак такія лісты, звароты, заклікі зьяўляюцца сталым элемэнтам ціску палітыкаў на іншых палітыкаў. І я думаю, што ёсьць сэнс іх пісаць для таго, каб Лукашэнка памятаў, што ўсё залежыць ад яго. Яму трэба ўзяцца за розум, каб ён ня быў апошнім дыктатарам у цэнтры Эўропы ды накіраваў сваю краіну ў бок дэмакратыі й свабоды замест таго, каб вяртацца ў савецкае мінулае. Я думаю, такія лісты маюць вялікае псыхалягічнае значэньне, палітычнае таксама.

Марэк Мігальскі таксама расказаў, што выслаў ліст з просьбаю заняцца пытаньнем палітзьняволеных у амбасаду ЭЗ у Менску, паколькі яе супрацоўнікі маюць большыя магчымасьці рэальнай працы.

ав

tags: by-audio
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт