На сход уварваўся АМАП ды паставіўся да сабраных, як да тэрарыстаў. Ад менскай міліцыі не прагучала ані слова прабачэньня.
Навіны зь Беларусі пачынаюць паволі нагадваць паведамленьне з афрыканскіх краінаў, ахопленых вайною, або хронікі Дзікага Захаду. Летась людзей у Менску затрымлівалі за воплескі „асобы ў цывільным” без прад'яўленьня дакумэнтаў. 17-га лістапада ў Трактарным раёне горада Менска ізноў „асобы ў цывільным” затрымалі 31 непаўнагадовага, завезьлі ў аддзяленьне міліцыі, дапыталі ды выпусьцілі без тлумачэньня прычынаў. Учора нешта падобнае здарылася падчас паседжаньня гістарычнай суполкі „Ліцьвінскі клюб”. У прыватны дом уварваліся „асобы ў масках”. Больш падрабязана пра сытуацыю распавядае адзін з „затрыманых” Зьміцер Хведарук.
Зьміцер Хведарук: Учора прыкладана а палове восьмай вечара пад вакном прыватнага дому пастара Антонія Бокуна раздалося некалькі выбухаў, пачуўся гук бітага шкла і ў кватэру ўварваліся людзі ў масках. Яны сабралі ўсіх у пакоі ды нічога не тлумачылі да зьяўленьня чалавека ў цывільным. Той сказаў, што па тэлефоннай лініі 102 паведамілі, што ў гэтым доме ёсьць падпольная лябараторыя па вырабе наркотыкаў.
Пасьля чаго міліцыянты ніякіх пошукавых дзеяньняў не праводзілі, а завезьлі ўсіх прысутных у міліцыю, - кажа Зьміцер Хведарук.
Зьміцер Хведарук: Пры ўсім гэтым міліцыяны былі бяз зброі, у камуфляжы без пазнавальных знакаў, без сабак, якія шукаюць наркатычныя рэчывы. Вобшуку яны не праводзілі, а запіхнулі нас 30 чалавек у міліцэйскі аўтобус ды завезьлі ў райаддзел. Там мы прасядзелі некалькі гадзінаў, яны перапісалі нашыя дадзеныя ды адпусьцілі без аніякіх тлумачэньняў.
На думку праваабаронцаў, гэта парушэньні правоў ды дзейнага заканадаўства. Людзі павінны пісаць скаргі, - кажа Наста Лойка з праваабарончага цэнтру „Вясна”.
Наста Лойка: Ліцьвінскі клюб існуе ўжо некалькі гадоў, ніколі не ўзьнікала ніякіх праблемаў. На гэты раз іх вырашылі затрымаць, ды яшчэ ў такой грубай форме. Гэта поўны разбой, я спадзяюся, што нехта напіша скаргі, бо такога ў Беларусі даўно не было.
Міліцыя дагэтуль не патлумачыла сваіх дзеяньняў, ня кажучы ўжо пра словы прабачэньня. Сёньня сталі вядомыя шакуючыя падрабязнасьці ўчорашняга затрыманьня.
Андрэй Кім: Падчас абмеркавання кнігі Ф. Аляхновіча „У кіпцюрах ГПУ” ў рамках паседжаньня гістарычнага клюбу, якія ладзяцца штотыдзень у прыватным доме, туды ўварваліся людзі, разьбілі вокны ў дзіцячым пакоі, дзе гуляліся 11 маленькіх дзяцей, напужалі дзяцей, а потым паставілі ўсіх да сьценкі.
Прычына гэтага нападу палітычная, - лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Гэта яшчэ адзін сыгнал з боку беларускіх уладаў адносна дыялёгу з Эўропай.
Віталь Рымашэўскі: Учорашнія падзеі – знакавыя. Гэта брутальнае пасланьне з боку беларускіх уладаў да Эўразьвязу, да эўрапейскай дэлегацыі, якая прыехала ў Менск. Ніякіх нагодаў не было затрымліваць каля 40 чалавек зь гістарычнага клюбу, людзей, якія не займаюцца палітыкай. Уладам гэта было добра вядома. Арыштаваць проста так столькі людзей без дазволу з самага верху, я перакананы, немагчыма.
Прадстаўнікі дэлегацыі Эўразьвязу паведамілі сёньня, што Брусэль ня будзе мяняць сваю палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска, пакуль у краіне застаюцца палітвязьні.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч