Латвія зацікаўлена як у павелічэньні тавараабмену зь Беларусьсю, так і ў набліжэньні гэтай краіны да дэмакратычных стандартаў.
Прэзыдэнт Латвіі, эканаміст ды банкір зь вялікім вопытам, лічыць, што пасьпяховая, дэмакратычная трансфармацыя ў краінах былога СССР – гэта пытаньне часу. Па словах Андрыса Бэрзіньша, краінам Балтыі лягчэй было яе прайсьці з-за кампактнасьці ўласных тэрыторый.
Андрыс Бэрзіньш: Вялікім дзяржавам, напэўна, складаней прайсьці трансфармацыю. Возьмем хоць бы прыклад Польшчы: колькі дзяржаваў з нашага рэгіёну апярэджвалі яе на пачатку дзевяностых? Але Варшава, якая вяла пасьлядоўную палітыку, цяпер дагнала ўсе малыя дзяржавы – яна лідыруе ў рэгіёне. Таму трэба сабрацца зь сіламі, каб рэалізаваць рэформы. Са свайго боку, мы заўсёды пастараемся ў гэтым дапамагчы.
Для Латвіі, па словах кіраўніка дзяржавы, невымерна важнымі застаюцца адносіны зь Беларусьсю, у прыватнасьці, рэгіянальнае супрацоўніцтва Латгаліі й Віцебшчыны, якія мяжуюць з сабою. Дарэчы, нядаўна ў Менску было ратыфікавана пагадненьне аб малым памежным руху паміж дзьвюма краінамі – такім чынам, Латвія стала першай дзяржавай Эўразьвязу, зь якою Беларусь падпісала падобны дакумэнт.
Андрыс Бэрзіньш: Паглядзіце на Беларусь: найлепшым прыкладам зьяўляецца нашы міжрэгіянальныя адносіны. Справа ў тым, што частка Латвіі непасрэдна мяжуе зь Беларусьсю, па абодва бакі мяжы жывуць знаёмыя й сваякі. На працягу апошняга году гэтыя адносіны расьцьвіталі. Латвія дзеліцца сваім вопытам з гэтымі дзяржавамі, высылае туды сваіх экспэртаў. Тое ж робіць і Польшча, і Летува, і Эстонія.
Варта адзначыць, што Латгалія – гэта найбяднейшы рэгіён Латвіі і ўсяго Эўразьвязу. Таму трансгранічнае супрацоўніцтва будзе стымуляваць разьвіцьцё земляў вакол Даўгаўпілса.
Андрыс Бэрзіньш: Калі хтосьці выключаны з гульні, то пачынаюць рабіцца дрэнныя рэчы. Таму так важна супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, якія блізкія ў мэнтальным і культурным пляне. Рух у ды з Эўрапейскага Зьвязу – гэта аб’ектыўная неабходнасьць.
Усе краіны Цэнтральнай Эўропы, як зьвяртае ўвагу прэзыдэнт Латвіі, самі зацікаўлены ў разьвіцьці дэмакратыі ў суседзяў.
Андрыс Бэрзіньш: Такую ж сытуацыю мы маем у Паўднёвай Эўропе: у Італіі або Гішпаніі вялікую ўвагу прысьвячаюць дэмакратызацыі Паўночнай Афрыкі. Яны павінны задумвацца над праблемамі гэтага рэгіёну незалежна ад уласнай волі, бо гэта – іх суседзі. Гэтак жа і ў нашым выпадку. Дапамога нашым суседзям на ўсходзе – гэта лягічная частка палітыкі, бо ў гэтым таксама наш інтарэс.
Андрыс Бэрзіньш падагульніў, што тавараабарот паміж Латвіяй і Беларусьсю ў мінулым годзе склаў амаль тры мільярды даляраў. Па велічыні тавараабароту Латвія займае чацьвёртае месца сярод краін, зь якімі ў Беларусі ўстаноўлены гандлёва-эканамічныя адносіны. А вось для латвійскіх бізнэсмэнаў Беларусь менш прывабная, чым Расея, а нават Летува ці Эстонія.
Ігар Ісаеў