Іран сьпяшаецца на дапамогу Асаду
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
20.02.2012 17:41
Іранскія ваенныя караблі прыплылі ў Тартус.
Гэта сырыйскі порт на ўзьбярэжжы Міжземнага мора. Гэта жэст падтрымкі для сырыйскага рэжыму, піша штодзёнка „Dziennik Gazeta Prawna”.
Іранскія вайсковыя караблі ўжо ў другі раз праплылі праз Суэцкі канал за апошні год. У лютым 2011 году яны прышвартаваліся ў сырыйскім порце Лятака. Гэтым разам у Сырыю прыплылі іранскі крэйсер і грузаход.
Гэта жэст падтрымкі для рэжыму Башара аль-Асада, піша польскае выданьне. Караблі маглі прывезьці зброю ды правіянт для арміі, якая крывава разганяе антыўрадавыя дэманстрацыі, зазначыў Мэгрдад Хонсары з Цэнтру арабскіх ды індыйскіх дасьледаваньняў.
Гэтая іранская падтрымка тлумачыцца тым, што Іран здаўна быў блізкім хаўрусьнікам сэкты Асада, якая кіруе краінай, дзе жыве большасьць сунітаў. Дзякуючы гэтаму саюзу, уплыў Ірана сягае ізраільскіх межаў. Таму іранскія ўлады робяць усё, каб захаваць рэжым, які абвінавачваюць у забойстве як мінімум 5 тысяч чалавек.
Вось ужо некалькі месяцаў Сырыя зьяўляецца сапраўднай парахавой бочкай. Большасьць суседзяў гэтай краіны цісьне на Асада, патрабуючы ад яго сыходу ў адстаўку. Іран знаходзіцца таксама пад ціскам. Міжнародная супольнасьць дамагаецца ад Тэгерану спыненьня ядзернай праграмы. Ізраіль нават пагражае вайной. У адказ на гэта іранскія ўлады дэманструюць сілу: ладзяць вайсковыя манэўры, спынілі пастаўкі нафты ў Эўропу.
Высылаючы свае караблі ў Сырыю, Іран дэманструе сваю рашучасьць, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.
jl