Гэтае сьвята ўведзенае дзеля абароны моўнай ды культурнай разнастайнасьці. Якая моўная сытуацыя ў Беларусі?
Штогод 21-га лютага ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень моўнай спадчыны, або Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтая сьвята ўведзена па рашэньні ЮНЭСКА дзеля захаваньня моўнай разнастайнасьці, спрыяньня шматмоўнай адукацыі ды падтрыманьня моўных традыцыяў, як культурнай спадчыны.
Паводле ЮНЭСКА, сёньня зьнікненьне пагражае 6000 мовам сьвету, а за апошнія 50 гадоў зьнікла ўжо 250 моваў. У складанай сытуацыі знаходзіцца сёньня й беларуская мова. У якасьці размоўнай яе выкарыстоўваюць 23% насельніцтва Беларусі, паведаміў сёньня Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта зьвесткі зь перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году. Пры гэтым беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны. Паводле словаў старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, сытуацыя з мовай складаная, але ёсьць і пазытыўныя зьмены.
Алег Трусаў: Павага да тых, хто гаворыць па-беларуску, значна вырасла, асабліва ў Менску, сярод простага люду. Я гэта заўважаю кожны дзень. Людзі спрабуюць адказваць па-беларуску, альбо на трасянцы, а некаторыя кажуць дзякуй за тое ,што я размаўляю, а самі ня могуць. Па-другое, пасьля 7 гадоў змаганьня мы дабіліся пашырэньня мовы ў нашым транспарце. Пашырылася беларуская мова ў рэкляме, асабліва замежных фірмаў. Самае галоўнае - інтэрнэт, які ў большасьці беларускамоўны. Адмоўнае – гэта адукацыя. Міністэства адукацыі праводзіць ненацыянальную палітыку.
З-за гэткай адукацыйнай палітыкі беларуская мова ў Беларусі стала мовай дыяспары, кажа перакладнік Лявон Баршчэўскі.
Лявон Баршэўскі: Ступень адвучваньня людзей ад роднае мове, што робіцца ў школе, у ВНУ, у чыноўніцкіх установах, дасягнула абсурднага ўзроўню. У гэтым вінавата толькі дзяржава. Гэта этнацыд, мы маем пакаленьне дзяцей, дзяды якіх не гаварылі па-беларуску, яны ня чулі беларускай мовы, дзьве-тры гадзіны ў школе на тыдзень не кампэнсуюць няведаньня мовы. Мова не загінула, але ў роднай краіне родная мова існуе як мова дыяспары.
Разам з тым 40% насельніцтва краіны ўспрымаюць беларускую мову як каштоўнасьць, хаця далёка ня кожны гаворыць на ёй. Сёньня беларуская мова разьвіваецца ў артыстычных колах, сярод літаратараў, музыкаў, кажа старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына”.
Алена Макоўская: У 2009 годзе разам зь лябараторыяй Новак мы праводзілі сацыялягічнае апытаньне. Нас парадавалі вынікі, што беларусы пазытыўна ставяцца да беларускай мовы. Каля 40% ставяцца да яе, як да каштоўнасьці. Гэта добра, але каштоўнасьць – гэта ня тое, чым мы звычайна карыстаемся. Для нас гэта быў пэўны сыгнал, што шмат хто ставіцца да мовы, як да музэйнай каштоўнасьці. Але беларуская мова жыве ды разьвіваецца ў Беларусі. Гэта адбываецца ў пэўных колах: сярод музыкаў, актораў, літаратараў. У прынцыпе, сёньня ў Беларусі ёсьць дзьве краіны ў межах адной. Адна расейскамоўная, другая беларускамоўная.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы Таварыства беларускай мовы ладзіць сёньня агульнанацыянальную дыктоўку.
Алег Трусаў: Мы сёньня праводзім 5 агульнанацыянальную дыктоўку, у два этапы. Запрошаныя нават амбасадары. Дыктоўка адбудзецца ў Менску ў сядзібе ТБМ. Мы робім яе разам зь Белсатам.
Цікавая моўная сытуацыя ў суседняй Расеі. Апроч дамінуючай расейскай там размаўляюць на іншых мовах. Адной з іх зьяўляецца й польская. Некалькі сотняў тысяч расейскіх грамадзянаў роднай мовай лічаць мову Славацкага ды Шымборскай, кажа карэспандэнт Польскага радыё ў Маскве Мацей Ястшэмбскі.
Мацей Ястшэмбскі: Польскую мову можна пачуць сёньня ў цэнтральнай Расеі, Сібіры, на Далёкім Усходзе. На ёй размаўляюць нашчадкі былых фэрмэраў, царскіх катаржнікаў і вязьняў сталінскіх лягераў. Таксама дзеці з паваенных мяшаных сем’яў, калі адзін з бацькоў быў палякам. Іх дзеці імкнуцца вучыць польскую мову. Часта польскую мову, як дадатковую, выбіраюць студэнты расейскіх унівэрсытэтаў. У Расеі курсы польскай мовы ладзяць польскія таварыствы ды палянійныя саюзы. Лекцыі польскай мовы праводзяцца і ў каталіцкіх касьцёлах, дзе працуюць ксяндзы з Польшчы.
Дзякуючы рашэньню ААН Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца ва ўсім сьвеце. Генэральная Асамблея ААН у гэты дзень заклікае дзяржавы-чальцы садзейнічаць абароне й захаваньню ўсіх моваў народаў сьвету.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч