Польскія дэпутаты хацелі сустрэцца з прадстаўнікамі Саюза палякаў Беларусі. Сустрэча адбылася ў Польшчы. Размова ішла пра сытуацыю палякаў у Беларусі.
Учора шэсьць польскіх дэпутатаў з парлямэнцай Камісіі па пытаньнях сувязі з палякамі за мяжой спрабавалі ўехаць у Беларусь.
На мяжы, у памежны пераходзе Кузьніца Беластоцкая, ім было адмоўлена ва уезьдзе на тэрыторыю Беларусі, нягледзячы на наўнасьць дыпляматычных пашпартоў. Беларуская Памежная служба адмовілася тлумачыць прычыны, кажа адзін з дэпутатаў Адам Ліпіньскі з партыі Права і справядлівасьць.
Адам Ліпіньскі: Я задаў пытаньне памежніку, якая прычына. Ён адказаў, што не абавязаны інфармаваць пра гэта. Якая была мэта нашага візыту? Мы хацелі ў першую чаргу паразмаўляць на месцы з актывістамі Саюза палякаў. Мы плянавалі ўзяць удзел у дзьвюх вялікіх сустрэчах. Мы хацелі пазнаёміцца з сытуацыяй палякаў у Беларусі, даведацца пра новыя праблемы, колькасьць якіх усё павялічваецца.
Польскія дэпутаты плянавалі сустрэцца з кіраўніцтвам ды актывістамі Саюза палякаў Беларусі. Апроч таго іх візыт быў выкліканы жаданьнем даведацца, якая сытуацыя палякаў, што жывуць у Беларусі, як ідзе навучаньне польскай мове ды якія пытаньні выклікае Карта паляка. Кажа дэпутат Артур Гурскі.
Артур Гурскі: Зьменшыляся колькасьць гадзінаў навучаньня польскай мовы. Іншая справа – гэта непрызнаньне беларускімі ўладамі Карты паляка. Палякі сутыкаюцца са значнымі цяжкасьцямі, што тычыцца збору дакумэнтаў, патрэбных для пацьверджаньня польскай нацыянальнасьці. Напрыклад, ня ўпісваюць польскае паходжаньне ў дакумэнты. Тыя асобы, якія атрымалі Карту паляка, іх запалохваюць.
Беларускае Міністэрства замежных справаў патлумачыла забарону на ўезд для польскіх дэпутатаў тым, што яны загадзя не паведамілі беларускі бок, грэбуючы ўзаемадзеяньнем зь беларускімі калегамі. Кіраўнік аддзела прэс-службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына зазначыла, што візіты парлямэнцкай дэлегацыі адбываюцца пры наяўнасьці запрашэньня з краіны прызначэньня. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь палякаў не запрашаў.
Польскае міністэрства ў адказ назвала дзеяньні беларускіх уладаў праявай недэмакратычнасьці. Кажа дырэктар прэсавай службы польскага МЗС Паўліна Капусьціньска.
Паўліна Капусьціньска: Міністэрства замежных справаў зь вялікім расчараваньнем успрыняло той факт, што групу польскіх дэпутатаў не пусьцілі на тэрыторыю Беларусі. На жаль, гэта ўпісваецца ў практыку дзеяньняў недэмакратычнай дзяржавы. Нягледзячы на гэта, дзякуючы высілкам польскага консула ў Горадні, сустрэча з прадстаўнікамі Саюзу палякаў Беларусі адбудзецца на тэрыторыі Польшчы.
Гэтыя словы прагучалі ўчора, калі не было вядома, ці спатканьне адбылося. Сустрэча сапраўды адбылася, але на тэрыторыі Польшчы. Спатканьне з польскімі дэпутатамі меля месца ў Саколцы, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі Саюза палякаў у Беларусі на чале са старшынёй Анжалікай Арэхвай ды іншых грамадзкіх арганізацыяў. Падрабязнасьці распавядае намесьнік старшыні Саюза палякаў, вядомы журналіст Анджэй Пачобут.
Анджэй Пачобут: Быў намесьнік старшыні Мячэслаў Яськевіч, намесьніца старшыні Рэната Дэмянчук, прадстаўнікі вэтэранаў польскіх узброеных сілаў ды таварыства рэпрэсаваных і некалькі чалавек ад Саюза палякаў. Мы сустракаліся ў Польшчы, бо беларускія ўлады не дазволілі ўехаць польскім дэпутатам. Павінны былі адбыцца дзьве вялікія сустрэчы: У Сапоцькіне ды Горадні. У Горадні на сустрэчу прыйшло каля 150 чалавек, бо людзі ня ведалі, што не ўпусьцілі.
У Сакулцы размова ішла на тыя тэмы, пра якія дэпутаты зьбіраліся размаўляць зь людзьмі ў Беларусі.
Анджэй Пачобут: Мэтай візыту было паглядзець на месцы на сытуацыю польскай меншасьці ды даведацца пра сытуацыю з Картай паляка. Беларускія ўлады апошнім часам уводзяць розныя абмежаваньні ды запалохваюць людзей. Менавіта гэта сталася прычынай. Іх не пусьцілі, каб сябры польскага парлямэнту не маглі гэта пачуць ад людзей. Пра гэта й ішла размова ў Саколцы.
Неўпушчэньне ў Беларусь стала даволі частай практыкай беларускіх уладаў. Нядаўна ва ўезьдзе ў Беларусь было адмоўлена нямецкаму прадстаўніку па правах чалавека.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаравіч