Logo Polskiego Radia
Print

Выстава прац польскіх мастакоў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.04.2012 16:40
  • Выстава прац польскіх мастакоў Беларусі.mp3
25 красавіка пройдзе аўкцыён працаў, сродкі зь якога будуць прызначаныя на сьвяткаваньне 20-годзьдзя Таварыства польскіх мастакоў Беларусі.

Некалькі дзясяткаў працаў палякаў, якія жывуць у Беларусі, паказаныя на выставе ў Варшаве. 25 красавіка пройдзе аўкцыён гэтых працаў, сродкі зь якога будуць прызначаныя на сьвяткаваньне 20-годзьдзя Таварыства польскіх мастакоў Беларусі, якое пройдзе 19 траўня ў Горадні.

На адчыненай учора выставе прадстаўленыя пераважна карціны, але ёсьць таксама прыклады скультуры. Усіх мастакоў акрамя любові да мастацтва аб’ядноўвае прыналежнасьць да польскай культуры.

Таварыства польскіх мастакоў узьнікла ў 1992 годзе. Яго старшынём зьяўляецца мастак Станіслаў Кічка. Ён адзначае, што іх мэта - „разьвіцьцё польскіх традыцый, мовы й культуры, адраджэньне й разьвіцьцё ўсіх галін польскага й беларускага мастацтва як інтэгральнай часткі сусьветнай культуры”.

С. Кічка: 20 гадоў таму нас было толькі 15 чалавек, якія прыехалі з цэлай Беларусі: Менска, Берасьця, Нясьвіжа, Бабруйска й канешне Горадні. А сёньня ў нас 85 чалавек. Амаль усе нашыя чальцы маюць адукацыю мастацкіх акадэмій ці то ў Беларусі, ці то ў Польшчы, таксама ў Расеі. 25 чалавек належаць да Саюза мастакоў Беларусі. Дзьве асобы маюць званьне заслужаных дзеячоў культуры Польшчы. Таварыства дзейнічае на карысьць адраджэньня польскай культуры й мовы на былых Крэсах.

Саюз палякаў Беларусі не прызнаецца ўладамі Беларусі, аднак арганізацыя знайшла шляхі разьвіцьця, а Таварыства польскіх мастакоў - гэтаму яскравы прыклад, кажа старшыня СПБ Анжаліка Арэхва.

А. Арэхва: Таварыства польскіх мастакоў пры СПБ дзейнічае ўжо 20 гадоў. Яно зьяўляецца адным з найбольш актыўных таварыстваў нашай арганізацыі. Вядома, што гэта мастакі, яны бачаць сьвет па-свойму й спрабуюць пры дапамозе розных тэхнік перанесьці іх на палатно. Дзякуючы таму, што яны паходзяць з тэрыторыі былых Крэсаў, то іх творчасьць яшчэ больш багатая. Яны размаўляюць на польскай мове, паказваюць польскую гісторыю, у сваіх творах расказваюць пра палякаў, якія жывуць у Беларусі, яны папулярызуюць польскую культуру ў Беларусі, але й ня толькі, бо іх працы вядомыя ва ўсім сьвеце. Нягледзячы на складаную сытуацыю СПБ, мы знайшлі свой спосаб існаваньня. Дзейнасьць арганізацыі не спыняецца, яна наадварот разьвіваецца.

Мастацтвазнаўца Марына Загідуліна адзначае, што чальцы Таварыства польскіх мастакоў зьяўляюцца яскравымі прадстаўнікамі таксама й беларускага мастацтва.

М. Загідуліна: Вядома, што яны зьяўляюцца часткай нашай беларускай культуры. І калі параўнаць польскае мастацтва на тэрыторыі Польшчы, то яно адрозьніваецца. Прадстаўнікі гэтага таварыства ўсё ж больш адлюстроўваюць тэндэнцыі беларускага мастацтва, хоць духоўна зьвязаныя з польскім. На выставе прадстаўленыя розныя жанры, напрамкі, гэта вельмі розныя людзі. Можна сказаць, што гэта высокадухоўнае, сакральнае мастацтва: выявы анёлаў, пэйзажы з выявамі помнікаў архітэктуры, жартаблівыя выявы зьвяроў. Можна сказаць, што большасьць гэтых мастакоў працуе на філясафічным узроўні.

Цягам 20 гадоў існаваньня Таварыства мастакі прынялі ўдзел у больш чым 200 калектыўных выставах у Беларусі й Польшчы. Першая выстава таварыства адбылася ў сьнежні 1993 году ў мастацкай галерэі Новага замку ў Горадні. Працы мастакоў знаходзяцца ў калекцыях гарадзенскіх музэеў, а таксама ў прыватных калекцыях ў Беларусі, Польшчы, Расеі, Аўстрыі, Галяндыі, Бэльгіі, Нямеччыне, ЗША, Кітаі й Ізраілі.

ав

C.C. Клічка й А. Арэхва

М.Загідуліна
М.Загідуліна

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/

/
tags: by-audio
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт