Logo Polskiego Radia
Print

Забойца Гангадзэ абвінавачвае Кучму

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.01.2013 14:15
Ва Ўкраіне скончыўся працэс забойцаў журналіста Георгія Гангадзэ.

/

Забойца – былы генэрал міліцыі – атрымаў пажыцьцёвае пакараньне, піша штодзёнка "Rzeczpospolita". Ён называе Кучму замоўцам злачынства.

Справа Гангадзэ ўскалыхнула ўвесь сьвет. Незалежны журналіст, заснавальнік выданьня "Украінская праўда" быў забіты ў 2000-м годзе за сваю прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва вялося 12 гадоў, няраз палітыкі блякавалі пошук праўды. Справа ў тым, што ў выкраданьне й забіцьцё журналіста былі замяшаныя прадстаўнікі вышэйшай улады ва Ўкраіне. Загад аб забіцьці выдаў тагачасны міністар унутраных справаў Украіны Юры Краўчанка, а забіў генэрал міліцыі Аляксей Пукач.

Абвінавачаны ў судзе казаў, што не хацеў забіць Гангадзэ. Ён вывез журналіста за горад, каб даведацца ад яго, на каго ён працуе. Падчас катаваньня Пукач замоцна сьціснуў рамень на шыі Гангадзэ, і той памёр. Аднак суд не паверыў словам былога генэрала. Паводле судзьдзі, матэрыялы сьледзтва ды паказаньні сьведак сьведчаць пра адваротную хаду падзеяў.

Абвінавачаны пагадзіўся з прысудам, дадаючы, што адказнасьць павінны панесьці яшчэ былы прэзыдэнт Леанід Кучма ды тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімір Літвін.

Украінскія экспэрты называюць сьледзтва па "справе Гангадзэ" паразай сыстэмы. Яно цягнулася задоўга й сьведчыць, што кіраўніцтва краіны пагаджалася на злачынствы. Зь іншага боку, вынесены прысуд павінен стаць пачаткам высьвятленьня заблытаных справаў у найноўшай украінскай гісторыі, піша польскае выданьне.

юл

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт