Logo Polskiego Radia
Print

Герой ці тэрарыст?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.07.2012 10:00
  • Дудаеў.mp3
Джахар Дудаеў - постаць вельмі спрэчная ў гісторыі сучаснай Расеі. Адначасова ў іншых краінах ён лічыцца героем.

Прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі, кіраўнік збройнага супрацьстаяньня супраць Расейскай Фэдэрацыі.

Пачатак кар’еры

Нарадзіўся будучы бунтаўнік ў Чачэна-Інгушскай Рэспубліцы 15 лютага 1944 году. Празь некалькі дзён пасьля яго нараджэньня ўся ягоная сям’я была выслана ў Казахстан, адкуль змагла вярнуцца на радзіму толькі ў 1957 годзе. Да 1962 году Дудаеў жыў і працаваў у Грозным, працаваў электрыкам. А ў 1962 годзе быў прызваны на службу ў армію, дзе служыў да распаду СССР. Даслужыўся да генэрал-маёра савецкай авіяцыі.

Дудаеў быў сябрам Камуністычнай партыі і заставаўся ў яе шэрагах да моманту яе забароны ў РФ. У арміі ён адказваў за палітычную падрыхтоўку новабранцаў.

У савецкай арміі

У пэрыяд з 1987 па 1989 прыймаў удзел у савецкай вайсковай апэрацыі ў Афганістане й нават сам кіраваў самалётамі, якія бамбілі Афганістан. Выкарыстоўваў тактыку дывановых бамбардзіровак. Калі ён стаў кіраўніком Чачні, ён адмаўляў свой удзел у барацьбе супраць афганскіх ісламістаў.

Да 1990 году служыў у Эстоніі ў горадзе Тарту як камандзір вайсковага гарнізону. Існуе меркаваньне, што Дудаеў у час абвяшчэньня Эстоніяй незалежнасьці адмовіўся ўводзіць войска ў Талін і блякаваць будынкі ўраду й тэлебачаньня.

Вяртаньне на радзіму

У самой Чачні ў гэты пэрыяд нарастаў нацыянальны рух. У 1990 у Чачні адбыўся нацыянальны зьезд, на якім Дудаеў быў выбраны кіраўніком Выканаўчага камітэту. Агульнаныцыянальны камітэт чачэнскага народу быў у апазыцыі да кіруючай адміністрацыі ў Грозным. Дудаеў патрабаваў адстаўкі ўсяго кіраўніцтва Чачэна-Інгушскай Рэспублікі. А калі ў Маскве 19 жніўня 1991 году адбыўся путч, ён падтрымаў Барыса Ельцына, хаця Вярхоўная Рады Рэспублікі падтрымала арганізатараў перавароту. Гэты крок прычыніўся да ўзросту папулярнасьці Дудаева і ўзмацненьня даверу з боку новых уладаў у Маскве.

Захоп улады

Дудаеў, разам са сваімі паплечнікамі, колькасьць якіх хутка ўзрастала, і якія ўжо мелі зброю ў жніўні 1991 году, напачатку захапіў тэлебачаньне, дзе абвесьціў, што ўлада ў краніе будзе належаць часоваму ўраду, а потым 6 верасьня разагнаў Вярхоўную Раду. Дэпутаты рады зьбіваліся ўзброенымі чачэнцамі, а кіраўнік Грозьненскай гарадзкой рады Віталь Куцэнка быў выкінуты з вакна будынку, у выніку чаго загінуў. 6 верасьня лічыцца Днём Незалежнасьці Рэспублікі.

Вельмі хутка ў Чачні былі праведзены выбары, Дудаеў перамог, набраўшы 90% галасоў. Першым сваім дэкрэтам ён абвесьціў пра стварэньне незалежнай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Рэспубліка не была прызнаная ніводнай дзяржавай, якая ўваходзіла ў склад ААН.

Канфлікт з Масквою

7 лістапада 1991 году Барыс Ельцын сваім указам увёў у рэспубліцы надзвычайнае становішча. У адказ прыхільнікі Дудаева захапілі ўсе адміністрацыйныя будынкі ў Чачні, а Дудаеў перавёў краіну ў стан вайсковай мабілізацыі. Ужо ў той пэрыяд ён абяцаў Расеі „гару нябожчыкаў”. Чачэнцам дазвалялася набываць і захоўвываць зброю. За год чачэнцы змаглі захапіць амаль усю зброю, якую мелі былыя савецкіе вайсковыя часткі, што знаходзіліся на тэрыторыі Чачні.

Палітыка

Дудаеў марыў стварыць Ваенны саюз каўкаскіх рэспублік з мэтай вайсковага супрацьстаяньня Расеі. Чачня як першая прызнала незалежнасьць Грузіі, а Грузія на чале з Зьвіядам Гамсахурдзіям прызнала незалежнасьць Чачні. Калі ж Гамсахурдзія страціў уладу ў Грузіі, ён знайшоў палітычны прытулак менавіта ў Чачні.

Дудаеў намагаўся, каб Чачню прызналі іншыя мусульманскія краіны, але гэта так і не адбылося.

Унутраны хаос

Разам з тым пагаршалася сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне, беспрацоўе складала амаль 80%. Цікава, што зброя была перадана чачэнцам па загаду тагачаснага міністра абароны Расеі Паўла Грачова. Дудаеў імкнуўся ўвесьці ў краіне прамое прэзыдэнцкае кіраваньне, але сутыкнуўся з моцнай апазыцыяй. Дудаеў распусьціў парлямэнт і ўвёў надзвычайнае становішча, што прывяло да вайсковых сутыкненьняў паміж апазыцыяй і прыхільнікамі Дудаева.

Па сутнасьці, у краіне распачалася грамадзянская вайна. Апазыцыяй была паклікана Часовая Рада, якая падтрымлівалася Масквою. Грозны некалькі разоў атакаваўся, і нават быў захоплены, але апазыцыя не змагла яго ўтрымаць.

Сьвятая вайна

У адказ Дудае заявіў, што абвяшчае “сьвятую вайну Расеі”. У лістападзе 1993 году Ельцын падпісаў загад аб увядзеньні войскаў у Чачню. Так пачалася першая Чачэнская вайна.

На Дудаева палявалі расейскія спэцслужбы. На яго было арганізавана некалькі замахаў. 21 красавіка 1996 году, калі Дудаеў размаўляў па тэлефоне з расейскім дэпутатам Баравым, у яго патрапілі расейскія ракеты, у выніку чаго ён загінуў.

Тэрарыст і герой

У Расеі Дудаеў успрымаецца нэгатыўна, тым ня менш, напрыклад, у Тарту (Эстонія) ёсьць мэмарыяльная дошка, прысьвечаная Дудаеву. У Вільні, Рызе ёсьць вуліцы імя Дудаева. У 2005 годзе ў Варшаве таксама зьявілася плошча Джахара Дудаева.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт