Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 14.09.2012 18:20
Фэстываль чатырох культураў.

/

Сёньня запрашаем вас, шаноўныя слухачы, у Лодзь. У колішняй сталіцы польскага тэкстылю пачынаецца „Фэстываль чатырох культураў”. Па сёньняшні дзень у горадзе адчуваецца прысутнасьць вялікіх чатырох народаў і іх культураў: польскай, нямецкай, габрэйскай і расейскай. Прысутнасьць гэтых культураў адлюстроўваецца, напрыклад, у будынках, якія належылі фабрыкам, ці рэлігійных аб’ектах, дзе побач зь нямецкай кірхай стаіць габрэйская сынагога ці каталіцкі касьцёл з праваслаўнай царквой.

Лодзь была заснавана ў XII стагодзьдзі, але сапраўдны росквіт горад дасягну ў XIX стагодзьдзі. Гэта была славутая “зямля абетаваная”. Лодзь сталася самым галоўным у Польшчы ды тагачаснай Расейскай імпэрыі асяродкам тэкстыльнай прамысловасьці. Пачаўся гвалтоўны наплыў насельніцтва й будаўнічы бум. Уладальнікі фабрыкаў будавалі кватэры для рабочых, а побач уласныя палацы. У Лодзі знаходзіцца каля 200 палацаў. Адзін з самых вядомых – гэта палац Пазнаньскіх. Гэта была самая вялікая жылая рэзыдэнцыя ў краіне. Сёньня тут знаходзіцца музэй гісторыі горада. У Лодзі засталося шмат разнастайных помнікаў архітэктуры - сьведкаў польскай, габрэйскай, нямецкай і расейскай культураў. У Лодзі знаходзіцца самы вялікі ў Эўропе кіркут – габрэйскія могілкі.

Аматараў культуры й ведаў у Лодзі чакаюць музэі: музэй гісторыі мастацтва, дзе месьціцца самая старая ў Польшчы калекцыя сучаснага мастацтва, Цэнтральны музэй тэкстыльнай прамысловасьці й Музэй драўлянай архітэктуры, этнаграфічны музэй і астранамічная абсэрваторыя. Можна таксама прайсьці па тэматычных маршрутах, напрыклад, па сьлядах лодзінскіх габрэяў, прамысловай архітэктуры альбо па шляху вілаў і палацаў.

Гэтая гісторыя гораду й стаяла ля вытокаў заснаваньня фэстывалю.

Людзі, якія вырасьлі ў розных культурах, карысталіся рознымі мовамі, супольнымі сіламі стварылі самы вялікі помнік прымірэньня - Лодзь. Драматычная гісторыя мінулага стагодзьдзя спыніла гэты дыялёг. Галякост габрэяў, выгнаньне немцаў і зьмены ў грамадзтве пакінулі на Лодзі велізарную пляму. У 2002 годзе фэстываль ствараўся дзеля таго, каб аднавіць прыгожую традыцыю шматкультурніцкай Лодзі.

Ад 14 па 22 верасьня ў рамках фэстываля пройдуць 40 імпрэзаў. Лейтматывам сёлетняга фэстываля зьяўляюцца „Генэрацыі”. Ад 2011 году арганізацыяй і правядзеньнем фэстывалю займаецца Цэнтар дыялёгу імя Марэка Эдэльмана. Сёлетні фэстываль падзелены на шэсьць частак: кіно, музыку, літаратуру, тэатар, візуальнае мастацтва, а таксама экскурсіі па горадзе, спалучаныя з выкладамі ці майстэрнямі.

Цікавым тэатральным акцэнтам фэстываля можа быць спэктакль "Аповед пра выпадкі сьляпога Макса й Шаі Магната". Гэта аповед пра двух лодзінскіх легендарных злачынцаў. Сьляпы Макс разам са сваім падуладным шантажаваў, судзіў, пагражаў, а нават біў непакорлівых гандляроў. Ён нават сватаў і разводзіў сужонцаў. Ягонае жыцьцё скончылася ў гестапа.

Расейскім акцэнтам фэстываля будзе канцэрт "Мая любоў". Лена Лядовая, якая пастаянна жыве ў Лодзі, засьпявае творы з пэрыяду "залатога веку"савецкага кіно.

У рамках фэстываля выступіць таксама "Квартэт чатырох культураў". У складзе квартэту выступяць Юваль Гацібовіч зь Ізраіля, Мацей Лабэцкі з Польшчы, Канстанцін Манаеў з Расеі й Мах Сімон зь Нямеччыны.

Імпрэзы будуць адбывацца ня толькі ў музэйных ці канцэртных залях, а таксама ў розных цікавых кутках, дзе валадарыць непаўтарымы клімат, зьвязаны з духам гэтага гораду.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт