Logo Polskiego Radia
Print

3.11.1771 - выкраданьне Станіслава Аўгуста Панятоўскага

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.11.2018 08:00
  • 3.11.1771.mp3
Гэта было зьвязана з тым, што Панятоўскі быў фаварытам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ.
Станіслаў Аўгуст ПанятоўскіСтаніслаў Аўгуст ПанятоўскіPhoto: www.polskieradio.pl/aut. Marcello Bacciarelli (1786)Foto: Lwowska Galeria Sztuki, Wikipedia/dp

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выклікаў шмат крытыкі сярод польскай шляхты. Гэта было зьвязана з тым, што Панятоўскі быў фаварытам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ і празь яго Расейская імпэрыя ажыцьцяўляла паступовую экспансію на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Каб спыніць уплывы Расеі ў 1768 годзе была створана Барская канфэдырацыя, у якую ўваходзілі прадстаўнікі вядомых польскіх і літоўскіх родаў: Сапегі, Патоцкія, Красінскія. Уплывы канфэдэрацыі пачалі пашырацца на значныя тэрыторыі Рэчы Паспалітай, што прымусіла Расею ўвесьці войскі, каб падтрымаць караля. Аўгуст Панятоўскі без супраціву пагадзіўся на тое, каб нават польскімі войскамі, якія супрацьстаялі канфэдэратам, кіравалі расейскія генэралы.

13 кастрычніка 1770 году канфэдэраты абвесьцілі акт дэтранізацыі караля і прапанавалі на караля Карла Крысьціна Веціна, князя Курляндыі й Семігаліі. Падрыхтоўка да выкраданьня караля пачалася ў 1771 г. Казімір Пулаўскі быў прызначаны адказным за гэтую справу.

3-ага лістапада 1771 году ў Варшаве па вуліцы Мядовай карэта караля была заатакавана змоўшчыкамі. Адзін з тых, хто суправаджаў караля быў забіты, а ён сам атрымаў удар па галаве. Але канфэдэраты не змаглі да канца выканаць сваю справу. Караля пратрымалі пад Варшавай каля Марымонту і раніцай звольнілі.

У 1773 годзе амаль усе непасрэдныя ўдзельнікі нападу на караля былі схоплены.

Валенты Лукаўскі быў пачвартаваны і спалены, да падобнага пакараньня быў прыгавораны й Казімір Пулаўскі, але ён здолеў уцячы ў ЗША, дзе загінуў падчас вайны за незалежнасьць і лічыцца адным з герояў ЗША. Ян Кузьма быў асуджаны на выгнаньне, але празь некалькі гадоў вярнуўся.

Ці магло б выкраданьне караля змяніць лёс Рэчы Паспалітай, складана сказаць. Але факт - падзеі маглі б пайсьці ў іншым накірунку.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт