Logo Polskiego Radia
Print

Рэдакцыйная пошта

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.11.2012 19:32
  • пошта.mp3
Нашыя слухачы пішуць...

/

Сардэчныя прывітаньні ўсім прыхільнікам Польскага радыё для замежжа!

Шчыра дзякую за пошту, што прыйшла цягам апошніх дзён.
Па традыцыі, я пачынаю нашу сустрэчу зь інфармацыі аб чутнасьці ў розных мясьцінах.
У Запарожжы на поўдні Ўкраіны 3 лістапада нас прыняў Канстанцін Праватораў. Па выніках праслухоўваньня паўгадзіннай перадачы на частаце 12095 кілягерц радыёаматар паставіў наступныя адзнакі: 45454.
5 лістапада віцяблянін Аляксандар Мазго прыняў у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці большую частку трансьляцыі на частаце 9755 кілягерц. З 18.05 да 18.27 UTC назіралася такая чутнасьць: 25532.
Некалькі рапартаў прыйшло ад рыжаніна Андрэя Кузьняцова. Разгледжу адну са справаздач: за 16 лістапада. Прыём вёўся ў горадзе Рэзэкнэ на ўсходзе Латвіі з 14.30 да 15.00 UTC на частаце 12095 кілягерц. SINPO: 34443.

Сёньняшняя “Пара слоў для DX-істаў” прысьвечана замежнаму вяшчаньню з Паўднёвай Карэі і радыё “Znad Wilii”. Сэўл вядзе трансьляцыі на іншыя краіны праз KBS World Radio. Гэты вяшчальнік перадае на карэйскай, ангельскай, французскай, нямецкай, іспанскай, кітайскай, інданэзійскай, віетнамскай, арабскай, японскай і расейскай мовах. Па-расейску KBS World Radio чутно ва Ўсходняй Эўропе цягам гадзіны. Перадача пачынаецца а 18.00 UTC. Яна ідзе на частаце 7235 кілягерц. У Маскве і Маскоўскай вобласьці KBS World Radio можна пачуць а 16.30 UTC на частаце 738 кілягерц. Гэтая рэтрансьляцыя працягваецца трыццаць хвілін. Гэтая інфармацыя ўзята з сайта радыёстанцыі.
Алег Панько, слухач зь Берасьця, запытаўся: “Дзе знаходзіцца перадатчык радыё “Znad Wilii”? Яно вядзе вяшчаньне цэлы дзень? На якой мове?”

Адказваю.
Звыш 20 гадоў радыё “Znad Wilii” трансьлюе праграмы для палякаў у Летуве. Перадача чутна на частаце 103,8 мэгагерц. Дзе дакладна месьціцца трансьлятар гэтай FM-станцыі, мне не ўдалося даведацца. Хутчэй за ўсё ў Вільні ці каля яе. Па маіх назіраньнях, сыгнал станцыі чутны недалёка ад Каўнаса. У Беларусі вяшчальнік ахоплівае шэраг памежных тэрыторый. Радыё “Znad Wilii” рыхтуе праграмы па-польску. Станцыя рэтрансьлюе перадачы на польскай і беларускай мовах. Гэтыя праграмы рыхтуюцца вяшчальнікамі, зарэгістраванымі ў Польшчы. Гаворка ідзе пра Польскае радыё для замежжа ды Эўрапейскае радыё для Беларусі. Больш дакладна аб праграмных прапановах радыё “Znad Wilii” можна пачытаць на сайце станцыі: www.znadwilii.lt.

Шаноўныя слухачы!
У эфіры “Рэдакцыйнай пошты” вы можаце перадаць прывітаньні і віншаваньні сваякам ці сябрам. Калі ласка, прысылайце свае тэксты на абанэнцкую скрынку ў Віцебску ці на электронны адрас dopis@tut.by. Я зачытаю вашыя пажаданьні напрыканцы “Рэдакцыйнай пошты” ў міні-рубрыцы “Віншавальная хваля”.
Прысьпеў час агляду слухацкіх лістоў.
У электронным лісьце рыжанін Андрэй Кузьняцоў ахарактарызаваў перадачу на беларускай мове 18 лістапада на частаце 9755 кГц: “Праходжаньне сыгналу на кароткіх хвалях вельмі нестабільнае: сыгнал на працягу 30 хвілін можа дайсці ад “4” да практычна поўных заміраньняў і вернуцца затым у зыходны стан. Рэальна слухаць гэтае немагчыма, застаюцца толькі сярэднія хвалі й Інтэрнэт!”
У іншым лісьце спадар Кузьняцоў выказаўся аб прычынах дрэннай чутнасьці на 9755 кілягерцах: “Нешта няправільна ці з выбарам частаты, ці з азымутам антэны!”

Максім Бажок прыслаў зь Ліды некалькі электронных лістоў. Цытую адзін з допісаў: “Уключыў сёньня (18 лістапада 2012 года) перадачу а 20.30 на частаце 9755 кГц і акрамя шумоў нічога не пачуў. Моц сыгналу была на 0”.
Яшчэ адзін e-mail прыйшоў зь Ліды. Ён падпісаны Сяргеем Балбасавам (Гомельская вобласьць), Аляксандрам Мазго (Вiцебск), Аляксандрам Ендзам (Лiда). Вось зьмест гэтага ліста: “Добры вечар, Юрась i калектыў супрацоўнiкаў Беларускай службы Польскага радыё! Прабачце, але паведамленьне тычыцца вашага радыёслухача i нашага агульнага сябра – Вiктара Кавалёва з Магiлёва. Жудасная вестка была атрымана аб сьмерцi нашага калегi па DX-хобi, прыемнага сямейніка, удзельнiка фальклёрнага калектыва “Дзiвакi” Вiктара Мiхайлавiча Кавалёва. Жыцьцё нашага сябра абарвалося на 52 годзе. Яшчэ доўга ў нашых сэрцах будзе балець рана, а памяць аб нашым сябры будзе вечнай!”

Дарагія сябры!
Неўзабаве завершаюцца абмеркаваньні, што былі вызначаны на 2012 год. Ужо трэба думаць пра тэмы “Рэдакцыйнай дыскусіі” наступных чатырох кварталаў. Таму запрашаю вас, дарагія сябры, пісаць лісты з прапановамі абмеркаваньняў. Чакаю вашых допісаў да канца лістапада. Слухачы, прапановы якіх будуць прыняты, атрымаюць невялікія падарункі.

Паважаныя слухачы!
Калі ласка, прысылайце допісы на паштовы адрас у Беларусі: абанэнцкая скрынка № 45, горад Віцебск, 210015. Сваю карэспандэнцыю вы можаце таксама накіраваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас па-польску: Redakcja Białoruska, Polskie Radio dla Zagranicy, skr. poczt. 46, 00-977 Warszawa, Polska. З намі можна вельмі апэратыўна зьвязвацца па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Дадатковы электронны адрас для непасрэднага кантакту са мною: dopis@tut.by.

Юрась Сьцяпанаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт