Logo Polskiego Radia
Print

Створаная анлайн-база беларускіх гістарычных могілак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.02.2013 12:58
  • nekropali.mp3
Аўтар niekropali.by Цімох Акудовіч кажа, што могілкі – гэта важныя помнікі нацыі.

У Інтэрнэце запрацаваў сайт niekropali.by, прысьвечаны гістарычным могілкам Беларусі. Задача стваральнікаў – перапісаць ці адфатаграфаваць усе пахаваньні на могілках да першай паловы ХХ стагодзьдзя. Хоць сайт працуе ўсяго месяц, на ім ужо сабраныя зьвесткі пра 800 магіл зь 10 розных могілак. Пра ідэю й яе рэалізацыю мы гутарым з аўтарам праекту Цімохам Акудовічам.

Цімох, як Вы ўвогуле патрапілі на такую ідэю – сабраць на адным сайце гістарычныя могілкі Беларусі?

/

Цімох Акудовіч: Розныя валянтэрскія ініцыятыявы, у якіх я ўдзельнічаў, летам выбіраліся на летнікі, і вельмі часта аб’ектам дасьледваньня станавіліся якраз могілкі. Прычына можа быць нават тэхнічная – ахоўваць сядзібы й замкі досыць складана, бо патрэбна шмат дакумэнтацыі, і гэта ня справа валянтэраў. Вось пачысьціць, прыбраць, апісаць могілкі – работа якраз для студэнтаў і школьнікаў. Зьявіўся цэлы каталёг могілак, якія былі апісаныя рознымі грамадзкімі ініцыятывамі, і мы дакладна ведаем, што такія апісаньні мясцовыя краязнаўцы ў сваіх вёсках і мястэчках робяць досыць часта. Яны бяруць сваіх дзяцей, школьнікаў, чысьцяць, апісваюць могілкі й пасьля кладуць гэта ўсё ў стол. І мы падумалі, што было б клясна стварыць плятформу ў Інтэрнэце, дзе ўся гэтая інфармацыя магла б разьмясьціцца. У нас усе бегаюць, клапоцяцца пра замкі й палацы, але гістарычныя могілкі – гэта таксама вельмі важная культурная й мастацкая каштоўнасьць і, у першую чаргу, гэнэалягічная інфармацыя. Стаіць гэтае намагільле ХІХ ст. каменнае, і, магчыма, гэта ўвогуле апошняя нагадка пра тое, што на гэтай зямлі жыў гэты чалавек.

Ці правільна я разумею, што крыніцы напаўненьня гэтага сайта могуць быць дзьве: сабраць напрацоўкі, што ўжо ёсьць, і арганізавацца, каб самім апісваць могілкі?

Цімох Акудовіч: Так, гэта вялікая агульная справа, бо такіх могілак – сотні. Адзін накірунак – гэта выцягваць інфармацыю з краязнаўцаў, прасіць дапамагчы яе разьмясьціць, а другая справа – самім арганізоўваць такія летнікі, ехаць, прыбіраць і перапісваць намагільлі.

На сайце задэкляравана, што Вы хочаце зьбіраць менавіта гістарычныя могілкі Беларусі – што Вы ўкладаеце ў гэты панятак?

Цімох Акудовіч: Ідэя была ў тым, каб захаваць тое, што цяпер разбураецца. Гэтыя намагільлі проста валяцца ў зямлю й паглыбляюцца ў яе напрацягу гадоў. Гэтыя намагільлі могуць і проста бульдозэрамі зьнесьці. Ідэя захаваць тое, што больш за ўсё пад пагрозай. Што такое гістарычныя могілкі… Мы для сябе прыдумалі абсалютна фармальную дату – 1950 год, гэта значыць, гістарычныя могілкі ХVІІІ, ХІХ ст. – і ўлучна зь першаю паловаю ХХ ст.

Якія могілкі ўжо патрапілі на сайт і якім спосабам?

Цімох Акудовіч: На дадзены момант амаль цалкам апісаныя й разьмешчаныя на сайце Гальшанскія могілкі, абсалютна тыповыя могілкі, але ХІХ ст.; могілкі каля вёскі Блонь, якія нам даслаў чалавек, які даведаўся пра сайт – ён даслаў 160 фотаздымкаў, цалкам адфатаграфаваўшы гэтыя могілкі. Кальварыйскія могілкі ў Менску зараз актыўна дадаюцца, Трышынскія могілкі ў Берасьці – праца толькі пачалася, вельмі вялікія могілкі. Рыхтуюцца й іншыя могілкі – людзі абяцаюць ў Магілёве выкласьці могілкі, калі Менскага мора цудам захаваныя могілкі... У прынцыпе, людзі вельмі актыўна адрэагавалі, болей за 20 чалавек з усёй Беларусі зьвярнуліся на сайт з прапановай дапамагчы.

Ці ёсьць у Вас сьпіс могілак, якія б Вы хацелі мець на гэтым сайце? Ці ёсьць у Вас нейкія інструкцыі для Вашых патэнцыйных валянтэраў-памочнікаў?

Цімох Акудовіч: Інструкцыі ёсьць, пакуль што досыць агульныя. Як самі набярэмся вопыту – расьпішам падрабязьней. Ёсьць канкрэтныя інструкцыі, як апісваць могілкі, што для гэтага трэба, якімі крыніцамі карыстацца. Ёсьць дзяржаўная сыстэма апісаньня, нейкія нашыя дадаткі… Наконт пажаданьняў – напрыклад, бліжэйшай вясной мы будзем Ракаўскія могілкі апісваць, а так мы хутчэй зыходзім зь ініцыятываў людзей на месцах.

Чаму асабіста Вам цікава й важна гэтым займацца?

Цімох Акудовіч: Банальная прычына – пакуль што гэтым у нас ніхто не займаецца. Такая навука, як некрапалістыка, у нас не разьвітая. Разбураецца тое, што зьяўляецца нашай вельмі важнай памяцьцю. За гэтым ніхто ня сочыць, і мы вырашыліся запоўніць гэты прабел.

Цімох Акудовіч распавядаў пра свой праект niekropali.by – інтэрнэт-базу беларускіх гістарычных могілак.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт