Logo Polskiego Radia
Print

13.04.1947 годзе ў ПНР пачалася “бітва за гандаль”

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.04.2013 08:00
  • 13.04.1947.mp3
Улады вырашылі зьнішчыць прыватныя крамы.

/

Пасьля ўсталяваньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы разгарнулася барацьба супраць “перажыткаў” капіталізму ў краіне. 13-га красавіка 1947 г. адбыўся пленум Цэнтральнага камітэту Польскай рабочай партыі, які вызначыў галоўныя накірункі рэформаў унутранага гандлю, якая павінна была ўсталяваць савецкую мадэль.

У гэтай мадэлі гандаль цалкам знаходзіўся ў руках дзяржавы. Гэтая рэформа й атрымала назву “бітва за гандаль”. Галоўным правадыром гаспадарчых рэформаў быў Хілары Мінц, міністар гандлю й прамысловасьці.

Мінц і вышэйшае кіраўніцтва прытрымліваліся ідэі ўсталяваньня дзяржаўнага кантролю над гэтымі ды іншымі сфэрамі, што зьяўляецца выражэньнем ідэй марксізму. Летам быў прыняты адмысловы закон пра барацьбу з дарагавізнай і высокімі даходамі ў гандлі. На падставе гэтага дэкрэту кожны ўласьнік крамы мог быць кінуты ў вязьніцу на 5 гадоў, альбо быць пакараны штрафам у 5 мільёнаў злотых за высокія, на думку ўладаў, цэны альбо заробкі.

Кантролем і рэпрэсіямі супраць прыватных гандляроў, прадпрымальнікаў і рамесьнікаў займалася спэцыяльная Каміся па барацьбе з эканамічным сабатажам і злоўжываньнямі. Гэтая камісія мела шырокія паўнамоцтвы. Яна магла накладаць штрафы, накіроўваць у вязьніцы, альбо лягеры, канфіскоўваць маёмасьць, прычым прыгаворы выносіліся па-за судом і без прысутнасьці абвінавачанага. Супраць прыватных гандляроў і гаспадароў уводзіліся дадатковыя падаткі, што прыводзіла да разбурэньня прыватнага сэктара. Таксама для “прыватнікаў” ускладняліся бюракратычныя працэдуры, для іх не было тавараў на складах, ігд.

Як вынік, прыватны бізнэс быў цалкам зьнішчаны. Толькі за 2 гады ад пачатку “рэформаў” колькасьць дробных гандляроў скарацілася са 134 тыс, да 78 тыс. Гэта прывяло да дэфіцыту тавараў, бясконцых чэргаў і да пагаршэньня якасьці тавараў і паслугаў.

Павал Усаў



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт