Logo Polskiego Radia
Print

Музэй пісанак (ФОТА, ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.04.2014 09:13
  • пісанкі.mp3
Запрашаем у адзіны ў Польшчы й другі ў сьвеце Музэй пісанак.

foto:
foto: wikipedia

Лічаныя дні засталіся да Вялікадня, і таму сёньня ў рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” – адпаведная тэма. У гарадку Цехановец, які разьмешчаны ў Падляскім ваяводзтве Польшчы, існуе Музэй сельскай гаспадаркі (такіх устаноў у Польшчы толькі дзьве). Фонды музэя налічваюць больш за 27 тыс. экспанатаў. Установа разьмешчаная ў палацава-паркавым комплексе, які некалі быў маёнткам багатай сям’і. Музэй – гэта ня толькі экспанаты, але й пабудовы. Напрыклад, на адкрытым паветры разьмешчаныя 43 гістарычныя сельскагаспадарчыя пабудовы, як сялянская гаспадарка, ветраны млын ды вясковая школа, лесьнічоўка, вадзяны млын, які, дарэчы, працуе, стайня ды іншыя аб’екты. Усе аб’екты – драўляныя. Штогод музэй наведвае 60 тыс. чалавек.
А вось у склад Музэю сельскай гаспадаркі ўваходзіць Музэй пісанак – адзіны ў Польшчы. Яго фонды налічваюць 1500 экспанатаў з усяго сьвету.
Фарбаваныя курыныя, страўсіныя яйкі, яйкі птушак калібры, а таксама яйкі каменныя, з агату ды іншых мінэралаў. Некаторыя яйкі ўнутры пустыя, каб не псаваліся. Прычым тэхніка фарбаваньня й ўпрыгожваньня – абсалютна розная: яйкі традыцыйна фарбаваныя ў шалупіньні цыбулі, іншых натуральных фарбах, упрыгожаныя каляровай паперай, аблепленыя рысам, макам ці каралікамі. Музэю ў Цеханоўцы калекцыю падарыла прафэсар Ірэна Стасевіч-Ясюкова з Польскай акадэміі навук. Яйкі яна пачала зьбіраць у 1969 годзе. Прычым пісанкі паходзяць ня толькі з Польшчы, але й з Украіны, Беларусі, Расеі, Чэхіі, Кітая, Палестыны, Грэцыі, Кубы ды іншых краін. Прафэсар Стасевіч-Ясюкова зьбірала сваю калекцыю на працягу 35 гадоў.

Цікава тое, што калекцыя пісанак у музэі ў Цеханоўцы – другая такога роду ў сьвеце. Першая была адкрытая ў Каламыі ва Ўкраіне.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт