Logo Polskiego Radia
Print

Балтыка летам: курорт Калобжэг (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.07.2014 09:17
  • Калобжэг.mp3
У рубрыцы "Запрашаем у Польшчу" працягваем вандроўку па ўзьбярэжжы Балтыкі.

Паважаныя радыёслухачы! У рубрыцы “Запрашаем у Польшчы” працягваем вандроўку па польскім узьбярэжжы Балтыйскага мора й сёньня распавядзем пра прыгожы польскі балтыйскі курорт Калобжэг.

Дарэчы, назву Калобжэг з польскай мовы можна перакласьці як “каля берага”, гэта значыць, горад каля берага. Першыя ўзгадкі ў пісьмовых крыніцах пра Калобжэг датуюцца 7-м стагодзьдзем. У 1255 годзе Калобжэг атрымаў гарадзкія правы. Ужо тады горад быў даволі моцным цэнтрам рыбалоўлі й гандлю. Цягам большай часткі сваёй гісторыі Калобжэг быў пруска-нямецкім горадам. У 1859 годзе горад атрымаў чыгуначнае спалучэньне са Шчэцінам і Гданьскам. У палове 19-га стагодзьдзя ў Калобжэгу пачалі адчыняцца санаторыі, бо навукоўцы адкрылі тут лекавыя воды. І з таго часу горад вядомы таксама як цэнтар санаторна-курортнага лячэньня. Пасьля прыходу Гітлера да ўлады жыхары Калобжэга падтрымалі фашыстаў, а сам фюрэр стаў ганаровым грамадзянінам Кольбэрга – гэтак на нямецкай мове гучыць назва гораду. У 1945 годзе падчас вызваленьня Калобжэга савецкімі й польскімі войскамі горад быў зьнішчаны ў 95%. На шчасьце, пасьля вайны большасьць старых будынкаў удалося адбудаваць і рэканструяваць. Дзякуючы гэтаму сёньня Калобжэг –прыгожы сярэдні горад з насельніцтвам каля 50 тыс. чалавек, вельмі зялёны й спакойны. І таму ён дасканала падыходзіць для адпачынку людзей, якія хочуць правесьці водпуск у спакойнай атмасфэры на беразе мора. Дарэчы, Калобжэг – гэта горад многіх культурных і мастацкіх мерапрыемстваў, якія перш за ўсё праходзяць тут летам. А калі ёсьць магчымасьць, то можна на дзянёк-другі накіравацца ў Данію, у тым ліку на прыгожы востраў Барнхольм, разьмешчаны пасярэдзіне Балтыкі. Справа ў тым, што паміж Калобжэгам і дацкімі портамі існуе некалькі паромных спалучэньняў.

У Калобжэгу пабудаваны найдаўжэйшы ў Польшчы жалезабэтонны пірс даўжынёй 220 мэтраў. Іншым характэрным гарадзкім будынкам, так бы мовіць, візіткай Калобжэга зьяўляецца маяк, узьведзены ў 1946 годзе на месцы старога, зьнішчанага падчас ваенных дзеяньняў. Дарэчы, аматарам гісторыі будзе цікава, што ў сакавіку 1945 году гітлераўцы абаранялі Калобжэг ажно два тыдні, стварыўшы ў горадзе надзвычай моцную лінію абароны. Пасьля жорсткіх баёў і шматлікіх сьмяротных ахвяр горад быў узяты войскамі Чырвонай Арміі ды сіламі польскіх дывізій.

Так што наведаць Калобжэг сапраўды варта, і асабліва ў летні час!

вс

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт