Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Слупск (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.08.2014 08:12
  • Слупск.mp3
З 1368 да 1478 года ў Слупску існавала Герцагства Памэранія-Штольп, якое нават біла сваю манэту.

У апошні час, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” мы зьдзяйсьняем падарожжы па польскаму балтыйскаму ўзьбярэжжы. Сёньня таксама застанемся ў гэтым рэгіёне Польшчы й наведаем горад Слупск. Праўда, Слупск разьмешчаны ў 18 км ад берага мора, але ён і так лічыцца балтыйскім горадам.
Насельніцтва Слупска складае каля 100 тыс. чалавек, гарадзкія правы ён атрымаў у 1265 годзе. Працяглы час горад уваходзіў у склад нямецкай дзяржавы й называўся Штольп.
Назва гораду паходзіць ад славянскага слова “столп” – слуп. Паводле гісторыкаў, тэрыторыя, дзе разьмяшчаецца горад, была падмоклай, і жылыя ды гаспадарчыя аб’екты будаваліся на ўбітых у зямлю слупах - адсюль і назва. Дарэчы, на кашубскай мове (кашубы - гэта польская этнічная група) горад называецца Столпск.
У сярэднявеччы горад часта мяняў дзяржаўную прыналежнасьць: быў альбо славянскім, альбо пад панаваньнем германскіх княстваў, у тым ліку ўваходзіў у склад некалі вядомага й багатага Герцагства Памэранія. А з 1368 да 1478 года ў Слупску існавала Герцагства Памэранія-Штольп, якое нават біла сваю манэту. Цягам гадоў горад меў узьлёты й падзеньні, якія прыходзіліся перш за ўсё на час войнаў.
Эканамічная сытуацыя горада значна палепшылася ў 19-м стагодзьдзі разам з разьвіцьцём прамысловасьці. Добрая каньюнктура й дынамічнае разьвіцьцё гораду спрыялі таксама разьвіцьцю Слупска. У 1870 годзе ў горад была пракладзена чыгуначная лінія, якая спалучыла яго з Гданьскам і Шчэцінам. У 1901 годзе была адкрытая новая ратуша, якая захавалася па сёньняшні дзень і ў будынку якой цяпер разьмяшчаюцца ўлады павету. У 1910 годзе на вуліцах зьявіўся першы трамвай. Важнай падзеяй для гораду было прыбыцьцё ў тым жа годзе ў Слупск імпэратара Вільгельма ІІ.
Падчас Першай сусьветнай вайны горад не пацярпеў. У 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя жыхары Слупска масава падтрымлівалі гітлераўскую партыю, а падчас “Крыштальнай ночы” 1938 года гітлераўскую баевікі зьнішчылі мясцовую сінагогу. У выніку баёў у 1945 годзе пацярпела перш за ўсё найстарэйшая частка Слупска. І менавіта з таго года горад увайшоў у склад Польшчы.
З 1975 да 1998 года горад быў адміністрацыйным цэнтрам Слупскага ваяводзтва. Дарэчы, Слупск – адзін зь нямногіх польскіх гарадоў, дзе ёсьць тралейбусы, якія возяць пасажыраў з 1984 года.
Нягледзячы на ваенныя падзеі, у горадзе захавалася шмат цікавых архітэктурных аб’ектаў, але асаблівай увагі заслугоўвае замак памэранскіх герцагаў, пабудаваны ў 1507 годзе. Ён прайшоў дэталёвыя рэстаўрацыі й сёньня знаходзіцца ў ідэальным стане.
А дабрацца ў горад можна без праблем па чыгунцы з Гданьска, бо з гэтай буйной аглямэрацыі ў Слупск ходзяць гарадзкія электрычкі.

Валеры Саўко

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт