Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Торунь (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.02.2015 19:40
  • Торунь.mp3
У 1991 годзе адзін з астэроідаў быў названы “12999 Торунь”.

Сёньня, шаноўныя слухачы, накіруемся ў радыёпадарожжа ў надзвычай прыгожы польскі горад. Гэта Торунь, разьмешчаны ў паўночнай частцы краіны на беразе Віслы. Насельніцтва гораду складае больш за 206 тыс. чалавек. Торунь разам з горадам Быдгашч зьяўляецца адным з двух адміністрацыйных цэнтраў Куяўска-Паморскага ваяводзтва. Город узнік вакол замка, заснаванага тэўтонскімі рыцарамі. Торунь зьяўляецца радзімай вядомага астранома Мікалая Капэрніка, тут працуе ўнівэрсытэт, названы яго імям, адзін з прэстыжных у Польшчы. Старая частка гораду ўнесеная ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. А некалькі гадоў таму стары горад трапіў у сьпіс Сямі цудаў Польшчы. Працяглы час Торунь уваходзіў у склад Прусіі й Нямеччыны й называўся Торн.

foto:
foto: wikipedia

У Торуні шмат паркаў, горад лічыцца адным з самых зялёных у Польшчы – паркі й зялёныя зоны займаюць 30% тэрыторыі горада.

foto:
foto: wikipedia

Стары горад сапраўды вельмі прыгожы й задбаны. Мне пашчасьціла пабываць у горадзе некалькі разоў і я быў захоплены архітэктурай і прыгажосьцю старой цэнтральнай вуліцы. Вельмі прыемна прайсьціся па прамэнадзе павольным крокам і палюбавацца старымі дамамі альбо проста сесьці ў адной з многіх кавярняў. Зразумела, п’ючы невялічкімі глыткамі каву альбо кактэйль. Калі ж пачалі гаварыць пра ласункі, то ва ўсёй Польшчы вядомыя торуньскія пернікі. Кожны, хто бывае ў горадзе, абавязкова вязе дамоў альбо ў падарунку сябрам торуньскія пернікі, якія выпякаюцца ў горадзе на працягу многіх вякоў.

foto:
foto: wikipedia

Усе ведаюць Пізанскую вежу, але мала хто чуў пра торуньскую Крывую вежу. Яна была пабудаваная ў другой палове ХІІІ стагодзьдзя й стала часткай абарончых збудаваньняў. Яе вышыня – 15 мэтраў. Вежа спачатку была простай, але зь цягам часу пясок пад ёй пачаў вымывацца, а яна – адхіляцца ад сваёй восі. Цяпер адхіленьне ад вэртыкальнай восі складае больш за 5 градусаў альбо паўтара мэтра.

foto:
foto: wikipedia

У Торуні вельмі шмат старых дамоў, некаторыя з 12-13 стагодзьдзяў, касьцёлаў і сабораў. Для турыстаў, якія цікавяцца архітэктурай, гэта сапраўдны рай! Дарэчы, Торунь – адзін з самых маладых польскіх гарадоў: пасьля Гдыні ён займае другое месца па прыросту насельніцтва.

foto:
foto: wikipedia

У Торуні існуе таксама Пернікавая алея зорак накшталт вядомай галівудзкай, толькі, зразумела, у меншым маштабе й значэньні. На ёй устанаўліваюцца подпісы вядомых палякаў, адлітыя ў бронзе. Дарэчы, спонсарам алеі зьяўляецца кандытарская фабрыка “Капэрнік”, галоўная прадукцыя якой – а як жа! – торуньскія пернікі.

foto:
foto: wikipedia

У 1991 годзе адзін з астэроідаў быў названы “12999 Торунь”, а вось у складзе польскай Пінская флятыліі, якая існавала з 1919 да 1939 года на тэрыторыі Беларусі, быў рачны манітор “Торунь”.

На галоўнай вуліцы Торуні стаіць скульптура – бронзавы асёл. Есьць павер’е, што, будучы ў горадзе, абавязкова трэба да яго дакрануцца, бо гэта прынясе шчасьце. Сардэчна запрашаю ў Торунь!

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт