Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Саколка (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.03.2015 09:23
  • Саколка.mp3
Праз Саколку праяжджае кожны, хто перасякае беларуска-польскую мяжу праз пераход “Брузгі”.

У рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” працягнем падарожжа па Падляшшы. І сёньня наведаем мястэчка, празь якое праяжджае кожны, хто перасякае беларуска-польскую мяжу праз пераход “Брузгі”. Гэта Саколка (Sokółka). У гэтым невялічкім гарадку пражывае каля 20 тыс. чалавек.

foto:
foto: wikipedia

Упершыню ў пісьмовых крыніцах Саколка ўзгадваецца ў 1524 годзе. Тады кароль польскі ды вялікі князь літоўскі Жыгімонт надаў сваёй жонцы Боне Гарадзенскую пушчу. У першай палове XVI стагодзьдзя тут існаваў вялікакняжацкі паляўнічы двор. З XVI стагодзьдзя Саколка - у Гарадзенскім павеце Троцкага ваяводзтва. У 1565 годзе ў Саколцы збудавалі драўляны касьцёл.

foto:
foto: wikipedia

А вось у 1609 годзе мясцовасьць атрымала Магдэбурскае права. У канцы XVIІ стагодзьдзя ў ваколіцах Саколкі пачалі сяліцца вайскоўцы-татары. У час паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі мястэчка стала месцам збору паўстанцаў Гарадзеншчыны. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Саколка апынулася ў складзе Прусіі, а з 1807 — у Расейскай імпэрыі, стаўшы цэнтрам павету. З 1842 года ў Гарадзенскай губэрні.

foto:
foto: wikipedia

Паводле ўмоваў Рыскай мірнай дамовы 1921 года гарадок увайшоў у склад міжваеннай Польшчы, зь лістапада 1939 года - у складзе Беларускай ССР - цэнтар Саколкаўскага раёна Беластоцкай вобласьці. Пасьля вайны зноў у складзе Польшчы. Вось так выглядае кароткі агляд гісторыі мястэчка.

foto:
foto: wikipedia

У 2009 годзе Саколка адзначала сваё 400-годзьдзе. З гэтай нагоды ў гарадку прайшло вялікае сьвята, а на канцэрце выступілі зоркі ня толькі польскай, але й эўрапейскай музыкі. А вось гарадзкія ўлады адчаканілі юбілейную мясцовую манэту, якую назвалі «сокалам».

foto:
foto: wikipedia

У Саколцы таксама пачынаецца гэтак званы Татарскі шлях па сьлядах татараў, якія пачалі сяліцца на польскіх землях на моцы ўказу караля Яна ІІІ Сабескага (гэта другая палова XVIІ стагодзьдзя). Узамен за верную вайсковую службу гэтаму каралю ды іншым польскім манархам татары атрымлівалі зямлю ды шляхецкія тытулы.

foto:
foto: wikipedia

Дарэчы, менавіта ў Саколцы здымаліся асноўныя сцэны да сучаснай польскай кінакамэдыі ў трох частках «У пана Бога за пазухай». А галоўнымі здымачнымі пляцоўкамі былі касьцёл сьвятога Антонія, пабудаваны ў 1848 годзе, ды царква сьвятога Аляксандра Неўскага, узьведзеная ў 1853 годзе. Праваслаўны храм быў пабудаваны для чыноўнікаў і жандараў, якія прыбылі ў Саколку ў сувязі з будаўніцтвам чыгуначнай лініі Санкт-Пецярбург – Бэрлін. Менавіта некалі Саколка была важным чыгуначным вузлом, празь які праходзілі цягнікі са сталіцы Расейскай Імпэрыі ў гарады Эўропы. А вось у міжваенны пэрыяд праз Саколку праходзілі цягнікі з Варшавы ў Горадню ды Вільню, які тады быў адным з важнейшых польскіх гарадоў. Мала таго, на трасе Варшава-Беласток-Горадня-Аўгустаў-Сувалкі курсаваў рэйкавы аўтобус «Люкстарпэда», які мог разьвіваць хуткасьць да 130 кілямэтраў на гадзіну. Так што некалі Саколка была важнай чыгуначнай станцыяй, цяпер жа яе значэньне значна ўпала.

foto:
foto: wikipedia

Калі ж казаць пра помнікі культуры й архітэктуры, то тут варта зьвярнуць увагу на гарадзкую гістарычную забудову канца XIX, пачатку XX стагодзьдзяў, мураваную каплічку з 1906 года, драўляны дом бацюшкі з 1880 года, камяніцы зь міжваеннага пэрыяду, а таксама згаданыя ўжо касьцёл ды царкву. Дарэчы, горадам-пабрацімам Саколкі зьяўляецца беларускае Іўе. А вось у Польшчы Саколка вядомая дзякуючы дзьвюм рэчам: вельмі смачным малочным вырабам, якія выпускаюцца на мясцовым заводзе, ды драўляным дзьвярам і вокнам, што вырабляе сакольская фабрыка. Адным словам, сябры, праяжджаючы праз Саколку, варта затрымацца хоць на кароткі час і бліжэй пазнаёміцца зь мястэчкам.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт