Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Люблін (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.05.2015 19:00
  • Люблін.mp3
У мінулым Люблін меў статус каралеўскага горада Кароны Польскага Каралеўства.

Сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” наведаем усходнепольскі горад Люблін. Насельніцтва гораду складае каля 350 тыс. чалавек. Люблін – адзін з важнейшых і прыгажэйшых гарадоў усходняй Польшчы, цэнтар Люблінскага ваяводзтва. Гэта найбольшы горад, разьмешчаны на ўсход ад ракі Вісла, якая цячэ з поўдня на поўнач і разьдзяляе краіну на амаль дзьве роўныя часткі. Горад займае 9-е месца па колькасьці насельніцтва. У мінулым Люблін меў статус каралеўскага горада Кароны Польскага Каралеўства. Гэта азначала, што горад разьмешчаны на зямлі, уладальнікам якой зьяўляецца манарх. Цікава таксама тое, што горад меў права прымаць удзел у выбары караля.

foto:
foto: wikipedia

Упершыню ў пісьмовых крыніцах мясцовасьць узгадваецца ў 1198 годзе. Магдэбурскае права горад атрымаў у 1317 году.
У XV-XVI стагодзьдзях горад перажывае росквіт дзякуючы гандлёвым шляхам з Чорнага мора ў заходнюю Эўропу. У 1569 годзе ў Любліне была падпісаная вядомая Люблінская ўнія.

foto:
foto: wikipedia

XVII стагодзьдзе - цяжкі пэрыяд у гісторыі горада. На хвалі агульнапольскіх міжнацыянальных і эканамічных канфлікаў занепадаюць знакамітыя люблінскія кірмашы. У 1630 годзе ў выніку эпідэміі чумы памірае 5 тыс. чалавек. Пасьля вайны з казакамі (1648—1650 гады) горад пакідае большасьць купцоў з Эўропы. У 1655 годзе Люблін спусташае расейска-казацкае войска, годам пазьней рабуюць швэды.
Пасьля трэцяга падзелу Польшчы ў 1795 годзе горад перайшоў да Аўстрыі, у 1815 годзе апынуўся ў складзе Царства Польскага пад расейскай уладай, у 1837 годзе Люблін — цэнтар губэрні.

foto:
foto: wikipedia

Насельніцтва горада ў 1873 годзе складала каля 29 тыс. чалавек, а праз 20 гадоў – ужо больш за 50 тыс. У 1877 годзе ў горад пракладзена чыгунка. Падчас Першай сусьветнай вайны пасьля расейскага адступленьня горад займаюць нямецкія й аўстра-вугорскія войскі. Такім чынам, летам 1915 года канчаткова завяршаецца пэрыяд расейскай улады ў Любліне.

foto:
foto: wikipedia

Ад лістапада 1918 года горад у складзе незалежнай Польшчы, цэнтар ваяводзтва. У 1918 годзе адчынены Люблінскі каталіцкі ўнівэрсытэт, які працуе па сёньняшні дзень. У 1939 годзе горад налічвае 120 тыс. жыхароў. Зь верасьня 1939 года да ліпеня 1944 года Люблін пад нямецкай акупацыяй. Нацысты стварылі тут канцэнтрацыйны лягер Майданэк, а таксама габрэйскае гета. Зь 23 ліпеня 1944 года Люблін на працягу 164 дзён быў сталіцай Польшчы.


У пэрыяд Польскай Народнай Рэспублікі адбылося імклівае разьвіцьцё Любліна: у 1944 годзе паўстае Ўнівэрсытэт імя Марыі Складоўскай-Кюры, пабудаваны шэраг прадпрыемстваў, напрыклад, завод грузавых аўтамабіляў ды авіязавод.
Сёньня Люблін – гэта дынамічны й малады горад, тут больш за 10 дзяржаўных і прыватных ВНУ. У горадзе – шмат музэяў, тэатраў ды іншых устаноў культуры, захавалася мноства помнікаў гісторыі й архітэктуры, напрыклад, Люблінскі замак ды вялізны Стары горад. Люблін – гэта месца правядзеньня шматлікіх фэстываляў і спартыўных мерапрыемстваў. Дарэчы, Люблін – адзін зь нямногіх польскіх гарадоў, дзе адным з асноўных сродкаў гарадзкога транспарту зьяўляецца тралейбус.
З 2001 году ў Любліна ёсьць мясцовасьць-блізьнюк - вёска Люблін у амэрыканскім штаце Вісконсін. А сярод 25-і гарадоў-партнэраў Любліна – беларускае Берасьце.

foto:
foto: wikipedia

У 2012 годзе ў горадзе быў адкрыты аэрапорт. Люблін утрымлівае рэгулярнае авіяспалучэньне з больш чым 10 эўрапейскімі гарадамі. Зь мясцовага аэрапорта таксама выконваюцца чартэрныя рэйсы.
вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт