Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: сьвятая гара Грабарка (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.05.2015 18:47
  • Грабарка.mp3
Гара зьяўляецца найбольшым месцам праваслаўнага культу ў Польшчы.

foto:
foto: wikipedia

Паважаныя радыёслухачы! У сёньняшняй рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” зьдзейсьнім радыёпадарожжа па Падляшшы, па Беласточчыне, і наведаем сьвятую гару Грабарку. Гара зьяўляецца найбольшым месцам праваслаўнага культу ў Польшчы й разьмешчаная каля аднайменнай вёскі. Гэта тэрыторыя, населеная беларускай нацыянальнай меншасьцю ў Польшчы.

foto:
foto: wikipedia

На гары Грабарцы знаходзіцца жаночы манастыр сьвятых Марфы й Марыі, заснаваны ў 1947 годзе, а таксама тры царквы, у тым ліку адна прыхадзкая. Цяпер у манастыры пражываюць 14 сясьцёр.

А гісторыя сьвятой гары Грабаркі вельмі цікавая й багатая. Польска-беларускі гісторык Антон Мірановіч лічыць, што пачатак сьвятога месца зьвязаны з культам цудадзейнай іконы Хрыста Збавіцеля, якой людзі пакланяліся ўжо ў ХІІІ стагодзьдзі. Згодна мясцовай легендзе падчас татарскіх набегаў манахі хаваліся з іконай у мясцовых лясах, пакуль ня трапілі на гару Грабарку, дзе й вырашылі спыніцца.

foto:
foto: wikipedia

Ёсьць таксама іншая легенда, у якой апавядаецца гісторыя жыхара мястэчка Сямяцічы. Некалькі стагодзьдзяў таму ваколіцы апанавала эпідэмія халеры, і тады мужчына нібыта пачуў голас Госпада, які яму падказаў, што ад хваробы мясцовыя жыхары змогуць выратавацца на гары Грабарцы, у падножжа якой б’е крыніца. Людзі ўцяклі на гару, выпілі ваду й хвароба іх абмінула. У тым жа годзе сяляне ў знак падзякі паставілі на гары драўляную капліцу. З таго часу вада з крыніцы лічыцца сьвятой. Людзі вераць, што яна лечыць ды дапамагае змагацца з рознымі хваробамі й балячкамі.

foto:
foto: wikipedia

Акрамя таго, вакол гары вернікі ставяць крыжы за сябе, сваё здароўе, блізкіх і сваякоў. Цяпер на гары проста лес крыжоў, прычым абсалютна розных: звычайных і разных, малых і вялікіх, тонкіх і тоўстых. Здараюцца таксама каменныя ды бэтонныя крыжы, пастаўленыя ў другой палове XIX ды ў ХХ стагодзьдзях. Цяпер на гары некалькі дзясяткаў тысяч крыжоў, таму часта Грабарку называюць гарой крыжоў.

foto:
foto: wikipedia

Паломнікі іх прыносяць на Праабражэньне Гасподняе 19 жніўня, якое на Грабарцы лічыцца найважнейшым сьвятам. Штогод у гэты дзень на гару прыбывае да 100 тыс. паломнікаў. Зь Беластока на гару Грабарку тры дні рухаецца крыжовы ход, павялічваючыся на шляху новымі пілігрымамі. А прыбыўшы на месца вернікі тройчы абыходзяць на каленях храм. Лічыцца, што традыцыя крыжовага хода жыве зь невялікімі перапынкамі больш за 200 гадоў. У жнівеньскіх мерапрыемствах удзельнічаюць таксама й вернікі зь Беларусі.

foto:
foto: wikipedia

Дарэчы, на гару Грабарку ладзяцца таксама нерэлігійныя экскурсіі з усёй Польшчы, у тым ліку й з Варшавы, таму што гэтае месца зьяўляецца фэномэнам у маштабе краіны.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт