Logo Polskiego Radia
Print

«Мой дзед быў парабкам у Цмока»

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2015 14:52
  • zmeeu_kamen.mp3
Віктар Патапаў апавядае неверагодную гісторыю з вёскі Гогалеўка.

/

Паміж Лепелем і Навалукам’ем ёсьць вёска Гогалеўка, дзе знаходзіцца ўнікальны помнік прыроды – Зьмееў камень. Гэта – адзін з найбольшых беларускіх валуноў, ён уключаны ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Зьмеевым яго завуць таму, што тут, паводле паданьня, жыў Цмок. Калі я сустрэўся зь мясцовым жыхаром Віктарам Патапавым і запытаўся, якія легенды зьвязаныя з гэтым Цмокам, Віктар Паўлавіч нават пакрыўдзіўся й адказаў: «Якія табе легенды! Мой бацька таго Цмока яшчэ памятаў!» Ды распавёў вельмі цікавую гісторыю. Найперш пра тое, што раней валун выглядаў як сапраўдны дом Цмока, меў вокны й дзьверы.

/

Паводле спадара Віктара, у жыцьці Цмок выглядаў як дужы асілак, які ў выпадку небясьпекі куляўся цераз сябе – і ў яго зьяўляліся крылы ды нечалавечая моц. Загінуў Цмок праз каханьне…

Як прыгадваў дзед спадара Віктара, Цмок быў бясшкодны й нават адзначыўся ў вайне з Напалеонам. Спадар Віктар сумуе, што раней тэрыторыю вакол каменя даглядала мясцовая школа, а цяпер там усё пазарастала. У памяць пра таго Цмока ў навакольлі й цяпер водзіцца вельмі шмат зьмеяў. А зьмяя, як вядома, родная сястра Цмока.

Пад канец спадар Віктар агучыў і зусім неверагодны факт. Ягонага дзеда, які пражыў 102 гады, Цмок на 2 гады забраў у парабкі, але за гэты час навучыў дасканала шыць, чым дзед і займаўся потым астатняе жыцьцё.

КАЛІ ЛАСКА, СЛУХАЙЦЕ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ У ДАЛУЧАНЫМ ГУКАВЫМ ФАЙЛЕ

Арцём Багданаў, Гогалеўка- Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт