Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Польшчу: Мендзыздрое (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.07.2015 18:54
  • Мендзыздрое.mp3
Найбольш вядомы й прасунуты польскі балтыйскі курорт.

Сёньня, сябры, у рубрыцы «Запрашаем у Польшчу» накіруемся на ўзьбярэжжа Балтыкі й наведаем вядомым курорт Мендзыздрое (Międzyzdroje). Гарадок разьмешчаны на заходняй мяжы краіны, на паўночным узьбярэжжы выспы Волін, побач з горадам Шчэцін. Адпачываючых прыцягваюць на курорт разьвітая курортная інфраструктура, гаючы мікраклімат, мінэральныя воды й суседзтва дзікай прыроды Волінскага нацыянальнага парку.

foto:
foto: wikipedia

Мендзыздрое былі заснаваныя ў 1186 годзе. У 1838 годзе тут былі ўсталяваныя першыя саляныя ванны, адкрыты гатэлі, рэстараны, забаўляльныя ўстановы, пабудаваны мол для ўваходу ў мора. З тых часоў горад мае славу выдатнага марскога курорта. Прычынай таму – камфортны клімат – самы мяккі на ўзьбярэжжы Балтыкі, – чыстае мора, выдатны пясчаны пляж. Ажно да самай вады месцамі падступаюць лясы, дзе ні дзе сустракаюцца маляўнічыя абрывы.

foto:
foto: wikipedia

Гарадок славіцца ў першую чаргу як санаторны курорт. У сваіх прафіляктычных курсах санаторыі часта выкарыстоўваюць мясцовыя мінэральныя крыніцы й лячэбныя гразі.

foto:
foto: wikipedia


Усяго на тэрыторыі Мендзыздрое разьмешчаны 9 гатэляў, больш за 60 прыватных пансіянатаў, вілаў і санаторыяў, 32 дамы адпачынку, 11 курортных цэнтраў розных профіляў і больш за 300 прыватных дамоў, кватэр і пакояў, якія здаюцца ў арэнду.

foto:
foto: wikipedia

Самы камфартабэльны й, прама скажам, нятанны гатэль – гэта Amber Baltic. Ён разьмешчаны ў парку, паблізу мясцовай Алеі Зорак і самага вялікага пляжу.
Дарэчы, менавіта ў Мендзыздрое штогод улетку праходзіць польскі Фэстываль зорак. І штогод на Алеі Зорак нехта зь вядомых асоб пакідае адбітак сваёй далоні. Якраз цяпер у гарадку праходзіць гэтае сьвята: сёлета фэстываль адбываецца з 1 да 4 ліпеня.


Мендзыздрое – гэта невялічкі гарадок. Яго пастаяннае насельніцтва складае каля 5,5 тыс. чалавек. Зразумела, што ў летнім сэзоне лічба жыхароў гораду павялічваецца ў разы дзякуючы турыстам і адпачываючым.
У Мендзыздрое захавалася вельмі шмат помнікаў архітэктуры й гісторыі, у тым ліку даваенныя вілы, пансіянаты й гатэлі. Гэта дзякуючы таму, што як Першая, так і Другая сусьветныя войны гарадок абмінулі. Дарэчы, дабрацца ў Мендзыздрое вельмі проста: са Шчэціна ў горад ходзяць гарадзкія аўтобусы.

foto:
foto: wikipedia

А ў 2004 годзе быў пабудаваны жалезабэтонны мол, які выходзіць у мора на 395 мэтраў. Адначасова ён зьяўляецца прычалам для невялікіх турыстычных суднаў.
вс


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт